Адмянілі прысуд актывісту БНФ зь Берасьця

Віталь Коўш, архіўнае фота

Прысуд у справе Віталя Каўша, які абвінавачваўся ў арганізацыі канала нелегальнай міграцыі праз берасьцейска-польскую мяжу, адменены.
Такое рашэньне прыняла судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суду. Крымінальная справа Віталя Каўша будзе накіраваная на новы разгляд.

Пра гэта паведаміў Радыё Свабода Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі.

Віталя Каўша абвінавацілі ў арганізацыі канала нелегальнай міграцыі і прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

«У сувязі з практыкай суду канстытуцыйнай інстанцыі, прычыны, па якіх прысуд адменены , не паведамляюцца, — кажа праваабаронца Раман Кісьляк.

Кісьляк уважліва сачыў за справай Віталя Каўша і ўпэўнены, што суд мусіць яго апраўдаць.

«Доказы, якія прадставіла абвінавачаньне, не вытрымліваюць аніякай крытыкі. Самыя асноўныя доказы — гэта паказаньні затрыманых індусаў. І ўсе гэтыя паказаньні атрыманыя з яўным парушэньнем закона, — тлумачыць Кісьляк. — Гэта асноўнае парушэньне, а суд, які вынес прысуд, на яго заплюшчыў вочы».

Кісьляк нагадвае, што самога Каўша затрымалі нашмат пазьней таго, як беларускія праваахоўныя органы апыталі індусаў і дэпартавалі іх зь Беларусі, забараніўшы ім уезд на пяць гадоў. Вочных ставак паміж імі не было, а ўсе хадайніцтвы Каўша пра выклік гэтых сьведкаў у суд, адхіляліся судьдзём, — кажа Кісьляк.

Апроч гэтага, паводле Кісьляка, у справе яшчэ процьма іншых недакладнасьцяў і парушэньняў.

"Віталя фактычна агаварылі, — лічыць берасьцейскі праваабаронца.

Ніякіх зьвестак пра лёс іншага фігуранта гэтай справы, якога сьледзтва лічыць падзельнікам Віталя Каўша, пакуль няма.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Віталь Коўш зь Берасьця са сваім падзельнікам перакінулі праз беларуска-польскую мяжу канат і пераправіў па ім у Эўразьвяз васьмёра індусаў. Адзін зь нелегалаў закрануў сыгналізацыю нагой — і ўсіх затрымалі.

Сьледзтва высьветліла, што індусаў вучылі альпінісцкім умельствам у прыватным катэджы ў вёсцы Цюхінічы. А канал нелегальнай міграцыі арганізавалі два берасьцейцы.

У выніку 12 сакавіка гэтага году Віталь Коўш быў асуджаны на 4 гады, а ягоны паплечнік цяпер у вышуку, і магчыма хаваецца ў Расеі.

Радыё Свабода падрабязна асьвятляла справу берасьцейскага актывіста і зьвяртала ўвагу на прэтэнзіі праваабаронцаў да вядзеньня сьледзтва і працэсу.

Калі вялося сьледзтва, у сеціве зьявіўся відэазапіс сьведчаньняў аднаго з індусаў-нелегалаў. На ім малады мужчына па імені Маніндзер Сінг кажа, што ў берасьцейскай турме іх білі і катавалі, прымушаючы агаварыць чалавека.

Сам Віталь Коўш цяпер знаходзіцца ў СІЗА — паведамляе Зьміцер Шыманскі. Маці мае зь ім спатканьні, ён лістуецца зь сябрамі. «Ён у добрым гуморы, — кажа Шыманскі. — Спадзяемся, што ягоная справа павернецца да лепшага».