Адбіткі пальцаў у Белавежы і памідоры на Камароўцы

Джоан Станкевіч

Размова з Джоан Айві Станкевіч, аўтаркай кнігі ўспамінаў «Жыцьцё з водарам небясьпекі: Эўрапейскія прыгоды падчас падзеньня камунізму», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве Outskirts Press у ЗША.

Ян Максімюк: Прыміце нашы віншаваньні з нагоды выхаду кнігі. Гэта ваша першая кніга? У вас раней быў аўтарскі досьвед?

Джоан Айві Станкевіч: Так, гэта мая першая кніжка. Раней у мяне быў толькі журналісцкі досьвед. Тут мне трэба было павучыцца, як пісаць успаміны, і таму я працавала з адным прафэсарам у Ратгерскім унівэрсытэце, каб зьмяніць свой спосаб пісаньня.

Максімюк: Калі і як пачалося ваша «жыцьцё з водарам небясьпекі»?

Станкевіч: Яно пачалося, калі я выйшла замуж за Вячку Станкевіча. Мы сустрэліся ў Нью-Ёрку і там пажаніліся. Гэтае замужжа адкрыла перада мною зусім новую сфэру зацікаўленьня. Мой муж прымаў вельмі актыўны ўдзел у дзейнасьці беларускіх арганізацый у Брукліне; мне вельмі падабалася тое, што рабіла беларуская грамада ў Нью-Ёрку, падабаліся іхныя песьні, танцы і народныя строі. Беларусы, якіх я раней ніколі не сустракала, падаліся мне наогул вельмі мілымі, ветлівымі і інтэлігентнымі людзьмі...

Максімюк: Ваш муж быў дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода цягам 10 гадоў. У сувязі з гэтай ягонай пасадай вы пераехалі ў Мюнхэн. Ці шмат вы ведалі тады пра Беларусь як краіну?

Станкевіч: Не, няшмат. Праўда, я раней удзельнічала ў розных праграмах ААН, скіраваных да студэнцкага і акадэмічнага асяродзьдзя, але тое, што зь іх можна было даведацца пра Савецкі Саюз і Беларусь, адлюстроўвала хутчэй савецкі пункт погляду. Пра самую краіну я ведала няшмат.

Максімюк: Мне прыгадваецца, што ўпершыню я сустрэўся з вамі і вашым мужам у Белавежы ў чэрвені 1989 году, на нейкім народным фэсьце, арганізаваным беластоцкімі беларусамі. Гэта была ваша першая паездка за «жалезную заслону»?

Станкевіч: Так, гэта было наша першае падарожжа, ад якога, калі можна так сказаць, мне ўвесь час было моташна. Спачатку мы пабывалі ў Празе, і там, мушу сказаць, атмасфэра была вельмі цяжкая. Людзі былі вельмі асьцярожныя ў размовах з намі. Калі мы ўехалі ў Польшчу, мы адчулі сябе крыху свабадней. Там ужо пачыналася нешта, за чым адчувалася больш свабоды. Праўда, я там на вуліцы ўпершыню пабачыла вадамёт, якім разганяюць дэманстрацыі, але ў размовах зь людзьмі адчувала, што яны менш скаваныя, чым чэхі. Нешта ў Польшчы лунала ў паветры...

Максімюк: Гэта быў чэрвень 1989 — месяц, калі ў Польшчы адбыліся першыя часткова свабодныя выбары. Так што вы маеце рацыю, зьмены тады ўжо віселі ў паветры... Ці можаце ўспомніць нейкае здарэньне ці сытуацыю з вашага побыту ў краінах за «жалезнай заслонай», калі вы фактычна адчулі «водар небясьпекі» ці проста нечага спалохаліся?

