Пацярпелыя ад паводкі: Спадзяемся толькі на надвор’е ды на Бога

Адрэзаная ад вёскі хата ў Уваравічах

З прычыны пад’ёму вады на рэках Прыпяць, Гарынь, Уза, Пціч, Убарць, Бесядзь у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях павялічваецца колькасьць падтопленых дамоў і прысядзібных участкаў. Пераселеныя са сваіх хатаў асобныя сем’і ў Столінскім і Лельчыцкім раёнах. Агулам паводкай і талай вадою ў Беларусі падтапіла 67 жылых дамоў, звыш 600 падворкаў, каля 400 гаспадарчых пабудоваў, 10 участкаў дарог.

У ліку пацярпелых ад паводкі — паселішчы Буда-Кашалёўскага раёну. У мястэчку Ўваравічы разьлівам рэчкі Ўзы практычна адрэзана ад сушы хата маладой сям’і на Набярэжнай вуліцы. Дабрацца сюды бяз лодкі можна хіба толькі з аднаго боку — праз суседзкі гарод, і то ў высокіх ботах.

Рака Іволька


Шмат пакутаў ад вады зьведалі й вяскоўцы ў паселішчы Зарэчча паблізу Крыўску. Невялічкую рэчку Івольку мясцовыя гаспадарнікі тут даўно перагарадзілі шлюзамі, каб мець сваё азярцо. Рэчка разьлілася. Ня маючы добрага сьцёку, вада пачала заліваць сядзібы вяскоўцаў.

Апавядае мясцовая жыхарка Аўдоця Яначкіна: «Во дайшла да самай падмуроўкі з цэглы — толькі сьцежачка была малюсенькая. Двор быў спрэс заліты, падпольле, склепік, які не заглыблены нават — па калені вада стаяла».

Падворак Аўдоцьці Яначкінай


Вяскоўка кажа, што зьвярталася была ў Крыўскі сельскі савет па дапамогу, але там толькі рукамі разьвялі. Добра хоць, што зяць суседа, які жыве ў Гомелі, зьвязаўся з управай надзвычайных сытуацыяў:

«Патэлефанавала старшыні сельскага савету, яна прыехала, паглядзела — і пакуль. Добра, што ў суседа зяць у Гомелі. Дык ён патэлефанаваў у тое МНС, а тыя ўжо далі ўказаньне ў Буда-Кашалёва тэрмінова выехаць. Прыяжджаў ратавальнік, фатаграфаваў. Паехалі мы зь ім да мастка глядзець: дзьве трубы там забітыя бэтонам ды сьмецьцем — і толькі шчылінка ў адным, празь якую вада ледзь цячэ. Ад таго мы й топімся. Кажу яму: заўтра будзе Менск ведаць — што гэта такое?! Яны перапампоўваць ваду сталі — не атрымалася. Дык ратавальнікі дарогу разрылі — ускапалі шашу мэтраў на шэсьць ці сем».

Вада ў гародах Зарэчча


Вялікая вада схлынула, пакінуўшы на гародах і панадворку процьму лужын і гразі. Гэтую гразь і месіць цяпер Аўдоцьця з суседзямі.

Васьмідзесяцігадовая Надзея Яначкіна таксама ня можа ўтрымацца, каб не распавесьці пра нечаканую паводку:

«Да самай хаты дайшла вада. Пад падмосткамі вады — гібель гібялючая. Ні дарогі не было, нічога. Усё на сьвеце заліло — і ні прайсьці, і ні праехаць было».

У Зарэччы жыве й чарнобыльская перасяленка зь вёскі Рудня-Шлягіна Веткаўскага раёну Марыя Нерушава — адзінокая кабета, якая ня так даўно пахавала тут заўчасна памерлага сына.

Марыя Нерушава і Надзея Яначкіна


Вада да яе хаты сёлета не дайшла. Маркоціцца 73-гадовая кабета зь іншай прычыны. Перасяленка ня можа нават пасадзіць гарод:

«Ня дай бог такога жыцьця й ворагу. Хату такую далі, што яна ў балоце — недалёка ад нашага возера. Летась вада да хлява дайшла. Як тэлефанавала ў райвыканкам, дык там пыталіся: а чыё гэта возера? Старшыні СПК Падалячына? Дык няхай топіць! Гарода ў мяне няма — дажджамі яго залівае. Летась яшчэ градку агорала, але яе заліло — і ўсё прапала. Зубы ўжо на паліцу — і буду сядзець на лаўцы: гарода ж няма».

Вёска Бацунь


Дняпро, які працякае па заходняй мяжы Буда-Кашалёўскага раёну, пакуль нейкай значнай шкоды мясцовым паселішчам не нарабіў. Моцны пад`ём вады ў Дняпры яшчэ наперадзе. У рух пакуль прыйшлі малыя рэчкі, а яшчэ — талая вада ад вялікага сьнегу.

У цэнтры вёскі Бацу́нь талай вадою падтапіла шэраг падворкаў. Як яе пазбыцца, вяскоўцы ня ведаюць, бо шлях вадзе перагароджвае высокая вуліца.

У вёсцы Бацунь


Чарнобыльская перасяленка з Хойніцкага раёну, а цяпер жыхарка Бацуні спадарыня Ніна кажа:

«Тут нізка ў нас, гэта раз. Апрача таго, гурбы былі вялікія, сьнегу намяло да самага плоту — і нас падтапіла. Усё прападзе, нават часнык, пасеяны на зіму — бачыце, плавае. Як у яме! Спусьціць ваду ў канал — дык як асфальт пракапаць?»

Пэнсіянэрка лічыць, што з далучэньнем тутэйшай гаспадаркі да Крыўску жыцьцё людзей ускладнілася:

«Да Крыўску нас далучылі, усё туды пазабіралі, а тут ужо нічога добрага няма. Нават пасеяць — наймаем коніка ў прыватнікаў, плацім ім. На нас тут увагі наагул не зьвяртаюць. Кажуць: пакуль калгас не пасее, нічога ня будзе. А калі яно будзе — хіба пры канцы траўня? Мы ўжо не чакаем, самі наймаем каня й сеем. Бачыце, топімся, але каму мы тут патрэбныя? Калі б у мяне мужык быў здаровы, дык можа б нешта адкапаў. Але ж ён пасьля інсульту… А я што тут зраблю? Будзем на надвор’е спадзявацца і на Бога».

Дом спадарыні Ніны