Чаго мы баімся? Адказваюць вядомыя беларусы

Выява www.shutterstock.com

Адказнасьці, камунікацыі зь іншымі людзьмі, кітайцаў і расейцаў, вайны, эканамічнага крызісу — вось чаго баяцца беларусы на думку нашых рэспандэнтаў. А чаго баіцеся вы?
Паводле амэрыканскіх дасьледнікаў, найбольшымі міжнароднымі пагрозамі людзі ў сьвеце лічаць глябальныя зьмены клімату і міжнародную фінансавую нестабільнасьць. Аднак паказьнікі даволі істотна адрозьніваюцца ў розных рэгіёнах сьвету. У Эўропе 63% лічаць галоўнай пагрозай міжнародную фінансавую нестабільнасьць, у Італіі такую думку маюць тры чвэрці апытаных, а ў Грэцыі — ажно 95%. Апытаньне ў Беларусі не праводзілася.

Радыё Свабода распыталі вядомых людзей, чаго, на іх думку, баяцца беларусы.

Тацяна Равяка

Праваабаронца Тацяна Равяка лічыць, што на працягу доўгага часу беларусы ня мелі самастойнасьці, таму цяпер найбольш баяцца браць на сябе адказнасьць за прынятыя рашэньні, імкнучыся дэлегаваць гэтую адказнасьць каму б там ні было:

«Беларусы больш за ўсё баяцца адказнасьці, якая ўзьнікае ў выніку свабоды, адказнасьці, якая ўзьнікае пры неабходнасьці прымаць рашэньні. І таму прыманьне рашэньняў беларус дэлегуе ўладзе. Відаць, таму, што баіцца самастойнасьці. Можа, гэта такі гістарычны страх, таму што ўвесь час гэтай самастойнасьці не было, беларусы былі то ў адных, то ў іншых дзяржаўных утварэньнях, то з аднаго боку іх тапталі, то зь іншага. Жаданьне самавыжываньня трансфармавалася ў страх самастойнасьці. Быць самастойным і прымаць рашэньні — асноўны страх беларусаў».

Аляксандар Памідораў

Салідарны з праваабаронцай рок-музыка Аляксандар Памідораў, які поруч са страхам свабоды і адказнасьці адной з фобіяў беларусаў лічыць таксама боязь камунікацыі зь іншымі людзьмі:

«Беларусы баяцца адказваць за свае дзеяньні і словы. Беларусы баяцца камунікаваць зь іншымі людзьмі. Чаму? Можа, таму, што лічаць сябе самымі разумнымі. Гэта маё прыватнае меркаваньне. Але яно, на жаль, часта пацьвярджаецца, бо калі ў іншай краіне ты трапіў у нейкую сытуацыю, дапаможа хто заўгодна, толькі ня свой беларусік. Яшчэ беларусы баяцца праўды, асабліва пра сябе. Крыўдзяцца, абураюцца. Гэта, вядома, вынік вынішчэньня самасьвядомасьці, цкаваньня нашага народу на працягу 3–4 стагодзьдзяў. Беларусы баяцца свабоды, вольнага слова, нестандартных дзеяньняў. Але гэта ўсё ўкладаецца ў слова „адказнасьць“, бо свабода — гэта ў першую чаргу адказнасьць».

Андрэй Дзьмітрыеў

Палітык Андрэй Дзьмітрыеў кажа, што найстрашнейшае для беларусаў — гэта калі на іх зямлю прыходзяць чужыя паны. Таму цяпер беларусы баяцца навалы з боку кітайцаў і расейцаў:

«Я лічу, што беларусы больш за ўсё баяцца кітайцаў і расейцаў. Таго, што яны могуць прыехаць і стаць у Беларусі панамі. Больш за ўсё баяцца новых паноў. Беларусы хочуць жыць у сваёй краіне, сам-насам з сабой. А старых паноў мы выгналі пасьля сканчэньня БССР. Цяпер у Беларусі ёсьць толькі свае паны. Яны, мабыць, дрэнныя, і гэта вялікая праблема, але яны свае. Абагульняючы, можна сказаць, што беларусы больш за ўсё баяцца зьнешняга навакольля, якое можа прыйсьці ў іх кола, іх жыцьцё. Прыйсьці са сваімі правіламі, працэдурамі, культурай. Вось такога ўмяшаньня беларусы баяцца больш за ўсё. Беларусы хочуць жыць у сваёй агароджанай краіне. Таму прыяжджайце турыстамі, але не заставайцеся тут жыць».

