Гандлёвая вайна: Украіна супраць усіх

Расейская Фэдэрацыя можа абкласьці дадатковым адмысловым мытам імпарт з Украіны шакаляду, вугалю і шкла ў адказ на ўвядзеньне Кіевам адмысловага мыта на імпарт аўтамабіляў, паведамляе агенцтва Reuters.

Расея накіравала ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА) паведамленьне, у якім заявіла, што ўкраінскі аўтамабільны падатак нанясе страты расейскаму экспарту аўтамабіляў на суму $328 млн, яшчэ $36 млн Расея не далічыцца ў выглядзе падаткаў.

Каб кампэнсаваць гэтыя страты, РФ пакідае за сабой права спаганяць мыта ў памеры 0.1 эўра за 1 кг ўкраінскага шакаляду, 15% — на імпарт шкла і 54% — вугалю.

У інфармацыі адзначаецца, што мыта можа ўступіць у сілу як толькі яно будзе ўзгодненае з мытным зьвязам, у які ўваходзяць таксама Беларусь і Казахстан.

"Паводле правілаў СГА, чальцамі якой зьяўляюцца Ўкраіна і Расея, пацярпелая краіна мае права ўвесьці зваротны падатак, каб пакрыць страты".
Паводле правілаў СГА, чальцамі якой зьяўляюцца Ўкраіна і Расея, пацярпелая краіна мае права ўвесьці зваротны падатак, каб пакрыць страты.

Турэччына ў рамках норм СГА ўжо зарэзэрвавала за сабой права з 12 ліпеня гэтага года абкласьці мытам ў памеры 23% імпарт украінскіх грэцкіх арэхаў ў якасьці меры ў адказ на абмежаваньне Ўкраінай імпарту аўтамабіляў. У паведамленьні, накіраваным чальцам СГА, Анкара удакладняе, што такое рашэньне ўжываецца ў рамках артыкула 8.2 Пагадненьня аб ахоўных мерах (Safeguards Agreement) гэтай арганiзацыi, які дазваляе ўводзіць кампэнсацыйныя мыты, калі бакі не змаглі дамовіцца. Паводле дадзеных агенцтва Bloomberg, гэта першы выпадак ўжываньня гэтага артыкулу ў гісторыі СГА.

Мяркуецца, што мыта будзе ўведзенае ад 12 ліпеня. Турэччына ўдакладняе, што імпарт украінскіх арэхаў ў 2012 годзе склаў $26.7 млн., што выводзіць на сумарнае мыта ў $6,1 млн. — гэта цалкам адпавядае сумарнаму мыту на імпарт турэцкіх аўтамабіляў, які ў мінулым годзе склаў $55 млн.

"Кіеў мае намер пераканаць Анкару адмовіцца ад такіх санкцый, аднак пакуль вынікі перамоваў невядомыя"

Кіеў мае намер пераканаць Анкару адмовіцца ад такіх санкцый, аднак пакуль вынікі перамоваў невядомыя.

Па дадзеных Reuters, акрамя Расеі і Турэччыны санкцыі ў адказ у дачыненьні да Ўкраіны могуць ужыць таксама Эўразьвяз, Паўднёвая Карэя і Японія. У прыватнасьці, Токіа плянуе абмеркаваць гэтае пытаньне на сустрэчы СГА ў бліжэйшы чацьвер.

Агенцтва спасылаецца на дыпляматаў, якія лічаць агрэсіўнымі паводзіны Ўкраіны, якая акрамя абмежаваньня імпарту аўтамабіляў таксама наклала вета на ўступ у СГА Емэна, аспрэчвае аўстралійскі закон пра абмежаваньні ў рэкляме тытуню і падрывае сыстэму СГА, патрабуючы шырокага перагляду сваіх тарыфных пазыцый.

Украіна з 14 красавіка ўвяла адмысловае мыта на імпарт у краіну новых легкавых аўтамабіляў аб’ёмам бэнзынавага рухавіка 1000-1500 куб. см у памеры 6,46% і 1500-2200 куб. см — 12,95% ў залежнасьці ад краіны паходжаньня і экспарту.

Паведамленьне пра гандлёвую вайну Ўкраіны з Расеяй і іншымі краінамі Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць Аляксея Плотнікава, украінскага эканаміста і палітыка, чальца Партыі Рэгіёнаў, дэпутата Вярхоўнай Рады двух папярэдніх скліканьняў.

Аляксей Плотнікаў

Плотнікаў: У свой час Украіна ўвяла мыта на ўвоз легкавых аўтамабіляў з малым аб’ёмам рухавіка — гэта машыны, аналягі якіх робяцца ва Ўкраіне. І натуральна што асноўныя пастаўкі такіх аўтамабіляў ішлі з РФ. Таму ў дадзеным выпадку Расея вырашыла ўвесьці меры ў адказ, але па іншым спэктры тавараў. Аналягічная пазыцыя і Турэччыны. Гэтая сытуацыя стандартная ў межах Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Тут няма нечага надзвычайнага. З пункту гледжаньня інтарэсаў Украіны было б добра, калі б ніхто ня ўводзіў супраць Украіны дадатковага загараджальнага мыта. Але гэта права Расеі — ўжываць меры ў адказ.

РС: Але Reuters піша, што меры ў адказ могуць зрабіць і Японія, і Эўразьвяз, і Паўднёвая Карэя. А Bloomberg паведамляе, што зварот Турэччыны да артыкулу 8.2 Пагадненьня аб ахоўных мерах СГА (Safeguards Agreement) — першы выпадак у гісторыі арганізацыі.

Плотнікаў: Я асабіста ня быў прыхільнікам таго, каб уводзіць мыта на імпартаваныя аўтамабілі. На жаль, адбылося адкрытае лябіяваньне інтарэсаў вытворцаў. Я не аматар прадукцыі Запарожскага аўтазаводу. Але адбылося тое, што адбылося. Сапраўды, гэта будзе прэцэдэнт, спэцыфічны выпадак у гісторыі міжнародных эканамічных стасункаў.