Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэўся б Вацлаў Гавэл зь Міс Менску?


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Калі заробак той жа настаўніцы застаецца падставай для іроніі і анэкдотаў, калі ў грамадзтве запануе думка, што адзінае месца прыгожай жанчыны — на сцэне стрыптыз-бару, то гэта шлях у трэці сьвет.

Скандал вакол пікантных фотак «Міс-Менск» набірае абароты. Мяркую, за тыя некалькі дзён, пакуль мой блог будзе на сайце, улады вымушаныя будуць неяк адрэагаваць, і мы пачуем не адну навіну пра гэты скандальны конкурс. А пакуль, не апярэджваючы падзеі, мне хацелася б пагаварыць пра іншае, пра тое самае — сьлізкае, небясьпечнае — пытаньне, пра якое гаварыць даўно не прынята — пра мараль.

Як толькі ў прэсе зьявілася гарачыя фоткі Міс Менск, мне, напрыклад, стала адразу відавочна, што ў сацыяльных сетках зьявіцца натоўп яе абаронцаў. Гэта стабільная тэндэнцыя апошняга часу— як толькі распачынаецца дыскусія на маральныя тэмы, то адразу зьяўляюцца тысячы камэнтароў пад стандартнымі лёзунгамі — «ня бачу праблемы, чаму вас гэта хвалюе, гэта ж свабода, людзі робяць, што хочуць, нікому не перашкаджаюць».

Не баюся праслыць «непрагрэсіўным», але ня бачу нічога прывабнага ў тым, калі паўголая жанчына ляжыць на падлозе, і малазнаёмы чалавек пад бліскавіцы фатографаў ў прысутнасьці сотняў людзей зьлізвае вяршкі з яе аголеных грудзей. Па-мойму, гэта пошла і брыдка. Ну а калі наконт «нікому не перашкаджаюць», то чаму грамадзтва змагаецца з эксбіціяністамі. Стаяць сабе ў парку, паказваюць людзям свае органы, нікога ж не кранаюць!

Для мяне тут рэч ня толькі ў маралі, а ў — пошласьці, прымітыўнасьці таго «аграгламуру», што мы ўбачылі на здымках.

І калі людзі пішуць посты ў падтрымку гэтай пошласьці, то ў мяне знаходзіцца толькі адно тлумачэньне — яны падсьвядома баяцца выглядзець «непрагрэсіўнымі», «пурытанскімі», «ханжамі». Лепш падтрымаць лішні раз «свабоду» і голыя грудзі. Тады ты — якбы прагрэсіўны і якбы за свабоду выказваньняў.

Мне здаецца, што часта людзі не зусім разумеюць саму канцэпцыю свабоды. Калі мы выступаем за свабоду выказваньняў, дазваляем усе праявы чалавечай натуры (разумеючы, што яны могуць быць самымі рознымі, і не заўсёды станоўчымі) — гэта зусім не азначае, што мы павінны скасаваць свае стаўленьне да тых ці іншых зьяваў жыцьця. Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл заўсёды выступаў за максымальную свабоду прэсы. Але калі ён быў запрошаны на прэм’еру фільма «Народ супраць Лары Флінта» (пра выдаўца порначасопісаў), і даведаўся, што там будзе рэальны Флінт — абураны Гавэл пакінуў залю. Адна справа — выступаць увогуле за неабмежаваную свабоду прэсы (якая ўключае і парнаграфію, бо «Парнаграфія — гэта тая цана, якую мы павінны плаціць за свабоду друку»), і зусім іншае — выказаць сваё стаўленьне да канкрэтнага парнографа.

Хочацца, каб мы, як і Гавэл, захоўвалі разуменьне таго, што прымальна, а што гідка, што стыльна і што пошла, што прыкольна, а што прымітыўна. Урэшце — што добра і што кепска.

Дарэчы, некаторыя выказваньні па сьлядах Міс-скандалу даюць забаўны зрэз пэўных стэрэатыпаў масавай сьвядомасьці. Як выглядае, нямала беларусаў упэўненыя ў тым, што ўсе прыгожыя беларускія дзяўчыны і жанчыны проста абавязаныя імкнуцца быць мадэлямі альбо стрыптызэршамі. (Забаўна, дарэчы, як тут адлюстроўваюцца старажытныя ўяўленьні пра жаночую прыгажосьць як нешта грахоўнае і «нізкае»). Нібыта забываецца, што тысячы прыгожых жанчынаў працуюць дактарамі, артысткамі, настаўніцамі, бізнэсмэншамі, журналісткамі і гэтак далей. І не зьбіраюцца ісьці ў мадэлі не таму, што не хапае зьнешніх дадзеных, а таму, што маюць здольнасьці і таленты для іншых прафэсіяў.

На самой справе гэта ня так нявінна. Калі заробак той жа настаўніцы застаецца падставай для іроніі і анэкдотаў, калі ў грамадзтве запануе думка, што адзінае месца прыгожай жанчыны — на сцэне стрыптыз-бару, то гэта шлях у трэці сьвет.

На сайце 34mag ужо прагучала жорсткая, але даволі адэкватная ацэнка скандалу вакол конкурсу — маўляў, «які горад — такая і Міс». Менск стаў сталіцай сэкс-турызму, месцам, дзе замежніку прасьцей чым дзе зьняць дзяўчыну, таму і сымбалем гораду павінна стаць стрыптызёрша альбо тусоўшчыца начнога бару.

Дыягназ пастаўлены, але пытаньне ў тым, як мы на яго адрэагуем. Дыягназ, нагадаю — гэта сьведчаньне пэўнай хваробы. Мы можам сказаць — «што тут зробіш, няхай ідзе як ідзе» альбо — «Не, я буду змагацца за сваё здароўе».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG