Агляд блогаў, камэнтароў, сацыяльных сетак і ўсяго на сьвеце пра ўсё на сьвеце.
Я смуткую, і вы смуткуйце
Конкурс прыгажосьці сярод навучэнак слонімскага мэдычнага каледжу ладзіцца ў вялікай залі раённага Дому культуры сёньня, у аўторак 12 сакавіка.
Падзея як падзея, калі б ня тая акалічнасьць, што мерапрыемства ў апошні момант адмянілі 6 сакавіка ў зьвязку з жалобай па Уга Чавэсу і перанесьлі на 12 сакавіка.
Публіка ў сацсетках нібы аджартавалася яшчэ на мінулым тыдні, а вось слонімскія дзяўчаты толькі даатрымліваюць свае восьмасакавіцкія радасьці.
— Вып’еш за ўпакой? — запыталася бармэнка 8 сакавіка ў наведніка ў адным зь менскіх бараў. Прысутныя засьмяяліся.
Зразумела, ніхто ня радаваўся чыёйсьці сьмерці, а пасьцябаліся з абсурднасьці жалобы ў Беларусі па кіраўніку далёкай і экзатычнай краіны. Вэнэсуэлу ня кожная дзяўчына са Слоніму, ды кожны іншы беларус, адразу знойдзе на мапе сьвету.
— Вы сабе не ўяўляеце, як рагаталі ўсе львавяне, якім мы сказалі, што ў нас жалоба з нагоды сьмерці Чавэса... — напісала ў сябе на старонцы ў фэйсбуку Alona Andrejeva.
— А мае сябры зь Северадзьвінску (Расея) наогул не паверылі... — адказалі ў камэнтах.
Жарты з абсурднага ўчынку Лукашэнкі аб’ядналі беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў. Відаць таму яшчэ, што жалоба супала з усенародна любімым сьвятам жанчын.
У прынцыпе, як даўно ўжо ніхто не акцэнтуе ўвагі на фэміністычных і камуністычных аспэктах сьвята восьмага сакавіка, гэтак сама ў тых ці іншых учынках Лукашэнкі мала хто шукае лёгіку. Там жа ў камэнтах пытаюцца, а ў 1994-м не сьмяяліся? Проста раней Лукашэнка адорваў публіку абсурднымі выказваньнямі (праваслаўны атэіст, таварышч Сапега, вершы Быкава), а цяпер і справай: я смуткую, і вы смуткуйце.
Адзін смуткаваў, але астатнія балявалі: упершыню кіраўнік і электарат разышліся ва ўчынках на сто працэнтаў. Бяз гучных заяваў і пратэстаў зрабілі па-свойму.
Для пачатку трэба раскрыць псэўданім
Сяргей Навумчык зазначае, што ня ведае якіх-кольвек міжнародных арганізацыяў, якія б паглядзелі на ўціск нацыянальных правоў беларусаў з пункту гледжаньня правоў чалавека.
Тацяна Равяка вельмі эмацыйна рэагуе на артыкулы на сайце «Народная перамога», дзе праваабарончы цэнтар «Вясна» выстаўляецца ў непрывабным выглядзе, ужываюцца такія словы і вобразы як «рыльца ў пушку», «подласьць», а кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, цяпер палітычны вязень, параўноўваецца з махінатарам Карэйкам з сатырычнага раману «Залатое цяля».
Аўтар «Народнай перамогі» за псэўданімам Павел Гулевіч вінаваціць вясноўцаў у спрыяньні таму, што камітэт правоў чалавека ААН адмовіў актывісту Сяргею Каваленку ў прызнаньні фактаў парушэньня яго грамадзянскіх і палітычных правоў.
Сяргей Каваленка зрабіўся вядомым пасьля таго, як 7 студзеня 2010 сымбалічна адстойваў беларускія нацыянальныя правы: вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ялінцы ў цэнтры Віцебску.
Тацяна Равяка закранае тэму, якая збольшага замоўчваецца ў СМІ: разборкі ў незалежніцкім лягеры.
