Пракурор патрабуе для Дорна 5 гадоў турмы

Юрый Дорн у судзе, архіўнае фота

21 сакавіка на працэсе супраць кіраўніка юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Юрыя Дорна адбываюцца спрэчкі бакоў.
Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд прызначыць Дорну пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць кіраўнічыя пасады на пэўны тэрмін, — паведамляе Інтэрфакс.

28 лютага пракурор абвясьціў Дорну новае абвінавачаньне. Зь яго быў прыбраны пункт пра атрыманьне хабару.

Абарона разьлічвае на апраўдальны прысуд Юрыю Дорну.

Юрыя Дорна цяпер абвінавачваюць у перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Дорна затрымалі летась 13 сакавіка. Сьледчы камітэт паведамляў, што Юрыя Дорна вінавацяць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу: апроч атрыманьня хабару, гэта яшчэ перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, ухіленьне ад выплаты падаткаў, выкраданьне альбо пашкоджаньне дакумэнтаў, штампаў, пячатак і службовы падлог, а таксама іншыя махінацыі са здачай маёмасьці ў арэнду.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2001–2002 гадах Юрый Дорн незаконным чынам завалодаў домам у Радуні, дзе жыў Ісраэль Мэір Пупко, вядомы як Хафец Хаім. Гэты драўляны будынак разабралі з дапамогай мясцовых жыхароў, вывезьлі праз памежны пункт Беняконі, даставілі ў порт Клайпеды, а далей вывезьлі ў ЗША. Паводле сайту ешывы Хафеца Хаіма ў Нью-Ёрку, дом цяпер у іх. Цяпер дом належыць рабіну Заксу з ЗША.

Хафец Хаім — адзін з самых аўтарытэтных асьветнікаў габрэяў у XX стагодзьдзі. Адна зь ягоных кніг, «Мішна Брура», стала асноўным кодэксам жыцьця і паводзінаў рэлігійных габрэяў усяго сьвету. Хафец Хаім нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1838 годзе. У Радуні ён стварыў ешыву, будынак якой захаваўся і дагэтуль. Цяпер там клюб. У Радуні таксама і магіла Хафеца Хаіма.