Саракашыш: Вырашылі сьпісаць на бацьку

СІЗА КДБ

Дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы Георгі Саракашыш застаецца ў СІЗА КДБ у Менску. Сваякі могуць пра яго нешта даведацца толькі праз адваката. Спатканьняў, лістоў ці кантактаў зь ім праз тэлефон не было ад моманту затрыманьня 21 сьнежня мінулага году.

Сын Георгія Саракашыша Канстанцін сьцьвярджае, што бацька ні ў чым не вінаваты:

«Нішто ня зрушыць сытуацыю зь мёртвай кропкі, пакуль Лукашэнку ня скажуць, што ўсё было ў парадку, што тут будоўля ішла выдатна, з апераджэньнем. Іншы раз грошы яшчэ не былі сплачаныя, а ўжо было пабудавана на гэтыя грошы. Бо асноўная мэта ў бацькі была — усё гэта завяршыць да лета, да Алімпіяды, каб усе комплексы былі на баявой гатоўнасьці. Усё да гэтага ішло, і так бы яно і было. А тут прыходзіць новы дырэктар, які пачынае гробіць санаторый. У выніку ўжо скардзяцца людзі, адпачывальнікі».

Паводле Канстанціна, бацька рабіў тое, чаго хацелі, пра што прасілі і што загадвалі рабіць ягоныя начальнікі з кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.

«Хацелі пабудаваць комплекс у Паляне — ён яго будаваў. Хацелі, каб ён кіраваў пансіянатам „Марская зорка“, — ён ім кіраваў. Хацелі, каб ён кіраваў санаторыем „Беларусь“ і „Краснай палянай“, — ён кіраваў. Яны хацелі, каб ён ім будаваў, — ён ім будаваў. Усё гэта чорт ведама што проста. Кіраўніцтва спраў папрасіла грошай на будоўлю, і ім далі.

Але будоўля ў Сочы апошнія гады — гэта дурдом. Атрымалася, што адпачатку яны папрасілі мала грошай. Будаўнічыя фірмы ня могуць у цяперашніх рэаліях будаваць у Сочы за тыя грошы, якія былі адпачатку запатрабаваныя. А калі прыйшлі прасіць яшчэ грошай, ім сказалі,што іх няма, шукайце дзе хочаце.
Дазораў жа ўскрыў сабе вены. Ад чаго гэта робяць людзі?! Ад таго, што спужаліся

Вырашылі сьпісаць на бацьку — маўляў, ён украў, таму грошай і няма. А не таму,што кіраўніцтва спраў перадумвала некалькі разоў падчас будаўніцтва: узводзіцца аб’ект, прыходзяць і кажуць, што не спадабаўся, напрыклад, хол — перарабіце. А тое, што гэта выліваецца ў дадатковыя страты, пра гэта нешта ніхто ня думаў. І бацька ўсе гэта рабіў. Ён увесь свой час і здароўе паклаў на тое, каб гэта ўсё было. Дазораў жа ўскрыў сабе вены. Ад чаго гэта робяць людзі?! Ад таго, што спужаліся. І ў выніку вырашылі ўсё павесіць на бацьку. Цяпер санаторый гэты ўгробяць, бо кіраўнікі, якія прыехалі цяпер ім кіраваць, наўрад ці справяцца з тым аб’ёмам. За 30 гадоў добра зрабіць гэта мог толькі бацька, і ў выніку стаў хлопчыкам для біцьця».

Жонка зьняволенага ў СІЗА КДБ Лола Саракашыш кажа, што пра затрыманьне мужа 21 сьнежня мінулага году ёй паведамілі праз тэлефон, пасьля таго як муж прыехаў у Менск у камандзіроўку. Разам зь ім затрымалі намесьніка Аляксандра Кізіма і падрадчыка будаўнічай арганізацыі.

«І цяпер цішыня, няма ніякай інфармацыі. Спатканьняў не даюць, і тэлефанаваньняў таксама. Зьбіраюся напісаць першы ліст, ня ведаю, як дойдзе. Я нават ня ведаю, што яму інкрымінуюць. Там нейкія вар’яцкія сумы называюцца. Проста кашмар. Наколькі я ведаю, сьледчыя нават не прыходзяць да яго. Па 6–7 гадзін допыты вяліся. Ну, пытаюцца пра адно і тое ж. Ведаю, што да паездкі мужа ў Менск намесьнік Корбута чамусьці парэзаў сабе вены. Ну з чаго гэта раптам? Потым Корбут раптам ні з пушчы ні з поля піша заяву на звальненьне».

Карэспандэнт: А што там за будоўлі, вакол якіх разгарнулася ўся гэтая гісторыя?
Ён усё захаваў і прымножыў. Ён жа працаголік. І раптам невядома што

Саракашыш: «Упраўленьне спраў замаўляла будаўніцтва, пабудаваць новыя комплексы, новыя катэджы. палепшыць тэрыторыю санаторыя. Муж выбіў ім на Паляне цудоўны аб’ект. Будаваў наагул з нуля. Ён жыў гэтай працай, ён хадзіў па гэтай тэрыторыі, траву вычышчаў, рабіў абрэзку сваімі рукамі. Ён рупіўся аб гэтым. Лепшага санаторыя ў горадзе няма. Ён жа тут працуе з 80-га году ў санаторыі. Ён усё захаваў і прымножыў. Ён жа працаголік. І раптам невядома што».

У абавязкі мужа ўваходзіла заўсёды сустрэць, забясьпечыць усім неабходным кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, калі той прыяжджаў у Сочы:

«І аховай, і бясьпекай, і картэжам, правесьці, сустрэць, прыняць. Усё было без праблем. А тут зусім незразумела што. Можа, хто зь сябе на яго як на стрэлачніка перавёў. Вось няхай прыйдуць у кватэру і пабачаць, чым мы валодаем. Нават рамонту тут у нас няма. Нехта зойдзе, скажа — гэта так дырэктар жыве? Не павераць. Апроч двухпакаёвай кватэры плошчай 53 квадратныя мэтры, у нас нічога няма».

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, які быў затрыманы беларускімі спэцслужбамі, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Аналягічны артыкул Крымінальнага кодэксу пагражае і ягонаму намесьніку, беларусу Аляксандру Кізіму, які таксама застаецца пад вартай. Новым дырэктарам санаторыя «Беларусь» прызначаны Ўладзімер Рыжанкоў, які кіраваў дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, быў начальнікам мэдычнага ўпраўленьня комплексу «Менск-Арэна».

Былы першы намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта Анатоль Дазораў быў звольнены яшчэ на пачатку году. Потым пайшоў у адстаўку і кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут. На яго месца прызначаны Віктар Шэйман.