Браўдэр і Міхалевіч. Як спыніць злоўжываньні Інтэрполам?

У мінулым месяцы Інтэрпол адхіліў просьбу з Масквы адсачыць перамяшчэньне амэрыканскага інвэстара Біла Браўдэра, які актыўна патрабуе расьсьледаваньня сьмерці расейскага адваката Сяргея Магніцкага ў турме ў 2009 годзе.
Расейскія ўлады абвінавацілі Браўдэра ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і ў спробе незаконнага набыцьця акцый Газпрому.

Адмову Інтэрполу выдаць гэтак званае «чырвонае апавяшчэньне» (red notice) адносна Браўдэра пракамэнтаваў нашаму радыё Алекс Тынсьлі, прадстаўнік недзяржаўнай арганізацыі Fair Trials International зь Лёндану:

«У выпадку Браўдэра Расея папрасіла выкарыстаць каналы Інтэрполу, каб сачыць за перамяшчэньнем Браўдэра, але Інтэрпол адмовіўся. Гэта было прадстаўлена ў Расеі як абраза краіны, але гэтага трэба было чакаць. Трывожным у гэтым пытаньні зьяўляецца факт, што такі неадкладны адказ ня быў дадзены ў выпадку іншых палітычных апанэнтаў, якіх перасьледавалі па каналах Інтэрполу».

У сувязі з гэтым пытаньнем Тынсьлі прыгадаў затрыманьне былога беларускага кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, арышту якога дамагаліся ад Інтэрполу ўлады ў Менску:

«Праблема злоўжываньня Інтэрполам не абмяжоўваецца Расеяй. Добра вядома, што беларускія ўлады, напрыклад, імкнуліся выкарыстаць каналы Інтэрполу для перасьледу сваіх палітычных апанэнтаў. Яны хацелі арыштаваць аднаго з кандыдатаў на выбарах 2010 году, які выступаў супраць Лукашэнкі, Алеся Міхалевіча. Інтэрпол, па сутнасьці, адмовіўся выдаць чырвонае апавяшчэньне адносна Міхалевіча, але ў той жа час Беларусі удалося выкарыстаць сеткі Інтэрполу, каб перадаць інфармацыю іншым краінам, і спадар Міхалевіч, які быў прызнаны палітычным уцекачом у Чэхіі, быў затрыманы ў Польшчы».

Ці магчыма неяк пакараць краіну, якая злоўжывае сеткай Інтэрполу, выкарыстоўваючы яе для перасьледу палітычных апанэнтаў? Тынсьлі адказаў нашаму радыё наступным чынам:

«Правілы Інтэрполу прадбачваюць пэўныя санкцыі. Пакуль ня ясна, як яны ўжываюцца і як часта яны былі ўжытыя. Некаторыя заклікаюць, каб тыя краіны, якія неаднаразова злоўжывалі каналамі Інтэрполу, былі выключаныя з гэтай арганізацыі. Але мы лічым, што адказнасьць за гэта нясе Інтэрпол, які павінен сам імкнуцца спыніць такія злоўжываньні».