Станкевіч: Так, былі сытуацыі, калі мы адчувалі сябе даволі няўтульна, калі нам здавалася, што за намі ўвесь час сочаць... Адзін з такіх момантаў здарыўся у Белавежы, калі там выступала танцавальная група «Васілёк» з Амэрыкі. Мы падарожнічалі аўтамашынай з жылым фургонам, але тую ноч мы вырашылі правесьці ў гатэлі. Ранкам мы выявілі, што наш жылы фургон ноччу нехта ўзламаў. Мы паведамілі ў міліцыю, якая сказала нам прыйсьці ў пастарунак, каб здаць адбіткі пальцаў. Маўляў, яны хацелі мець нашы адбіткі, каб не паблытаць іх зь іншымі, якія ў нашым фургоне маглі пакінуць узломшчыкі... І тады мой муж сказаў — не, сваіх адбіткаў мы ім не пакінем. У камуністычнай краіне да працаўніка Радыё Свабода могуць аднесьціся як да агента ЦРУ, і хто ведае, што яны могуць паспрабаваць нам даказаць, узяўшы нашы адбіткі... Таму мы хутка заплацілі наш рахунак у гатэлі і паціху зьехалі, ня маючы намеру ні здаваць адбіткі пальцаў на міліцыі, ні вяртацца калі-небудзь у той гатэль...

Максімюк: Але ж і прыгода... Спадар Станкевіч ніколі мне пра яе не распавядаў... Але гэта было ў Польшчы, дзе не было так страшна, як у Беларусі. А ў Беларусі вы былі?

Станкевіч: Я ня езьдзіла ў Беларусь, калі яна была за «жалезнай заслонай». Маё першае сутыкненьне зь Беларусьсю адбылося ў 1993 годзе, на Першым зьезьдзе беларусаў сьвету. Мне было цікава, як выглядае Беларусь, таму што Вячка мяне папярэдзіў, што калі Беларусь стане незалежнай, ён пераедзе ў гэтую краіну, каб дапамагаць у яе разьвіцьці. І ён сказаў мне, што я паеду разам зь ім...

Максімюк: І што вы яму адказалі?

Станкевіч: Гэта было ў 1960 годзе. Адказ тады быў для мяне вельмі лёгкі: так, безумоўна, я паеду з табою... Так што разумееце, чаму я была вельмі цікаўная ў 1993 годзе, як тая Беларусь выглядае...

Мы паўдзельнічалі ў зьезьдзе, пабывалі ў Курапатах ды наведалі шпіталь, дзе лячылі дзяцей ад радыяцыі пасьля Чарнобылю. Мы таксама схадзілі на Камароўскі рынак, каб прыкупіць крыху ежы на дарогу, бо і ў Менск мы езьдзілі нашым аўтам з жылым фургонам... І вось там я ўбачыла, што чарга перад латком з гароднінай, дзе стаялі мы, была вельмі кароткая, а крыху далей, перад іншым латком з гароднінай, пакупнікоў было ў разы болей. Чаму? Вячка распытаўся, і аказалася, што мы стаялі там, дзе прадавалі беларускую гародніну, а на тым іншым латку прадавалі агуркі і памідоры з Каўказу... Людзі наогул баяліся радыяцыі і вельмі асьцярожна куплялі беларускую гародніну. Толькі тады мы заўважылі лічыльнікі Гайгера на рынку, якімі людзі правяралі ўзровень радыяцыі ў закупленых прадуктах... Я глянула на памідоры, якія мы купілі, і яны мне падаліся ненатуральна вялізнымі... Але потым махнула рукой: нават калі яны з радыяцыяй, дык адзін раз пакаштаваць можна...

Максімюк: Ці помніце сваё першае ўражаньне ад людзей, убачаных ва Ўсходняй Эўропе? Яны адрозьніваліся выглядам ад людзей, якіх вы штодня бачылі ў Амэрыцы або ў Заходняй Нямеччыне?

Станкевіч: Як толькі мы пераехалі мяжу паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай, адразу кінулася ў вочы, што тамтэйшыя людзі былі нечым моцна прыгнечаныя і амаль цалкам пазбаўленыя надзеі. Такі ў іх быў выгляд. Ніхто не ўсьміхаўся. Дамы былі моцна занядбаныя, выглядалі так, як бы іх ніколі не рамантавалі... Таму калі Радыё пераехала зь Мюнхэну ў Прагу і мы таксама там пасяліліся, мне было вельмі прыемна назіраць, як краіна паволі мяняе сваё аблічча да лепшага. Хоць некаторыя нам казалі, што трэба некалькі пакаленьняў, каб пазбыцца спадчыны, якую пакінуў камунізм.

Максімюк: Вялікі дзякуй вам за размову.

На Першым зьезьдзе беларусаў сьвету, 1993


З памідорамі на Камароўскім рынку


Вячка Станкевіч


Сын Стыў адбівае кавалак Бэрлінскага муру