Уладам так і не ўдалося задушыць ліцэй. 10 гадоў ліцэй існуе ў «паўпадпольным» рэжыме і за гэты час узгадаваў сотні носьбітаў беларушчыны.
У дзень, калі ліквідавалі ліцэй, мы з купкай ліцэістаў і з гвазьдзікамі ў руках стаялі ў кілямэтровай чарзе да Дому літаратара, дзе адбывалася разьвітаньне з Васілём Быкавым. За некалькі дзён да сьмерці Быкаў рашуча выказаўся ў падтрымку абаронцаў ліцэю, сказаўшы, што ў гэтым працяг антыбеларускай палітыкі ўладаў, а змаганьне за ліцэй — гэта найперш змаганьне за мову.
А змаганьне, якое перарасло ў мікравайну, пачалося за месяц да гэтага. 28 траўня мы, 15-17 гадовыя ліцэісты, вярнуліся з Дня здароўя, які традыцыйна праводзіцца ў Зялёным пад Менскам. Нечакана нам паведамілі, што міністэрствам нам прызначаная новая дырэктарка Тамара Шчарбацэвіч. Савецкай знешнасьці жанчына, яна зь імпэтам тады ўзялася за справу, засела ў кабінэт, пачала пагрозамі і абяцаньнямі схіляць выкладнікаў на свой бок. Па-беларуску гаварыць яна ня ўмела: «У нас же двуязычие!». Калі ж выкладнікі і бацькі гуртам пайшлі да яе ў кабінэт, тая схавалася ў шафе і пагражала выклікаць АМАП. Праўда, абараняць яе прыехаў не АМАП, а міністар адукацыі Пётар Брыгадзін на чорным мэрсэдэсе, які, зрэшты, таксама ня змог нічога зрабіць.
Адыёзная Шчарбацэвіч сышла. Міністэрства зразумела, што «перавыхаваць» ня ўдасца. Тады ліцэісты, бацькі, выкладнікі праявялі цьвёрдасьць. А што ня гнецца, то ламаецца. На дырэктара Уладзіміра Коласа па дарозе дадому быў зладжаны напад, але яму ўдалося адбіцца. Гэтак яны пужалі. Празь месяц ліцэй быў фармальна зьліквідаваны, будынак адабраны, выкладнікі звольненыя, ліцэісты выкінутыя на вуліцу.
Усё гэта нагадвала рэйдэрскі захоп ці пераварот, падобны на той, які ў 1995 суправаджаўся разгонам Вярхоўнага Савету, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Нездарма Лукашэнка назваў ліцэй «гняздом апазыцыі». Праўда, у 2003-ім нам, 15-гадовым, усё здавалася забаўнейшым, больш падобным на перацягваньне канату ў Зялёным. Вядома, гэта была вайна бяз шанцаў на перамогу. Ня ўсьведамляючы рызыкі, мы ўдзельнічалі ў ёй без анікаліўца ваганьня. Ладзілі пікеты на Кастрычніцкай плошчы, штурмавалі будынак, загрызаліся з АМАПам. Чыноўнікі, бачыўшы нас, уцякалі, а спэцназаўцы не маглі нічога зрабіць: «Ну ня біць жа дзяцей!» Адзін зь іх тыцнуў пальцам у плякат з партрэтам Якуба Коласа: «А дзе этат ваш начальнік, Якуб Колас. Мы хацім с нім пагаварыць?»
Усё лета мы ладзілі пад будынкам ліцэю варту. Пакуль не прыехаў аўтазак са спэцназам. У той час мы памылкова сакралізавалі будынак па вул. Кірава 21, насамрэч гэта была толькі нежывая абалонка. Праз тры гады ў пакоі, дзе раней быў кабінэт геаграфіі, мяне судзілі і пакаралі 10 суткамі арышту. У будынку ліцэю зрабілі суд: на месцы сталоўкі — клетка для арыштантаў, у кабінэце інфарматыкі — пакой для допытаў.
Пасьля публікацыі антыліцэйскага пасквілю ў «Советской Белоруссии» мы зь ліцэістамі хадзілі да Якубовіча. Той наліваў нам гарбату з пазалочанага імбрычка, цытаваў Салтыкова-Шчадрына, прыязна ўсьміхаўся, а на наступны дзень апублікаваў чарговы гебельсаўскі агітматэрыял.
Не здаваліся. Амаль штодня выходзілі на акцыі ў цэнтар Менску. У нас забіралі плякаты, мы рабілі новыя. Нас выціскалі з Кастрычніцкай плошчы, мы станавіліся насупраць ГУМу. Сьпявалі ліцэйскія песьні. За тое лета 2003 году мы запісалі дыск песень «Я люблю Ліцэй», пасьля «Партызанскую школу», нават езьдзілі на гастролі ў Польшчу. Песьні «Партызанскай школы» гучалі на плошчы 2006 і 2010 году. Ды што на Плошчы! Я чуў, нейкія школьныя калектывы сьпявалі ліцэйскія песьні ў эфіры дзяржаўнага СТВ. Што цяпер, празь 10 гадоў, з тымі ліцэістамі? Вучацца, працуюць, змагаюцца... Рытм-гітарыст Віталь Зыблюк — рэдактар Эўрарадыё. Вакалістка Воля Какшынская — галоўны рэдактар часопісу Lady.tut.by. Наш сола-гітарыст Зьміцер Лаеўскі быў адвакатам Бяляцкага.
1 верасьня 2003 пачаліся заняткі. Мы сядзелі на драўляных самаробных лавачках насупраць будынка ліцэю, каля ўваходнай брамы на стадыён «Дынама». У той дзень нам пашанцавала: у нас выкладаў сам Лявон Вольскі.
Падчас урачыстай ліноўкі мы супольна прынялі прысягу, якая адрозьнівалася ад той, якую мне давялося прымаць празь пяць гадоў у Баранавічах:
Мы, навучэнцы, бацькі, выкладчыкі й сябры ліцэю, у гэты складаны для ўсіх нас час, прысягаем быць вернымі і адданымі нашаму Ліцэю. Мы прысягаем змагацца за свае правы, за свой гонар і за наш ліцэй.
Мы прысягаем аддана служыць і працаваць дзеля ліцэю, Беларусі і беларускай мовы.
Мы верым, што ліцэй — бясцэнны агмень беларушчыны, які мы прысягаем берагчы і захаваць для нашых дзяцей і ўнукаў!
Прысягаем клапаціцца, каб на нашай Бацькаўшчыне большала такіх установаў, як Ліцэй, каб ён заняў пачэснае месца ў адукацыі Беларусі й сьвету.
Я і сёньня падпішуся пад кожным словам.