Эфір 3 красавіка 2013 году
Архітэктурным помнікам двух дзесяцігодзьдзяў кіраваньня Лукашэнкі застануцца найперш лядовыя палацы, якія за гэты час зьявіліся ня толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў многіх ня самых буйных гарадах раённага значэньня. Стаўленьне да гэтых дарагіх і стратных спартовых аб’ектаў супярэчлівае — асабліва на тле няўдалых выступаў беларускіх хакеістаў, дзеля чыіх спартыўных трыюмфаў усё гэта будаўніцтва задумвалася і вялося.
Пра тое, чаму беларуская дзяржава так шчодра фінансуе спорт і як да гэтага ставяцца шараговыя падаткаплатнікі, разважае ў сваім лісьце Мікола Канаховіч з Пружанаў, зь якога пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:
«Рознага кшталту спартоўцы ды незьлічоная колькасьць чыноўнікаў і разнастайнай абслугі ад спорту вісяць на карку народа непад’ёмным грузам. Вядома, я, як былы афіцэр, разумею, што спорт у жыцьці канкрэтнага чалавека важны, асабліва для тых, у каго маларухомая праца. Але чаму шараговы люд на свае ўласныя сродкі павінен утрымліваць усю гэтую плойму? Якая карысьць народу з таго, што нехта шпуляе мячыкі ці ганяе шайбу на лёдзе? Гэта іхная асабістая справа — няхай забаўляюцца за свае ўласныя грошы. Але плаціць ім за гэта зь бюджэту — вялізнае глупства.
Толькі задумайцеся: чаму за гэта павінна плаціць самотная бабулька, якая ўсё сваё жыцьцё гарбацілася на калгасных палетках, а цяпер дажывае век у хаце-развалюшцы, падпертай каламі?.. Ці, можа, ад гэтага лепш жывецца даярцы, трактарысту, будаўніку, швачцы?
А многія ж людзі ня ведаюць, якія заробкі з агульнанароднага бюджэту ўлада плаціць гэтым хакеістам. Калі б даведаліся — валасы ўсталі б дыбарам нават у лысых... Аказваецца, хакеіст „Дынама“ выграбае з кішэняў падаткаплатнікаў 420 мільёнаў рублёў (гэта прыкладна 50 тысяч даляраў). І не за год — за месяц! Лекару, настаўніку, шафёру трэба пятнаццаць гадоў адпрацаваць, каб атрымаць такія грошы. Што гэта, калі не разбэшчваньне адных за кошт другіх?
Часта можна пачуць на гэта ў адказ: маўляў, спартоўцы — прэстыж краіны. А на маю думку, прэстыж — гэта высокі ўзровень жыцьця, нацыянальная самасьвядомасьць, незалежныя СМІ, сумленная і дэмакратычная ўлада, вяршэнства закону.
Толькі вельмі багатыя краіны могуць сабе дазволіць нейкую раскошу, дый то — абмежаваную. А мы?
Сёньня з прэсы даведаўся, што Лукашэнка прывёз з Расеі чарговыя два мільярды даляраў крэдыту. На пэўны час гэтых грошай, напэўна, хопіць, каб утрымліваць шматлікія лядовыя палацы ды плаціць заробкі хакеістам-мільянэрам. Але ў сапраўднасьці любы замежны крэдыт толькі павялічвае дзірку ў кішэні працоўнага люду».
Звычайна ў адказ на падобныя прэтэнзіі спартыўныя чыноўнікі спасылаюцца на тое, што такія ж высокія заробкі ў замежных хакеістаў — амэрыканскіх, канадзкіх, расейскіх... Маўляў, будзем меней плаціць сваім — усе паўцякаюць на Захад ды на Ўсход. Пры гэтым замоўчваецца адна вельмі істотная акалічнасьць: ні амэрыканскі, ні канадзкі падаткаплатнікі хакейныя каманды ня ўтрымліваюць. Выдаткі там цалкам кладуцца на хакейныя клюбы, на спонсараў зь ліку прыватных кампаній. Што каманда зарабіла за кошт квіткоў ды рэклямы — такія заробкі і атрымлівае. Пры гэтым, заўважым, спартыўныя дасягненьні заакіянскіх і расейскіх клюбаў нашмат значнейшыя, чым беларускіх.
