Самагубства Гуменюка. Пасьляслоўе

Партрэт Юрыя Гуменюка

Сёлета ня стала гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка, яму было 43 гады, на хлеб зарабляў радыёрэпартажамі. Праверка абставін сьмерці цягнулася два месяцы, выснова: самагубства. Здарэньне пакідае пытаньні без адказу.

Задаюся імі я, задаюцца сябры і знаёмцы паэта, задаемся разам. Разам з журналістам Андрэем Пачобутам, які добра ведаў нябожчыка. З Андрэем мы проста хадзілі сюды-туды міма былога каралеўскага драмтэатру, цяпер лялечнага, дзе Юрка працаваў некалі загадчыкам літаратурнай часткі.

Спроба вярбоўкі?


Пачобут: «Мяне выклікалі апошнім зь Юравых знаёмых, сяброў, каго апытваў Сьледчы камітэт. Так сталася, што ўсё ўжо было расьсьледавана і мне падалося, што гэта проста фармальнасьць. З раніцы мяне апыталі, а ўвечары ўжо была інфармацыя Сьледчага камітэту аб заканчэньні праверкі, аб адмове ўзбудзіць крымінальную справу.

Было бачна, што ўсё Юркава жыцьцё моцна ператрасалі. У сэнсе ўсе яго хібы, слабасьці былі аформленыя ў выглядзе паказаньняў.

Я са свайго боку лічыў патрэбным распавесьці вось такую гісторыю. У 2009 годзе Юрка прыходзіў да мяне ў Саюз палякаў: «Тут такая справа, на мяне наехала КДБ, яны мяне шантажуюць, у іх на мяне кампрамат». Я яму сказаў: «Юра, пасылай іх далёка. Бо інакш будзе ў цябе на ўсё жыцьцё хамут, будуць цябе як на хамуце вадзіць». Ён кажа: але ж кампрамат! Ну што ж, цяжка, непрыемна, але свабода больш каштуе… Такая была кароткая размова. І пасьля гэтага мы не вярталіся да яе, я ня ведаю, ці сапраўднае было КДБ ці, можа, уяўнае?

Як я зразумеў, гэта быў відавочна вэрбовачны падыход, што магчыма спрабавалі яго завэрбаваць. Таму што кампрамат паяўляецца ў выпадку, калі спрабуюць вэрбаваць. Вось гэты фрагмэнт, я, канечне, распавёў у Сьледчым камітэце. У пратакол маіх тлумачэньняў гэта ня трапіла. Сьледчая не запісала, сказала, што КДБ яе не цікавіць. Тады я ад рукі ў канцы запісаў, што Юрка скардзіўся на перасьлед КДБ, і што я лічу, што гэты момант павінен быць адлюстраваны. Прынамсі варта было пацікавіцца: ці праводзіліся ў дачыненьні яго нейкія апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, з чым былі зьвязаныя, якая іх была мэта?

Некаторыя казалі, што гэта былі Юркавы фантазіі. Магчыма. Але магчыма, што й не фантазіі. Я б схіляўся да думкі, што нават калі дзесяць толькі адсоткаў было ад дзеяньняў КДБ, улічваючы, што Юрка паэт і гэтак далей, гэта магло быць адной з тых прычынаў, якая магла яго штурхнуць да самагубства. Як насамрэч – я ня ведаю, бо «ў нетрах Лубянкі» ўсё гэта ляжыць».

Жаданьне ажаніцца?


Пачобут: «Ён хацеў ажаніцца. Маці перажывала, што ён адзін. Шукаў жанчыну зь дзіцём. Такая жанчына жыла непадалёк на Пярэселцы. Былі пляны ажаніцца, зь яго боку, прынамсі. Яны з маці зьбіраліся ісьці да яе на наступны дзень. Мне здаецца, гэта было на такім сур’ёзным этапе».

Раны на целе


Пачобут: «Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, паэт спрабаваў нанесьці сабе раны нажом. На целе засталіся сьляды. У гэтым кантэксьце паўстае пытаньне – можа сапраўды гэта было менавіта самагубства? Але нават калі гэта самагубства, мне падаецца, што павінна было быць праверана наконт КДБ, аб чым я казаў».

«Ты мяне падстаўляеш»


Да аднаго са знаёмых, што жыве па суседзтву, уначы, у дзень сьмерці Юры Гумянюк даслаў СМС – «ты мяне падстаўляеш». Аднак гэты чалавек сказаў, што паняцьця ня мае – аб чым магла быць мова. Такія ён даў тлумачэньні ў Сьледчым камітэце.

Душа паэта


Пачобут: «У Юркі не было жаданьня разьвітацца з жыцьцём. З аднаго боку, была трагедыя вось якая: ён мэнтальна заставаўся на ўзроўні, ня ведаю, 25 гадоў. Але яму было значна больш. Другое: ён паэт, выдатны паэт, адзін з найлепшых паэтаў сярод маладых, па маім меркаваньні. Яму патрэбны былі ня грошы, а слава, прызнаньне. Для яго гэта было вельмі важна. У нас зь ім былі добрыя адносіны з адной вельмі простай прычыны – мне падабалася ягоная паэзія.

Я мог яму сказаць штосьці рэзка наконт яго паводзінаў. І ён гэта прымаў, не абражаўся. А прычына ў тым, што ён ведаў, што я скажу: «Юрка, ты ж паэт, навошта табе журналістыка, штодзённасьць, ты пішы вершы, ты з Богам размаўляеш. Вершы застануцца, а газэта, яна адзін дзень жыве». Ён адказваў: «Каму ж гэта патрэбна сёньня? Ну, я выдам кнігу вершаў і што з таго?»

Але ў яго нармальныя былі творчыя пляны, ён зьбіраўся кніжку выдаваць.
Таму што гэтае пытаньне ўзьнікала падчас размовы ў Сьледчым камітэце: вось маўляў, ён выпісаўся, у творчым тупіку знаходзіўся… Ён мне час ад часу паказваў новыя вершы, але я ня ведаў, што іх так шмат.

Мы зь ім разам працавалі некалі ў газэце «День». Для ўсіх шокам стала, што здарылася. Ніхто ня быў падрыхтаваны. Не было бачна, што ён да гэтага ішоў, да суіцыду. Была бачна ў яго загнанасьць, але яна не была скіраваная на нейкую аўтадэструкцыю. Паэты не такія людзі як усе, скажам так. У яго магло быць абвостранае ўспрыманьне ўсяго. Але я адмаўляю, што былі прыкметы гэтага, аўтаагрэсіі».

Тэатар – месца, дзе сьмерць ня рэдкасьць. Але нават на сцэне самагубства хіба не сустрэнеш. У апошнім спэктаклі гіне лялька-Моцарт, лялька-Сальеры падсыпала атруты ў келіх… Мы разьвіталіся з Пачобутам, кожны з паэтам у галаве. З паэтам, які скасаваў сабе жыцьцё не на сцэне, пакінуўшы гораду трагічную гісторыю сваёй гібелі і гэтае пасьляслоўе. Магчыма, не апошняе.