«Біць у сьпіну тых, хто ня можа адказаць, як у выпадку з Алесем Бяляцкім...» — піша Тацяна Равяка.
А як быць унутры незалежніцкага лягера, калі хтосьці б’е ў сьпіну? Падаваць у суд, які рэгулярна фабрыкуе сфальшаваныя палітычныя справы — толькі насьмяшыць публіку, і даць афіцыйнай прапагандзе тэмы для новых матэрыялаў.
У ідэале мусіла б быць публічная дыскусія. Але для гэтага трэба замяніць псэўданім на сапраўднае імя, і мець жаданьне дыскутаваць, то бок, імкнуцца да чагосьці супольнага.
У Dozari — толькі зь неабмежаванымі магчымасьцямі
Прадстаўнікі дзьвюх вядомых менскіх клюбаў і словам і справай робяць сэнсацыйныя ўчынкі: не пускаюць да сябе наведніка ў інвалідным вазку. Гэта ў клюбе «Тытан». А ў Dozari ідуць далей — дэкляруюць расавую сэгрэгацыю, амаль як у Паўднёвай Афрыцы часоў апартэіду:
— Ці пусьціце на вечарыну чалавека, які перамяшчаецца ў вазку? ― цікавіцца Эўрарадыё ў адміністратара моднага сёньня клюбу Dozari.
— Наўрад ці. Думаю, не. У нас строгі фэйс-кантроль, дрэс-код.
Эўрарадыё:
— А па якіх прынцыпах прапускаюць людзей?
Адміністратар з Dozari:
— Вопратка павінна быць неспартовая. Ахайны зьнешні выгляд. Эўрапейская зьнешнасць.
Эўрарадыё:
— То бок, калі інвалід акажацца кітайцам, то шанцаў зусім няма?
Адміністратар з Dozari:
— Хутчэй за ўсё, ня пусьцяць.
Калі расавую нецярпімасьць у канкрэтным клюбе можна праверыць толькі экспэрымэнтам, дык праблема вазочнікаў старая.
Ніхто з вазочнікаў у суды па свае правы актыўна не зьвяртаецца ў падобных сытуацыях. Прынамсі, гучных працэсаў не было. Мяркую, уладальнікі клюбаў таксама пра праблему інвалідаў, тым больш у кантэксьце судовай сыстэмы, ніколі ня думалі. Самі вырашылі што трэба, што ня трэба, ды й канец тэме.
Кітайцы разьбяруцца самі
А вось новае відэа з канфліктам у грамадзкім транспарце:
Многія камэнтатары на форумах СМІ, што апублікавалі ролік, схіляюцца да таго, што п’яны пасажыр атрымаў ад кіроўцы мала. Рэдка хто піша, што паводле закону трэба было б выклікаць міліцыю.
Гэта ня першы ролік, дзе ў розных варыянтах адбываецца канфлікт паміж пасажырамі і работнікамі транспартнай арганізацыі. Паўсюль абыходзіцца без прадстаўнікоў улады, незалежна ад таго, які з бакоў «пачаў першым».
З амэрыканскіх фільмаў ведаю, што паліцыя у свой час нават ня бралася за канфлікты ў чайна-таўнах: гэта праблемы кітайцаў, яны самі разьбяруцца. А кітайцы-імігранты і не зьвярталіся ў паліцыю, а сапраўды самі разьбіраліся.
Амэрыканская ўлада ізалявала імігрантаў ад удзелу ў жыцьці грамадзтва, адпаведна кітайцы, хацелі таго ці не, мусілі самаарганізоўвацца.
Які сэнс званіць у міліцыю ці пісаць заяву ў суд, калі ня верыш, што страчаныя час і нэрвы пойдуць на карысьць?
Гэта як з жалобай на восьмага сакавіка: навошта абурацца, калі можна паківаць галавой, і зрабіць, як лічыш патрэбным?
Усе разумеюць, што ў шэрыфа свае праблемы, а ў кітайцаў — свае.