Мазыр: затапіла — разьлічвай на сябе

Вада на лецішчах мазырчукоў

Веснавая вада паднялася ў рэках Прыпяць, Гарынь, Убарць, Ведрыч. У Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях падтоплена, звыш 400 падворкаў і гаспадарчых пабудоваў, 111 лецішчаў і 5 участкаў аўтамабільных дарог. Такія зьвесткі падае Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Ад паводкі цяпер найбольш пакутуюць жыхары Столінскага, Жыткавіцкага, Мазырскага раёнаў. Дзейснай дапамогі ад уладаў палешукам няма.

Веснавая паводка дабралася й да жыхароў Мазыра, чые прыватныя дамы паблізу Прыпяці.

Апавядае спадарыня Станіслава з вуліцы Каапэратыўнай:

«У склепе вада, ад рэчкі вада. Павыцягвалі слоікі, бульбу. Хадзілі ратавальнікі. У мяне ў хаце не былі, а толькі там, дзе дамы ніжэй стаяць. Раілі адпампоўваць ваду, ратавацца, калі будзе прыбываць. У мяне яны не былі. Можа, я дзе ў паліклініку хадзіла ці куды яшчэ, але ў мяне яны не былі».

Спадар Уладзімер з той жа Каапэратыўнай вуліцы кажа, што ў апошнія дні пад’ём вады ў Прыпяці спыніўся, але думкі пра паводку не пакідаюць:

«За апошнія два дні ўпала вада дзесьці на 7–8 сантымэтраў — там недзе паміж Барбаровым і Стрэльскам разьбілі лядовы затор. Але ўсё адно паводка большая, чымсьці за ўсе апошнія гады. І думкі такія нядобрыя. Са склепа ўжо ўсё прыбралі і празь дзень ваду самі адпампоўваем — маторчыкам „Малыш“, ці як ён там называецца. У мяне ён пастаянна, бо на панадворку калёнка для пітной вады прабітая».

Адзінокая пэнсіянэрка Зося Багданік, якая жыве на вуліцы Гогаля, 31, жаліцца, што паводка пазбавіла яе элемэнтарных умоваў для існаваньня:

«Вось прыйшла вада й прыбіральню затапіла. Я без прыбіральні даўно — у вядро, а потым насіся, шукай месца на гародзе, дзе пахаваць. Ніякага паратунку няма! Няма гаспадара — няма й паратунку. Калі быў гаспадар — нас затоплівала раней разы два па самы парнік, дык ён так рабіў: прыбіральню вышэй ставіў, калі гэтую тапіла. А калі баба старая й мужыка няма, ды яшчэ й дзяцей сваіх няма, дык каго пойдзеш прасіць? Суседа — ідзі мне прыбіральню зрабі? Уга! Дошкі ўжо заліло — у хлеўчуку ўвесь матэрыял стаіць, ён увесь ужо ў вадзе. Сфатаграфуйце ды мясцоваму начальству пакажыце — яны ж нават не прыходзяць».

Зося Багданік


Пэнсіянэрка апавяла, што сама хадзіла ў райвыканкам:

«Сама была ў горадзе й зайшла ў райвыканкам. Сустрэлася з намесьнікам старшыні выканкаму Сяргеем Дылюком — ён такі добры чалавек. Ён у кабінэце быў адзін, і я заглянула да яго. Пытаецца: «Міхайлаўна, як вы там?» Кажу: паводка, унізе вада, прыбіральні ўжо няма і першы хляўчук затапіла. І другі ўжо напагатове. А ён мне: «Так, Міхайлаўна, затопіць. Калі будзе так, як прагназуюць сыноптыкі, і вада падымецца яшчэ на 2 мэтры, то вада будзе й на вуліцы. Дык тады будуць высяляць».

Прыпяць наступае


Зося Міхайлаўна вядзе нас у падпольле сваёй хаты й паказвае, што падлога трымаецца на дубовых падпорках, а печы — на цагляных слупках. Калі вада й сюды дабярэцца, то наўрад ці канструкцыя вытрымае:

«Як нічога не чапае, то жыву. А калі крыху падмые, то можа абваліцца і печ, і грубка».

Пэнсіянэрка згадвае, што ейная сядзіба цярпіць ня толькі ад паводкі, але й ад моцных ліўняў. Вада з вуліцы сьцякае праз участак уніз да Прыпяці і робіць багата шкоды, якую пасьля ніякія страхавыя выплаты не пакрываюць:

«Адзін раз быў вялікі лівень, дык мне тут ходнікі паразмывала і плот пашкодзіла. І глею да хаты й брамкі нагнала. Карацей, шкоды багата нарабіла. Далі сто тысяч. Я хату пафарбавала — 800 тысяч аддала на фарбу. Чалавек яшчэ працаваў два дні, пакуль пафарбаваў. Таксама сто тысяч трэба было заплаціць».

Вада ля гародаў