Чаму ў Беларусі павінна быць па-іншаму? Чаму зусім не заможнае насельніцтва павінна ўтрымліваць такі затратны від спорту, які пры гэтым зусім не вызначаецца нейкімі выключнымі ці хоць бы значнымі вынікамі? Толькі таму, што гэты спорт падабаецца Заўзятару нумар 1?
Наступны ліст даслаў нам Алесь Мінчанка зь Менску. Назіраючы за шматлікімі афіцыйнымі візытамі апошняга часу, у якія Лукашэнка-старэйшы нязьменна бярэ з сабой Лукашэнку-малодшага (васьмігадовага), слухач піша:
«Назіраю за шматлікімі замежнымі ваяжамі Лукашэнкі. Не магу зразумець: дзе тут мараль, дзе этыка і эстэтыка ў паводзінах паважанага прэзыдэнта? Чаму ў кожную афіцыйную паездку ён бярэ свайго малалетняга сына, ды пры гэтым усяляк падкрэсьлівае ягоную прысутнасьць? Можа, хоча, каб той змалку засвойваў сваю выключную ролю, авалодваў дыпляматычным этыкетам? Многія перакананыя, што так ён рыхтуе дынастычную перадачу ўлады ў дзяржаве.
І чаму малы Міколка Лукашэнка, замест таго каб хадзіць у звычайную школу, лётае то на пахаваньне дзядзькі Уга, то на інданэзійскія выспы, то ў Пэрсыдзкую затоку, у госьці да шэйхаў? Шмат і іншых пытаньняў з гэтым зьвязана. Людзі ўвесь час гавораць пра гэта між сабой — а адказу няма».
Заўважу, спадар Алесь, што напрыканцы мінулага месяца Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму англамоўнаму тэлеканалу Russia Today пакляўся, што прэзыдэнцкая ўлада ніколі ня пяройдзе ад яго ў рукі ягоных дзяцей. Магчыма, гэта і ёсьць ягоны адказ на шматлікія размовы пра магчымасьць спадчыннай перадачы ўлады... Размоў такіх сярод беларусаў, сапраўды, шмат.
Што да адукацыі Мікалая Лукашэнкі... Падрабязнасьці школьнага навучаньня колішняга навучэнца Астрашыцкай сярэдняй школы ўлада трымае ў сакрэце. Відавочна, візытаў ды іншых паездак разам з бацькам у Лукашэнкі-малодшага так шмат, што часу на школу асабліва не застаецца. Зусім магчыма, што разам з такім вучнем па сьвеце лётае і настаўніца, прыхапіўшы з сабой падручнікі ды сшыткі.
Надзея Марчук зь вёскі Глінянка Кобрынскага раёну даслала разам зь лістом фатаздымак. На ім — прыцярушанае сьнегам поле, па якім згорблены мужчына сталага веку цягне нешта ў самаробным вазку. Слухачка піша:
«Здымак гэты зроблены мной 1 сьнежня мінулага году — у першы дзень зімы і ў першы сьнег. На фота — мой недалёкі сусед. Яму больш як 70 год. Калі прыгледзіцеся, то на здымку ўбачыце і ягоную сядзібу — хлеў і капец бульбы.
І вось гэты сталага веку чалавек на вазку, змайстраваным са старой дзіцячай каляскі, возіць гной на свае соткі. Да сьнегу, відаць, не пасьпеў, бо ў вёсцы цяжка наняць і каня, і трактар.
Дый ворыва ягонае зарасло травой. А асеньні гной па тэхналёгіі патрэбна заараць, прытым цяплом... І тут ён не пасьпеў. Марная яго праца...
Калі сусед увесну і пасадзіць бульбу, дык баранаваць яе давядзецца таксама саматугам — самому ці з дапамогай жонкі. Сучасныя дзеці і ўнукі на такую працу ня здатныя.
