СТВ зьняў «Міс Мінск — 2013» з тэлепраграмы

Конкурс прыгажосьці. Ілюстрацыйнае фота

Згодна з праграмай тэлеперадач, конкурс, які абышоўся ў 230 тысяч даляраў, павінен быў трансьлявацца 6 ліпеня ў 20.10. Замест яго тэлеканал паказаў канцэрт «Алег Молчан зьбірае сяброў».
Разам з тым яшчэ напярэдадні прэс-сакратар СТВ Анастасія Савіцкая адмаўлялася адказваць на пытаньне, ці будзе трансьлявацца фінальнае шоў конкурсу.

А днём раней, 4 ліпеня, яна заяўляла, што праграма тэлеканалу СТВ у суботу застаецца бязь зьменаў. Савіцкая таксама адмовілася камэнтаваць інфармацыю пра тое, што 5 ліпеня на тэлеканале прайшла нарада з удзелам «Міс Мінск — 2013» Яны Канцавенкі, на якой вырашаўся лёс тытулу пераможцы. «Я пакідаю гэта без камэнтароў», — заявіла прэс-сакратар.

З сайту СТВ тым часам выдалена ўся інфармацыя аб праекце «Міс Мінск — 2013», а з сацыяльных сетак — старонкі, прысьвечаныя конкурсу.

Нагадаем, самую прыгожую дзяўчыну Менску выбіралі 27 чэрвеня. Карона пераможцы дасталася 21-гадовай студэнтцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Яне Канцавенцы. Адразу пасьля гэтага ў інтэрнэце зьявіліся яе фота эратычнага характару. Высьветлілася таксама, што некалькі іншых фіналістак конкурсу працуюць у сталічных начных клюбах стрыптызэркамі і go-go-танцоркамі.

Дагэтуль ніхто з арганізатараў конкурсу — а гэта тэлеканал СТВ, Менгарвыканкам і Нацыянальная школа прыгажосьці — афіцыйна не пракамэнтаваў скандал. На днях у інтэрнэце быў разьмешчаны відэаролік з кастынгу конкурсу, зь якога вынікае: арганізатары ведалі, што некаторыя дзяўчаты, якія прайшлі ў фінал, зарабляюць эратычнымі танцамі, і нават прасілі іх выканаць адзін з такіх танцаў падчас адбору.