Янукевіч: Статус Беларусі ў «Эўранэсьце» застаецца замарожаным

У Брусэлі прайшло пленарнае пасяджэньне Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу («Эўранэст»). Ад беларускіх уладаў на сэсію не запрашалі нікога, бо Эўрапарлямэнт не прызнае беларускую Палату прадстаўнікоў легітымным заканадаўчым органам. Дэлегацыя беларускай апазыцыі, якая накіравалася ў Брусэль, сёньня ўзяла ўдзел у паседжаньні групы «Эўранэсту» па Беларусі, а ў час, калі пачалося пленарнае паседжаньне, пакінула Брусэль. У складзе гэтай дэлегацыі былі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў, адзін зь лідэраў руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, прадстаўнікі БХД і кампаніі «Гавары праўду».
Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь сябрам дэлегацыі Аляксеем Янукевічам пра пэрспэктывы сяброўства Беларусі ў «Эўранэсьце».

— Аляксей, якія вынікі сёньняшняга паседжаньня працоўнай групы «Эўранэсту» па Беларусі?

— На парадку дня было пытаньне функцыянаваньня незалежнай беларускай прэсы, а таксама палітычнай сытуацыі ўнутры краіны і таго, якім чынам Эўрапарлямэнту трэба будаваць сваю стратэгію адносна Беларусі. Па вялікім рахунку, не было знойдзена нейкага канчатковага рашэньня з размарожваньнем статусу. Аднак ёсьць вялікі шанец, што «Эўранэст» ухваліць рашэньне, каб прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў запрашалі на паседжаньні працоўных групаў і камісіяў «Эўранэсту». Што тычыцца абмеркаваньня сытуацыі з мэдыямі і наагул палітычнай сытуацыі ў Беларусі, то эўрапейскімі калегамі было адзначана, што інструмэнты ўзьдзеяньня на сытуацыю застаюцца занадта грувасткімі, яны падлягаюць зьменам. Неабходна, каб эўрапейскія інстытуцыі мелі магчымасьць больш эфэктыўна і дынамічна рэагаваць на патрэбы грамадзянскай супольнасьці Беларусі, і ў гэтым кірунку ў будучым будзе весьціся праца.

— Ці зможаце вы ўзяць удзел у пленарным пасяджэньні «Эўранэсту»?

— Пленарнае пасяджэньне адбудзецца ўвечары, і тут такая сытуацыя, што лягістычна мы будзем вымушаныя раней ад’ехаць, таму што самалёты назад так замоўленыя, што мы туды ня трапім...

Выявілася, што беларускія ўлады ніяк не былі прадстаўленыя на гэтым пасяджэньні
Аляксей Янукевіч
— У чым прычыны, што беларусы не папрысутнічаюць на пленарным пасяджэньні? Толькі самалёты, ці, можа, ёсьць нейкі палітычны момант?

— Пакуль ня ўхваленае рашэньне аб зьменах у рэглямэнт «Эўранэсту», каб кожны раз асобна не разглядаць пытаньне, а ўнесьці зьмены, каб прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў маглі прысутнічаць на гэтых пленарных пасяджэньнях і ў працоўных групах. Але такая прапанова будзе разглядацца. А пакуль такое рашэньне не было ўхваленае, не было яснасьці і пэўнасьці наконт нашага ўдзелу.

— Ці быў хто-небудзь зь беларускіх уладаў, калі адбывалася пасяджэньне працоўнай групы па Беларусі?

— Не, ад беларускіх уладаў нікога не было. Нас паінфармавалі, што было дасланае запрашэньне міністру замежных спраў узяць удзел у пасяджэньні гэтай групы. Беларускі бок, са свайго боку, прапанаваў удзел амбасадара, але такі фармат не падышоў для кіраўніцтва працоўнай групы. Выявілася, што беларускія ўлады ніяк не былі прадстаўленыя на гэтым пасяджэньні.

— Аляксей, давайце падсумуем: удзел для Беларусі ў «Эўранэсьце» застаецца замарожаным?

— Так, сытуацыя выглядае ў пэўнай ступені замарожанай. Больш за тое, удзельнікі нашых сёньняшніх сустрэчаў прызнавалі, што на сёньня ва «Ўсходнім партнэрстве» іншыя краіны, такія, як Украіна, Грузія, Малдова, стаяць вышэй, чым Беларусь. Гэта не спрыяе таму, каб укладаліся большыя высілкі ў пошукі шляхоў вырашэньня беларускіх праблемаў, у тым ліку наконт прадстаўніцтва Беларусі ў «Эўранэсьце». Аднак відавочна, што, нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы і складанасьці, за сытуацыяй у Беларусі ў Эўрапарлямэнце сочаць. Тыя людзі, якія займаюцца гэтай тэмай, вельмі добра разьбіраюцца ў самых бягучых пытаньнях. І ўсе ключавыя, каштоўнасныя пытаньні — такія, як вызваленьне палітычных вязьняў, умовы для працы СМІ — будуць прысутнічаць у парадку дня Эўрапарлямэнту ў любым выпадку, незалежна ад нейкай каньюнктуры.


Беларуская апазыцыйная дэлегацыя таксама сустрэлася сёньня з групай польскіх эўрадэпутатаў і, у прыватнасьці, абмеркавала магчымасьці іх візыту ў Беларусь летам гэтага году.