Пэнсіянэры: «Мы гэтую краіну будавалі, а жыць няма за што»

Пэнсіянэр гандлюе зелянінай каля сьцяны Камароўскага рынку

Пэнсіянэры — заўсёдныя наведнікі менскага Камароўскага рынку. І ня толькі ў якасьці пакупнікоў, але і працаўнікоў — гандляроў ды прыбіральшчыкаў. Пра хуткае падвышэньне пэнсіяў шмат хто зь іх яшчэ ня чуў. Да навіны ставяцца па-рознаму:

Your browser doesn’t support HTML5

«Мы гэтую краіну будавалі, а жыць няма за што»


Пэнсіянэрка: «Нічога ня чула пра пэнсію. Ня думаю, што нам нешта падвысяць, толькі абяцаюць».

Пэнсіянэрка: «Ня чула і ня верыцца нешта. Вядома, добра, бо вельмі лекі дарагія. У краме ўсё дорага, а ў мяне пэнсія — паўтара мільёна. І нават калі дададуць сто ці дзьвесьце тысяч — мы ўжо расьцьвітаем, падымаецца настрой, што нас не забываюць. А гэта — самае галоўнае для нас, для пэнсіянэраў».

Пэнсіянэр: «Так, мы чакалі, што падвысяць пэнсію. І хоць дадатак толькі 10%, інфляцыі не кампэнсуе, але ўжо нейкія плацяжы можна будзе зрабіць. І вельмі ўдзячныя ўраду, што дададуць нам гэтую пэнсію большую».

Карэспандэнтка: «А чым вы тут гандлюеце?»

Пэнсіянэр: «Лекавыя травы прадаю, грыбы. Я флярыст, то для мяне гэта і хобі, і дапамога да пэнсіі, бо цяжка жыць».

Пэнсіі ў Беларусі звычайна падвышаюць напярэдадні розных палітычных кампаніяў — выбараў альбо рэфэрэндуму. Сёлета ўлады абяцалі падвысіць пэнсіі яшчэ ў сакавіку, але робяць гэта толькі ў ліпені. Тым часам пэнсіянэры кажуць, што мусяць працаваць, каб задаволіць усе свае жыцьцёвыя патрэбы:

Спадар Станіслаў прывёз лекавыя травы, грыбы і ягады аж з Гарадзеншчыны


Спадарыня: «Працую таму, што на адну пэнсію не пражыць: за кватэру трэба заплаціць, за сьвятло заплаціць, лекі набыць — за адну пэнсію не пражывеш. Вось і прыходзіцца ў гародзе нешта сеяць і зараз прадаваць. Пажадана, каб у нас была большая пэнсія, большая».

Карэспандэнтка: «Дык з 1 ліпеня пэнсію падвысяць»…

Пэнсіянэрка: «Што гэты мізер, 10% — гэта 200 тысяч. А сьвятло, газ, вада — усё даражэе. Я пры Савецкім Саюзе была ці не найбагацейшай пэнсіянэркай. А цяпер самая бяднейшая. Мы гэтую краіну будавалі, а цяпер пражыць няма за што».

Іншая спадарыня: «А я падпрацоўваю тут гадоў пятнаццаць ужо: працую на зямлі — як чорны вол цягну, і дзеці мае таксама. У сэзон трэба хоць крыху падгандляваць, бо на пэнсію не пражыць. Вось і падзарабляю да пэнсіі на сваім агародзе. А Лукашэнка мусіць больш крыху цікавіцца намі, людзьмі, якія цяжка працуюць на зямлі».

Пэнсіянэрка гандлюе на падыходах, каб не плаціць за месца на рынку


Пэнсіянэр: «Я атрымліваю пэнсію, але гэта толькі дадатак да майго заробку, бо я працую, каб больш-менш годна жыць. Хіба можна пражыць на пэнсію ў два мільёны?»

Карэспандэнтка: «А на колькі трэба павысіць пэнсію, каб можна было годна пражыць?»

Пэнсіянэр: «Як мінімум удвая. А гэтае падвышэньне на 10% — гэта толькі для таго, каб сказаць — мы ж падвышаем, і ўсё».