Код адсутнасьці Сьвятланы Алексіевіч

Севярын Квяткоўскі

Кася Камоцкая аднойчы распавяла:

– Мяне дачка зарэгістравала на «Аднаклясьніках». І мяне адразу знайшоў былы вучань маёй школы – даўно жыве ў ЗША.

Кася зьдзівілася, калі ў лісьце прачытала, што «вельмі моцна паўплывала на лёс» свайго школьнага прыяцеля:

– «Я цябе слухаў па радыё «101,2 FM», – пераказвала Кася, – апошні эфір перад закрыцьцём станцыі ў 1996. Блізка да самага фіналу загучала песьня «Людзі на балоце», і я раптам вырашыў – усё! Трэба зьяжджаць!».

***
Сьвятлану Алексіевіч на Захадзе ведаюць, а Касю Камоцкую – не. Як ня ведаюць аўтараў вершаў, якія выконваў Касін гурт «Новае Неба».

Філёзаф Валянцін Акудовіч – адзін зь вялікіх прыхільнікаў гурта. Ягоную кнігу «Код Адсутнасьці» таксама ня ведаюць у Заходняй Эўропе.

Што францускі ці нямецкі аматар інтэлектуальнай літаратуры мусіць перажыць, каб прачытаць ці паслухаць, і прасякнуцца тэкстамі песень «Новага Неба» з назвамі «Людзі на балоце», «Мая краіна», «Падводнае гета», «Чаканьне Калядаў»?

Ці – не адарвацца ад тэкстаў Валянціна Акудовіча «Ідэя Адражэньня», «Мова (Знак бяды)», «Беларусь як прастора сакральнага», «Межы Айчыны і мовы»?

***
Сьвятлана Алексіевіч дае чытачу жах і несправядлівасьць у тых форме і маштабе, якіх ніколі не было ў Заходняй Эўропе.

Жах і несправядлівасьць Другой сусьветнай, якія ў большай ці меншай ступені ведаюць у кожнай беларускай сям'і проста ад відавочцаў.

Жах і несправядлівасьць вайны ў Аўганістане, пачутыя ад удзельнікаў падзеяў у дварах на лавачках, у калегаў па вучобе ці рабоце.

Жах і несправядлівасьць Чарнобыля, пра якія мы на пачатку дазнаваліся з вуснаў у вусны, а пасьля шырока праз СМІ.

Жах і несправядлівасьць – як сталы фон жыцьця ў савецкай, а пасьля постсавецкай сыстэме.

Жах і несправядлівасьць, ад якіх зьехаў аднаклясьнік Касі Камоцкай, калі пабачыў, што пасьля кароткай перадышкі ўсё зноў вяртаецца на свае колы.

Той перадышкі, калі зьявіўся гурт «Новае Неба» сярод мноства творчых ініцыятываў.

Тых творцаў, якія працягваюць дзень за днём будаваць сваю прастору, дзе няма месца жаху і несправядлівасьці, а толькі – свабодзе і любові.

***
Неяк я вандраваў у адной байдарцы з Валянцінам Акудовічам. Камандзе зь некалькіх чаўноў трэба было трапіць з возера Нарач у рэчку Нарачанку.

Уваход у раку быў шчыльна зарослы трысьнягом. Наша – першая – байда літаральна прасякала шлях наперад. Больш за гадзіну няспыннай працы. Так сталася, што самы старэйшы з усіх – Валянцін Акудовіч – зрабіў найбольшы кавалак работы.

Пазьней, калі стомлена-радасныя мы паціху пачыналі ісьці па вольнай вадзе ракі, Валянцін стаўся самым апошнім. Па старой сваёй звычцы замыкаў ар'ергард, зрабіўшы на карме байдаркі падабенства трону з заплечніка і дыванка.

Я быў пасярэдзіне, а на носе кіравала тэоляг Ірына Дубянецкая. Задача першага ў байдзе – пільнаваць карчы, завалы ды іншыя небясьпечныя перашкоды на шляху вандроўнікаў. А галоўная рулявая цяга, якая дае магчымасьць максымальна хутка разьвярнуць човен, знаходзіцца ў вясьле капітана на карме.

***
Менавіта Сьвятлана Алексіевіч, а не Валянцін Акудовіч – амбасадар Беларусі ў Заходняй Эўропе. Пісьменьніца-дакумэнталістка рэпрэзэнтуе позьнедысыдэнцкую савецкую думку.

Сьвятлана Алексіевіч ня толькі фізычна даўно адсутная ў Беларусі. Ад пачатку сваёй дзейнасьці і да сёньня яна мэнтальна жыве ў позьнім СССР, перажывае і пераасэнсоўвае людзей, якія і думаць ня думалі пра будаваньне чагосьці іншага, апроч уласнага жыцьця ў савецкай рэальнасьці. А на Захадзе пакуль ня бачаць прынцыповых цывілізацыйных зьменаў з боку большасьці былых савецкіх рэспублік.

Як можна пабачыць размовы беларускіх нацыянальных дысыдэнтаў пра новую меркаваную беларускую рэальнасьць на кухнях, у кавярнях, ці, напрыклад, падчас вандровак на байдарках?

Сп-ня Алексіевіч ня можа быць расейскай ці беларускай пісьменьніцай. Яна савецкая пісьменьніца, чыя творчасьць будзе актуальнай роўна столькі, колькі на тэрыторыі былога СССР будзе існаваць дысыдэнцкая інтэлектуальная апазыцыя пост/савецкай сыстэме.

Гэта прыблізна да таго часу, калі кожны беларускі школьнік будзе ведаць верш «Мая краіна» і кнігу «Код Адсутнасьці».

***
– Корч, корч! – закрычала Ірына Дубянецкая.

– Так, – задуменна зацягваючыся цыгарэтай адказаў Валянцін Акудовіч. – Там наперадзе будзе яшчэ шмат карчоў.