І такі ён не адзін. З году ў год паўтараецца адна і тая ж карціна. Вось яна, наша сёньняшняя беларуская сялянская штодзённасьць. Такое жыцьцё прымушае плакаць...».
Сапраўды, спадарыня Надзея, калі паглядзіш на гэтую карціну, дык неяк само сабой адпадае пытаньне: чаму моладзь любой цаной імкнецца ўцячы зь вёскі? Чыноўнікі хваляцца, што на падтрыманьне сельскай гаспадаркі выдаткоўваюцца трыльёны рублёў. Але трыльёны гэтыя даходзяць у лепшым выпадку да калгасных кантор і да кішэняў сельскагаспадарчых начальнікаў. Рэальныя ж вясковыя жыхары (асабліва ў аддаленых вёсках) застаюцца са сваімі праблемамі і клопатамі сам-насам. Такога, каб баранаваць поле ды вывозіць гной даводзілася на ўласным карку, не было нават пры савецкіх калгасах (хіба што толькі ў першыя пасьляваенныя гады).
Пра жыцьцё пэнсіянэраў у сёньняшняй беларускай вёсцы паведамляе нам і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, які выдатна ведае сытуацыю знутры, з уласнага досьведу. Слухач піша:
«Столькі было хвальбы па тэлевізары, што падвысяць пэнсіі, што дзяржава клапоціцца пра нас, старых. Ну, вось і дачакаліся таго падвышэньня: атрымаў я новую пэнсію — на 8 тысяч большую за папярэднюю. Хопіць на адзін бохан хлеба. Вось гэта падвышэньне...
Цяпер прэзыдэнт кажа: алькаголікі ды наркаманы павінны плаціць за лячэньне. Ужо і законапраект пра гэта падрыхтавалі. А я так думаю: гэта толькі пробны шар. Усё ідзе да таго, што потым яны прымусяць усіх плаціць. Хоць ведаюць, наколькі бедны наш народ. Заплаціць здолеюць далёка ня ўсе.
Народ бурчыць, абураецца. Хоць адкрыта выказваць свой пратэст не адважваецца. Не такія ў нас людзі...
Асабіста я, як і паведамляў раней, рыхтуюся да найгоршага. Калі ня здолею плаціць за электраэнэргію — перайду на іншыя спосабы асьвятленьня. Рыхтуюся грунтоўна. Знайшоў старую нямецкую лямпу, якая працуе на карбідзе і вадзе. Такія лямпы ў гады вайны выкарыстоўвалі чыгуначнікі. Адна загрузка — і на суткі асьвятленьне ёсьць.
Ведаю я, як зрабіць ліхтар з авечага тлушчу. Дый лучыну мы ў свой час палілі... Так што безь сьвятла не застанемся».
Сумны ліст і сумная пэрспэктыва, спадар Павал. Недзе ў суседнім Кобрынскім раёне ваш равесьнік упрагаецца замест каня ў вазок альбо цягне на сабе барану на бульбяным полі. Вы шукаеце карбід для трафэйнай лямпы ды прыглядаеце ў лесе смалістыя пні для лучыны... І гэта адбываецца ў краіне, якая лічыць сябе цэнтрам Эўропы, праз 70 год пасьля вайны...
І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Людмілы Барысавай з Магілёва. Яна — адна з тых нашых слухачоў, якія атрымалі ад Свабоды прызы за ўдзел у нацыянальнай дыктоўцы. Спадарыня Людміла піша:
«Вялікі дзякуй за кнігі. Асабліва ўдзячная за „Гамбурскі рахунак“ Бахарэвіча. Калі ўбачыла гэтую кнігу, ня ведала, што рабіць ад радасьці! Мне сорамна за мае памылкі ў дыктоўцы „Ліст з-пад шыбеніцы“. Але, каб не дыктоўка, у мяне не было б цяпер „Гамбурскага рахунку“...
Слухаю вас кожны вечар. Падабаюцца ўсе перадачы: нецікавых няма. Дзякуючы вам хочацца слухаць і слухаць беларускую мову, вучыцца размаўляць на ёй».
Дзякуй, спадарыня Людміла, вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by