Страйкаваць ці не? На рынках няма еднасьці

Грамадзкае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» абвясьціла пра аднадзённы папераджальны страйк, які мае адбыцца 27 чэрвеня.
Дробныя бізнэсоўцы пратэстуюць супраць новых правілаў гандлю паводле ўмоваў працы ў Мытным зьвязе. Перадстрайкавы настрой пануе, аднак, не на ўсіх рынках краіны.

Падставай для напружанасьці ў шэрагах дробных бізнэсоўцаў сталася неабходнасьць афармляць сэртыфікаты якасьці на гандаль таварамі лёгкай прамысловасьці. Працэдура ня толькі доўгая, але і дарагая, што чарговы раз паставіць дробны бізнэс на мяжу выжываньня. Яе можна было б спрасьціць, але беларускія ўрадоўцы ў гэтай сытуацыі шукаюць найбольшай выгады для сябе, кажа намесьнік старшыні «Пэрспэктывы» Вячаслаў Піліпук:

«Усё як заўсёды: цяпер мы бачым сытуацыю ў краіне, што на складах вялікія таварныя запасы, адпаведна — грошай няма, і вось шукаюць усе магчымыя шляхі, каб іх атрымаць, гэтыя грошы. У выніку — прадпрымальнікі адчуваюць сябе падманутымі і пакрыўджанымі, давер да ўлады падарваны. Натуральна, што гэткі крок нельга было рабіць ні ў якім разе».

Патрабаваньне сэртыфікацыі тавараў адносіцца да ўмоваў працы ў Мытным зьвязе і мае ўступіць у дзеяньне сёлета, 1 ліпеня. Аднак напярэдадні гандляры заявілі пра адмову плаціць падаткі, і ўлады пайшлі на саступкі: адтэрмінавалі ўвядзеньне новых правілаў на год. Чальцы «Пэрспэктывы» не давяраюць абяцанкам і рыхтуюцца да агульнабеларускага папераджальнага страйку, а таксама маюць намер правесьці вулічныя маршы. Аднак гэтыя настроі падзяляюць ня ўсе прадпрымальніцкія арганізацыі і рухі. Гаворыць сустаршыня руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Аляксандар Таўстыка:

Аляксандар Таўстыка

«На „Ждановічах“ сытуацыя ў людзей, якія гандлююць адзежай, абуткам — спакойная, ніякіх такіх настрояў, думак ці размоваў страйкаваць няма. Я прайшоўся па „Сьвеце моды“, пагутарыў зь людзьмі — шмат хто набывае тавары ў Расеі, мае сэртыфікаты, і ў іх не паўстае такога пытаньня. Таму ніякага страйку ня будзе. Але страйк распачнецца тады, калі будуць нейкія праверкі, штрафы ці патрабаваньні. Але чаго муціць ваду, калі нічога такога не было?»

Тым часам аднадзённы папераджальны страйк ужо прайшоў у Віцебску, Пінску і Горадні. Гатовыя падтрымаць заклікі «Пэрспэктывы» гандляры Барысава і іншых гарадоў. Чым патлумачыць розныя пратэстныя настроі гандляроў? Гаворыць актывіст прадпрымальніцкага руху з Барысава Міхаіл Васільеў:

Міхаіл Васільеў

«Калі ў прадпрымальнікаў усё добра, калі іх ніхто не чапае, то іх не чуваць і не відаць. Яны нібыта і ня бачаць, што вакол адбываецца. Але калі іх чапляюць за жывое, то зьяднанасьць у прадпрымальнікаў вельмі сур’ёзная. Гэтак у Барысаве рынкі 27-га будуць страйкаваць, а гандляры ня выплацілі падаткі. Гэта значыць, што калі ніякіх станоўчых зьменаў з боку ўраду ня будзе, то ў ліпені гандляры ўжо ня будуць працаваць. Нашы ўлады, пэўна, нейкае рашэньне паспрабуюць знайсьці, бо напружанасьць вельмі сур’ёзная».