Раманоўскі — Пазьняку: чым болей людзей прыйдзе ў Курапаты, тым лепш

Уладзімер Раманоўскі

З 25 траўня па 3 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты пройдзе нацыянальная талака. Валянтэры будуць прыбіраць тэрыторыю, плянуюць пасадзіць шмат кветак. Заяўлены ўдзел у акцыі прадстаўнікоў руху «За свабоду», партыі БНФ і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» выклікаў занепакоенасьць лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка.
У спэцыяльным лісьце да кіраўніцтва сваёй партыі ён просіць прасачыць за «нейкім мерапрыемствам у Курапатах кшталту лукашысцкага суботніка».


Зянона Пазьняка зьдзівіў удзел у талацэ прадстаўнікоў структураў, якія ачольваюць Аляксандар Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч і Ўладзімер Някляеў:

«На працягу 12-ці гадоў нашай працы ў Курапатах па стварэньні Народнага Мэмарыялу „Курапаты“ мы ніколі ня бачылі там гэтых заяўнікаў, ніхто зь іх ня тое што не працаваў там, але нават не засьведчыў падтрымкі добрай справе...

Цяпер гэтыя асобы зьбіраюцца раптам арганізоўваць нейкае мерапрыемства ў Курапатах кшталту лукашысцкага суботніка. Усё гэта выклікае падазрэньні ў сапраўднасьці намераў згаданых асобаў, тым больш што даверу ім няма».

Рэагуючы на ліст Зянона Пазьняка, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў, што на Курапаты ня мае манаполіі ніводная структура:

«Курапаты — гэта агульнанацыянальны нэкропаль. Гэта месца, важнае для ўсіх беларусаў, незалежна ад іх прыналежнасьці да палітычных партыяў ці рухаў. На жаль, Пазьняк вельмі даўно адсутнічае ў Беларусі, і здалёк яму ня ўсё бачна. Ініцыятыву праяўлялі ня толькі зараз, але і раней. І ня толькі актывісты згаданых структураў, але і іншых прыходзілі ў Курапаты на Дзяды і ў іншыя даты.

Я лічу, што любую ініцыятыву, зьвязаную з павагай да Курапатаў, трэба падтрымліваць. На жаль, і гэта паказвае практыка вандалізму і забудоваў, дзеяньняў адной толькі КХП-БНФ недастаткова, каб гэтае месца знаходзілася ў належным стане».

«У лісьце спадара Пазьняка я бачу тры моманты, пра якія нельга не сказаць»,— заўважае адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Першы момант — гэта робяць не Мілінкевіч, Някляеў і Янукевіч. Мы зьяўляемся сябрамі ініцыятывы па ўратаваньні Курапатаў. І мы робім гэта не пад сьцягамі партыі і рухаў, а пад агульным сьцягам уратаваньня памяці пра Курапаты. Мы далучаемся да гэтага, як у свой час далучыліся, калі там узьнікла праблема пабудовы „Бульбаш-холу“.

І гэта другі пункт. Як можна было такім чынам назіраць за Курапатамі, што там пабудавалі двухпавярховы будынак?! Пытаньне: дзе вы былі?

І трэці момант, які я лічу важным. Вельмі сумна, калі такі паважаны чалавек, як Зянон Пазьняк, займаецца такімі дробязямі, а не натхняе ўсё грамадзтва быць разам у такія сумныя для краіны часы».

«Пры ўсёй павазе да Зянона Пазьняка такая ягоная заява зьдзіўляе», — кажа намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў: «У яго зарадзілася нейкая фобія — пастаяннае навешваньне розных ярлыкоў. А на маю думку, Курапаты павінны быць аб’яднаўчым месцам, аб’яднаўчым фактарам для ўсіх нацыянальна сьвядомых дэмакратычных сілаў Беларусі. Актывісты партыі БНФ, асабіста я, Аляксей Янукевіч, амаль штогод удзельнічаем у шэсьцях на Дзяды, ва ўсталёўваньні крыжоў, у іншых мерапрыемствах. Але мы ніколі не імкнемся паднесьці гэта як лабіраваньне партыі. Гэта ня тая справа, пра якую трэба гучна казаць. Зрабілі — і дзякуй Богу!

Мы наведвалі і чарнобыльскія мясьціны, наводзілі там парадак. Але мы ніколі ня робім сабе з гэтага піяру. Гэта — галоўны наш падыход».

Адзін з каардынатараў ініцыятывы «Ўратуем Курапаты» Ўладзімер Раманоўскі кажа: чым болей людзей прыйдзе ў Курапаты, тым будзе лепей:

«Я мяркую, што Зянону Станіслававічу трэба быць больш карэктным у вызначэньнях. У нашай справе ёсьць удзельнікі, але пры чым тут пэрсаналіі? Нас не цікавяць палітычныя ідэі. Нас цікавяць толькі тыя людзі, у якіх прачынаецца адчуваньне патрэбнага стаўленьня да гэтай трагічнай памяці і якія лічаць сваім абавязкам удзельнічаць у нашай акцыі. Мы ў іх не пытаемся: адкуль яны прыйшлі?»

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек. У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».