Палітвязьні павіншавалі сваіх жанчын

Гэтымі днямі жонкі, маці, сяброўкі палітвязьняў прымалі віншаваньні зь Міжнародны жаночым днём. З-за кратаў.
Былы кандыдат на выбарах прэзыдэнта Мікалай Статкевіч павіншаваў сваю жонку Марыну Адамовіч.

Марына Адамовіч: «Напісаў, што нарэшце ў прагулачным дворыку ў адным куточку на ўзроўні вачэй зьявілася сонца. Раней ён пісаў, што сонца можа зьявіцца толькі ў сакавіку — і вось дачакаўся. Ён піша, што яны з суседам па чарзе гуляюць у тым месцы, каб сонца ім было пароўну, захоўваюць справядлівасьць. Калі там прагулкі, дакладна я ня ведаю. Здаецца, пасьля 11-й гадзіны, але бывала, што і пасьля абеду».

Мікалай Статкевіч асуджаны да 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Больш за год таму палітык быў пераведзены для адбыцьця пакараньня з папраўчай калёніі ў магілёўскую турму як злосны парушальнік рэжыму.


Эдуард Лобаў

Маладафронтавец Эдуард Лобаў, асуджаны на 4 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства, атрымаў дазвол на кароткі званок дамоў і павіншаваў сваю маці, Марыну Лобаву з 8 сакавіка.

«Ліст ад яго яшчэ не дайшоў, а званок быў. Пра сябе сказаў, што ў яго ўсё нармальна, без навінаў. Адзінае, сказаў, што тая харчовая перадача, якую я перадавала, ужо закончылася. Усё зьелі», — апавяла Марына Лобава.

У Эдуарда Лобава за час знаходжаньня ў івацэвіцкай калёніі было 10 розных спагнаньняў за парушэньні рэжыму, яму абмежавалі суму грошай, якія можна выдаткаваць у турэмнай краме. Паводле Марыны Лобавай, звычайнага харчаваньня вязьням не хапае, і тыя, хто ня мае харчовых перадач з волі, адчуваюць недахоп ежы.


Мікалай Аўтуховіч

Грамадзкая актывіста Тацяна Кім атрымала паштоўку зь віншаваньнямі з 8 сакавіка ад Мікалая Аўтуховіча, зь якім рэгулярна лістуецца. Тацяна Кім мяркуе, што Мікалай Аўтуховіч павіншаваў гэткім чынам і іншых знаёмыя яму жанчын: «Ён гэтак робіць штогод».

Прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча асуддзілі на 5 гадоў зьняволеньня за захоўваньне патронаў, сам ён заяўляе пра перасьлед за барацьбу супраць карупцыі чыноўнікаў. Аўтуховіча трымаюць у гарадзенскай турме ў адзіночнай камэры.


Аляксандар Францкевіч

11 сакавіка мае выйсьці з карцэру Аляксандар Францкевіч, вязень івацэвіцкай калёніі. Карцэрам яго пакаралі за парушэньне рэжыму. У чым дакладна правініўся Францкевіч, ягонай маці Тацяне невядома. Падрабязнасьці яна спадзяецца даведацца ад адваката, які паедзе да Аляксандра на наступным тыдні. Сама Тацяна Францкевіч зьвязвае чарговае пакараньне сына карцэрам зь ціскам на яго адміністрацыі калёніі:

«Падобна на тое, што бліжэй да вызваленьня ідзе ціск на яго. Увесь час нейкія прыдзіркі, нейкія парушэньні. Летась і пазалетась такога не было».

Актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча асудзілі на 3 гады зьняволеньня за ўдзел у нападах на шэраг адміністрацыйных будынкаў. У палітвязьня няма адной ныркі, і маці вельмі турбуецца за здароўе сына пасьля адседкі ў карцэры. Тацяна Францкевіч зьбіраецца прыехаць у івацэвіцкую калёнію разам з адвакатам, каб перадаць сыну чарговую харчовую перадачу.