Як Дзяржынскі РАУС змагаўся з затрыманымі

Сяргей Хачатуран, фота platforma.org

Некалькі дзён таму прэсавая служба Ўпраўленьня ўнутраных спраў Менаблвыканкаму распаўсюдзіла матэрыял пра тое, як у Дзяржынску два хуліганы жорстка зьбілі супрацоўнікаў патрульнай-паставой службы міліцыі (ППСМ).
Як вынікала з паведамленьняў, двое маладых людзей, Сяргей Хачатуран і Віталь Ганчар, позна ўвечары 17 сакавіка пачалі чапляцца да супрацоўнікаў ППСМ, якія несьлі сваю вахту на вуліцах Дзяржынску. У адказ міліцыянты ўжылі спэцсродкі і даставілі хлопцаў у РАУС.

Праваабаронцы «Плятформы» вырашылі даведацца пра сытуацыю больш падрабязна. «Гэта было ня так і цяжка, бо Дзяржынск — горад маленькі», — кажуць плятформаўцы. Як высьветлілася, пасьля таго затрыманьня адзін з хлопцаў, Сяргей Хачатуран, трапіў у шпіталь з дыягназам «страсеньне мозгу». Вось што ён расказаў праваабаронцам.

http://www.youtube.com/embed/yX-dZ6ouPck

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, якія сёньня тэлефанавалі ў шпіталь, «Сяргей Андронікавіч Хачатуран і дагэтуль шпіталізаваны».

Такі ж дыягназ — страсеньне мозгу — мэдыкі паставілі і Віталю Ганчару, які ў выніку ўдараў дубінкамі па галаве некалькі разоў траціў прытомнасьць. Аднак паколькі Віталь — уладальнік фірмы і мусіць працягваць свой бізнэс, ён адмовіўся ад стацыянарнай дапамогі, нягледзячы на пэрыядычныя галаўныя болі.

http://www.youtube.com/embed/P-CJHTsa9JQ

«Разумеючы, што заявы пацярпелых, без усякага сумненьня, будуць успрынятыя як „абраны імі спосаб абароны“ і „паклёп на супрацоўнікаў міліцыі“, мы сустрэліся таксама са сьведкамі таго, што адбылося, у тым ліку і з выпадковымі сьведкамі», — тлумачыць Алёна Красоўская-Касьпяровіч з арганізацыі «Плятформа».

Дзяржынца Андрэя Калацея супрацоўнікі РАУС затрымалі ў той вечар на вуліцы, калі ён выйшаў пакурыць. Калі Сяргея і Віталя затрымлівалі і загружалі ў міліцэйскую машыну, ён сам ужо там быў. Акрамя таго, Андрэй стаў сьведкам зьбіцьця Сяргея Хачатурана ў пастарунку. Знайшліся і іншыя сьведкі, якія ў той вечар быў разам з хлопцамі.

Вось што кажа Даша Асатурава, якая была ў той вечар у кампаніі ў рэстаране:

http://www.youtube.com/embed/3Vmw4vLSKSs

А вось што расказвае супрацоўніца рэстарану Юля Сьлінько:

http://www.youtube.com/embed/wyFgqGmLw7E

Гаворыць Аляксандар Акуліч — выпадковы сьведка:

http://www.youtube.com/embed/wV-QHPlKNaY

Праваабаронцам удалося знайсьці фоты некаторых з тых, хто, як выглядае, непасрэдна ўдзельнічаў у зьбіцьці Хачатурана ды Ганчара. «Плятформа» накіравала адпаведныя паведамленьні ў Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт Беларусі.

Радыё Свабода датэлефанавалася непасрэдна да кіраўніцтва Дзяржынскага РАУС. Яго начальнік Сьвятаслаў Дарашэвіч заявіў нашаму карэспандэнту, што ніхто з удзельнікаў інцыдэнту ў Дзяржынску не шпіталізаваны — ні Сяргей Хачатуран, ні Віталь Ганчар.

«Па гэтым факце расьсьледаваньне праводзіць Сьледчы камітэт. У дачыненьні да гэтых грамадзян заведзена крымінальная справа за супраціў супрацоўнікам міліцыі».

Ад больш дэталёвых камэнтароў спадар Дарашэвіч адмовіўся.