Мікалай Чаргінец

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец лічыць, што раней беларусы дужа баяліся вайны, а цяпер — каб не пагоршыўся эканамічны стан, заробак ня зьнізіўся менш за 500 даляраў і каб дзеці паступалі ў ВНУ:

«Трэба сказаць, што слова „баяцца“ трохі недарэчнае, бо цяпер жа не вайна, каб баяцца акупантаў. Вядома, нейкія пытаньні хвалююць і мучаюць беларусаў. Як правіла, асьцерагаюцца чаго? У эканамічным пляне — каб не пагоршыўся стан. І гэта зразумела, трэба карміць сям’ю, дзяцей. Асьцерагаюцца таксама таго, каб не пагоршыўся стан вакол Беларусі з пункту гледжаньня палітычнага ціску, які заўсёды ўплывае на эканоміку, сацыяльныя пытаньні. Калі ў беларусаў ёсьць дзеці, то яны баяцца, што тыя не паступяць у ВНУ. Сказаць пра нешта адно агульнае, чаго ўсе разам баяцца, — такога ў нас няма. Што б ні казалі, цяпер мы выйшлі на 500 даляраў, хоць раней сьмяяліся з гэтага, ня верылі, што такое будзе. Зараз трэба працягваць далейшае эканамічнае разьвіцьцё і сацыяльную абарону людзей. Пасьля вайны баяліся ўсе вайны, цяпер усё разумеюць, што вайна Беларусі не пагражае, таму кожны баіцца чагосьці свайго».

Алесь Пушкін

А вось мастак Алесь Пушкін ня згодны са спадаром Чаргінцом і перакананы, што асноўным страхам беларусаў застаецца вайна, бо старое пакаленьне памятае Другую ўсясьветную, а маладое — бачыць, як разгортваюцца ваенныя падзеі на Блізкім Усходзе.

«Вайны баяцца. Я думаю, што старое пакаленьне яшчэ помніць той жах. А мы, маладыя, аналізуючы, напрыклад, арабскія падзеі, разумеем, што калі будуць нейкія сацыяльныя забурэньні, то ня трэба будуць ні карціны, ні спэктаклі. Я мяркую, што ў Сырыі цяпер ні прэм’еры, ні фэстывалі, ні выставы сучаснага жывапісу, ні пэрформансы не адбываюцца. Бо там 40 тысяч загінулых цягам гэтай калатнечы. Таму, вядома, найпершая фобія беларусаў — гэта вайна. Яна застаецца актуальнай».

Уладзімір Арлоў

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў лічыць, што цяпер існуе дзьве Беларусі, для якіх характэрныя розныя страхі і розныя мары. У адной — сапраўды баяцца за заробкі і пэнсіі, а ў той, дзе жыве літаратар, трывожацца за шлях, на які ўцягваюць Беларусь эўразійскія структуры на чале з Расеяй:

«Я думаю, што беларусы — гэта вельмі шматслойны пірог, у якім ёсьць і нэандэртальцы, і людзі ўжо 22-га стагодзьдзя. Кожны баіцца свайго. Я зыходжу з таго, што цяпер існуе прынамсі дзьве Беларусі, у кожнай сваё ўяўленьне пра гісторыю, свае мары пра будучыню, свая сымболіка, свая мова, свой саюз пісьменьнікаў, сваё прафэсійнае аб’яднаньне журналістаў, свой саюз палякаў. Гэты раскол, які існуе ў беларускім грамадзтве, не дазваляе адназначна сказаць, чаго баіцца сярэдні беларус, таму што ў адной Беларусі баяцца аднаго, у другой — іншага. Тая Беларусь, да якой належаць мае аднадумцы, не баіцца, але знаходзіцца ў вялікай трывозе ў сувязі са стварэньнем усіх эўразійскіх структураў на чале з Расеяй, куды ўпарта цягнуць Беларусь. Гэта галоўная трывога, бо ад вэктару, ад шляху залежыць урэшце само існаваньне Беларусі як дзяржавы, само існаваньне беларускай культуры, мовы, нацыі».