Манэўры амбасадараў

Панядзелак, 8 красавіка, стане першым працоўным днём у Беларусі новага амбасадара Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса.
Накіроўваючы яго на гэтую пасаду, прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце заявіла, што Літва імкнецца ствараць з суседзямі канструктыўныя дачыненьні, якія грунтуюцца на эўрапейскіх прынцыпах.

Эвалдас Ігнатавічус

Новаму амбасадару 46 гадоў. Але, нягледзячы на адносна малады ўзрост, ён мае вялікі дыпляматычны досьвед.У МЗС Літвы Эвалдас Ігнатавічус працуе з 1991 году. Ён быў віцэ-міністрам, статс-сакратаром, амбасадарам у Нямеччыне.

На высокі прафэсіяналізм новага амбасадара найперш зьвяртае ўвагу прафэсар зь Вільні Раймундас Лапата. Сёньня ў размове з карэспандэнтам «Свабоды» навуковец у галіне міжнародных дачыненьняў адзначыў:

«Амбасадар Эвалдас Ігнатавічус, які прыяжджае працаваць у Менск, — вельмі дасьведчаны дыплямат. І яго прызначэньне трэба расцэньваць як прыкмету таго, што літоўскае кіраўніцтва лічыць дачыненьні зь Беларусьсю вельмі важнымі. І наагул я хачу зьвярнуць увагу на тое, што амаль усе ранейшыя нашыя амбасадары, якія працавалі ў Беларусі, — гэта, як мы кажам, вельмі сур’ёзныя людзі. І таму я думаю, што і наш новы амбасадар будзе старацца працаваць па поўнай праграме».

Эвалдас Ігнатавічус валодае ангельскай, нямецкай, польскай і расейскай мовамі. Ён узнагароджаны крыжам камандора ордэна «За заслугі перад Літвой». У Менску ён заменіць Лінаса Лінкявічуса, які напрыканцы мінулага году ачоліў МЗС Літвы.

___________________________________________

Міхаіл Ежэль

Да працы ў Менску прыступае і новы амбасадар Украіны — Міхаіл Ежэль. Пра тое, што менавіта ён можа ачоліць дыпляматычнае прадстаўніцтва Ўкраіны ў Беларусі, «Свабода» пісала яшчэ 19 лютага ў матэрыяле «Ўкраіна прышле ў Беларусь амбасадара-адмірала». Так і сталася.

Міхаіл Ежэль нарадзіўся ў 1952 годзе. Ён адмірал запасу. З 2010 па 2012 гады быў міністрам абароны ва ўрадзе Мікалая Азарава.

Прызначэньне амбасадарам прафэсійнага вайскоўца, які ня мае дыпляматычнага досьведу, выглядае дзіўным. Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны адзначае:

«Калі паглядзець на супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, то 30% тут займае ваенна-прамысловы комплекс. І таму можна пагаджацца з актуальнасьцю гэтага прызначэньня. Хоць Міністэрства абароны ва Ўкраіне ня мае абсалютна ніякага дачыненьня да ВПК. У нас гэтым займаецца Міністэрства прамысловасьці, бо ўсе ваенныя заводы знаходзяцца ў падпарадкаваньні Міністэрства прамысловасьці».

А кіеўскі палітоляг Міхаіл Білецкі мяркуе так:

«У нашым МЗС, відаць, ня лічаць беларускі напрамак важным і рызыкоўным, ня лічаць Беларусь прыярытэтным вэктарам у зьнешняй палітыцы, таму і паставілі амбасадарам вайсковага чалавека. Для самога Ежэля гэта як ганаровая ссылка. Ён чалавек немалады, няхай дабірае рэшту стажу і цешыць сваё самалюбства».

Ускосна гэтае меркаваньне падмацоўваецца і тым, што ўжо паўгода дыпляматычная місія Ўкраіны ў Беларусі ня мае амбасадара. Папярэдні амбасадар Віктар Ціханаў летась быў абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады, пасьля чаго пакінуў Беларусь.

________________________________________

Хутка зьявіцца ў Менску і яшчэ адзін новы амбасадар — Славаччыны. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у МЗС Славаччыны з гэтай кандыдатурай ужо вызначыліся. Але пакуль канкрэтнага прозьвішча вырашана не называць. Што тычыцца ранейшага амбасадара Мар’яна Серваткі, то ён пасьля адпачынку будзе працаваць у апараце міністэрства.

________________________________________

Стэфан Эрыксан

А самая загадкавая сытуацыя цяпер з амбасадай Швэцыі. У прыватных размовах некаторыя эўрапейскія палітыкі кажуць, што афіцыйны Менск дае згоду на вяртаньне швэдзкіх дыпляматаў у Беларусь. Аднак ставіць пры гэтым умову — міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея трэба выкрасьліць з «чорнага сьпісу» неўязных у эўрапейскія краіны.

________________________________________

Што да беларускіх амбасадараў у названых краінах, дык тут сытуацыя выглядае так. Дыпмісію ў Літве ачольвае 65-гадовы Ўладзімер Дражын. На гэтай пасадзе ён зь сярэдзіны 2006 году.

Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне — 68-гадовы Ўладзімер Вялічка. Ён свайго роду рэкардсмэн-доўгажыхар, бо знаходзіцца ў Кіеве аж з 2002 году.

Невялікую амбасаду Беларусі ў Славаччыне з восені 2010 году ачольвае прафэсійны дыплямат Уладзімер Серпікаў.

А амбасадарам Беларусі ў Швэцыю павінен быў ехаць добра вядомы многім журналістам Мікалай Барысевіч, які ў свой час працаваў прэсавым сакратаром і МЗС, і кіраўніка дзяржавы. Аднак пасьля высылкі зь Менску Стэфана Эрыксана швэдзкі бок адмовіўся прымаць новага кіраўніка дыпмісіі Беларусі.

Інтарэсы Швэцыі ў Беларусі зараз узяла на сябе амбасада Эстоніі ў Беларусі, а інтарэсы Беларусі ў Швэцыі — амбасада Беларусі ў Латвіі.