Дэпартамэнт гісторыі ЭГУ перайшоў да Каўбаскі

Прарэктар па акадэмічных пытаньнях прафэсар Аляксандар Каўбаска прыняў на сябе кіраўніцтва дэпартамэнтам гісторыі ЭГУ да асобнага рашэньня кіраўнічай рады ўнівэрсытэту.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловым загадзе, які падпісаў рэктар ЭГУ Аляксандар Міхайлаў.

Раней было прынятае рашэньне вызваліць з пасады кіраўніка дэпартамэнту гісторыі прафэсара Паўла Церашковіча, паўнамоцтвы якога на гэтай пасадзе спыняюцца 31 сакавіка. Пасяджэньне кіроўнай рады адбудзецца ў сярэдзіне красавіка.

Аляксандар Каўбаска сказаў,што не камэнтуе звальненьне Церашковіча, хоць «афіцыйнае тлумачэньне Павал Усеваладавіч атрымаў».

Ці азначае гэтае кадравае рашэньне, што ў акадэмічным дэпартамэнце гісторыі адбудуцца нейкія зьмены адносна выкладаньня гісторыі Беларусі ці выкладаньня на беларускай мове?

«Я магу сказаць пра свае курсы, якія я выкладаю на беларускай мове ўжо гадоў 20 і ў менскім ЭГУ, і ў віленскім ЭГУ. І ніякая зьмена кіраўніцтва на гэта не ўплывала. Мне даручана пераймаць апэратыўнае кіраўніцтва да асобнага рашэньня кіроўнай рады. Ніякіх зьменаў у тым, што было ў дэпартамэнце, у гэты час не прадбачыцца. А ў будучым мы з вамі сустрэнемся і пра будучае будзем гаварыць асобна», — адзначыў спадар Каўбаска ў размове з карэспандэнтам Свабоды.

Павал Церашковіч сказаў, што камэнтаваць кадравыя рашэньні адносна дэпартамэнту гісторыі зможа толькі пасьля пасяджэньня кіроўнай рады.

Прафэсар Павал Церашковіч звольнены з пасады кіраўніка дэпартамэнту гісторыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Ён застаецца кіраўніком сэнату, дасьледчага цэнтру і выкладчыкам унівэрсытэту.