Класкоўская заяўляе, што муж сам сабе парэзаў

Вольга Класкоўская

Сёньня ў Стакгольме пачаўся судовы працэс над імігранткай зь Беларусі Вольгай Класкоўскай. Яе абвінавачваюць у замаху на забойства яе былога мужа Гёкая Бэзгіна.
На працэсе прысутнічае журналістка Юлія Лапіцкі. Яна распавяла Радыё Свабода пра пачатак працэсу.

«У залі суду прысутнічае старшыня паседжаньня і трое сябраў судовай калегіі, Вольга, яе адвакат і дзьве перакладчыцы. Яны перакладаюць Вользе словы іншых удзельнікаў працэсу і, пэўна, будуць перакладаць яе словы. У залі суду няма ніякай клеткі, на руках у падсуднай няма наручнікаў, яна сядзіць на звычайнай лаве побач з адвакатам, дзьве ахоўніцы стаяць непадалёк, але ня побач. На судзе таксама прысутнічае былы муж Вольгі Гёкай Бэзгін, яго адвакат і пракурор.

Your browser doesn’t support HTML5

Як судзяць Вольгу Класкоўскую. Першы дзень




Пракурор Ганна Свэдын прадставіла суду матэрыялы справы. Яна, між іншым, сказала, што Вольга — апазыцыйная журналістка зь Беларусі, што яна ўдзельнічала ў пратэстах, што яе брат быў у турме за ўдзел у палітычнай маніфэстацыі. Таксама пракурор сказала, што Вольга шукала прытулку ў Польшчы ў 2006 годзе, потым — у Францыі ў 2007, у Нарвэгіі ў 2009, і ў 2010 годзе падала афіцыйную заяву на прытулак у Швэцыі.

Былі прадстаўленыя доказы — званок Гёкая ў хуткую дапамогу, фота нанесеных раненьняў: у грудзі, пры якім было закранутае лёгкае, у шыю і руку, калі ён спрабаваў абараніцца.

Паводле Гёкая, у ноч здарэньня ён прачнуўся ад таго, што Вольга пачала яго рэзаць, ён патэлефанаваў у хуткую і выклікаў паліцыю. Бок абароны кажа, што ўсё гэта было інсцэніроўкай, што Гёкай сам нанёс сабе гэтыя раны, што Вольга ў тую ноч прачнулася ад таго, што былы муж стаіць над ёй з нажом і ўвесь акрываўлены.

Бэзгін правёў у шпіталі два дні, раны не пагражалі яго жыцьцю.

Пасьля таго, як пракурор прадставіла галоўныя матэрыялы справы, адвакат Бэзгіна падкрэсьліў, што яго кліент сам прапанаваў Класкоўскай вярнуцца да яго, каб маці мела магчымасьць быць зь дзіцем. Гёкай патрабуе ад Вольгі грашовую кампэнсацыю памерам 13 тысяч эўра ў эквіваленце. Яны зрабілі каштарыс за фізычную шкоду, а таксама за мэдычную дапамогу, за лекі і нават за хімчыстку запэцканай крывёй курткі.

Адвакат Класкоўскай падкрэсьліў, што яго падабаронная — вядомая апазыцыйная журналістка зь Беларусі, што сацыяльныя службы ня мелі права адбіраць у Класкоўскай дзіця. Абаронца нагадаў, што Вольга абвінавачвала былога мужа ў пабоях і згвалтаваньні, хаця справа была спыненая з-за недахопу доказаў.

Адвакат таксама папракнуў пракурора, што факты абвінаваўчага заключэньня былі выключна на карысьць Бэзгіна».

Працяг асьвятленьня справы Вольгі Класкоўскай — пазьней на нашым сайце.