Сталіна загадаў вывезьці ў адрыну і ўзяць пад варту

Your browser doesn’t support HTML5

Мянчук, які афармляў «расчлянёнага» Сталіна

Васіль Шарапаў стаў сьведкам самых значных палітычных працэсаў ХХ стагодзьдзя. Нарадзіўся, як кажуць, яшчэ «пры цару». Пасьля былі Халхін-Гол і франты ІІ Усясьветнай, раненьне і страта нагі. У мірны час паўтара дзясятка гадоў кіраваў Менскім гарвыканкамам, да канца 1980-х — міністар будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог. І хоць чыноўнікі рэдка трапляюць у гісторыю, але Васілю Іванавічу давялося ўдзельнічаць у эпахальнай падзеі — афармляць «расчлянёны» помнік правадыру ўсіх народаў, зрынуты з п’едэсталу ў 1961-м. Пра сваю датычнасьць да разьвянчаньня культу асобы Сталіна 96-гадовы сьведка тых падзеяў расказаў Ігару Карнею.

— Помнік Сталіну быў урачыста адкрыты ў Менску 21 верасьня 1952 году. У той жа дзень зьявілася пастанова аб наданьні імя Сталіна абноўленаму праспэкту — былой вуліцы Савецкай. Працуючы ў райкаме Сталінскага (цяпер Заводзкага) раёну, ці маглі вы сабе ўявіць, што празь нейкі час давядзецца кантраляваць дэмантаж велічнай 10-мэтровай статуі?

— Дзесьці за тры месяцы да сакавіка 1953 году — у канцы лістападу 1952-га — я прыйшоў у Менскі гаркам другім сакратаром. Помнік на Цэнтральнай плошчы ўжо стаяў, а заканчвалі яго, сапраўды, калі я працаваў яшчэ ў Сталінскім райкаме. Дакладней, скульптура была выкананая, яе толькі «абсмоктвалі» на розных важных нарадах. Памятаю, як упершыню трапіў на сход да аднаго з аўтараў — Заіра Азгура. У будынку яшчэ недабудаванага «Мінскпраекту» была ўсталяваная фігура Сталіна ў гіпсе. Выслухоўвалася канструктыўная крытыка: што зроблена правільна, што можна яшчэ ўдасканаліць. Сабралася чалавек пад 30 скульптараў, мастакоў, архітэктараў; кожны выказваў сваё меркаваньне, рабіў заўвагі. Вядома, Азгур адбіўся, адстаяў сваю ідэю, і ўрэшце праект зацьвердзілі. А калі толькі пачалі будаваць, фундамэнт рыхтаваць, то кожны дзень выяжджаў на месца. Справа ў тым, што тэрыторыя Цэнтральнай плошчы ўваходзіла ў склад Варашылаўскага райкаму, бо якраз па Савецкай вуліцы была мяжа паміж Варашылаўскім і Сталінскім раёнамі. Таму практычна штодня, пакуль не зрабілі падмурак, не паставілі, не ўмацавалі фігуру, бываў там.

Васіль Шарапаў


— Ці былі нейкія спрэчкі адносна выгляду помніка? У розных гарадах Сталін выглядаў хоць і не зусім разнастайна, але ўсё ж не аднолькава.

— Напрыканцы абмеркаваньня застаўся хіба што адзін спрэчны момант: надзець фуражку Сталіну ці ўсё ж пакінуць без галаўнога ўбору? Аўтары не пярэчылі ніводнаму варыянту, бо, зразумела, у кожным пытаньні ёсьць доля палітыкі. Калі без фуражкі, то неяк можна ачалавечыць — проста пазірае згары на натоўп як «звычайны» правадыр народаў. А калі ў фуражцы, то будзе падкрэсьлівацца, што ён перадусім генэралісімус, палкаводзец. У выніку вырашылі пакінуць зь непакрытай галавой, крыху схіліўшы яе, нібыта ў знак удзячнасьці перад выбарцамі. Бо якраз у 1952 годзе былі выбары ў Вярхоўны Савет СССР, ён абіраўся па І-й Маскоўскай выбарчай акрузе. І надалей прымаліся рашэньні ставіць помнікі без фуражкі — і тут, і ў парку Горкага, і ля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе Сталін сядзеў побач зь Леніным.

— Памятаеце сам дзень 5 сакавіка 1953 году? Якія пачуцьці былі пасьля першых зьвестак пра сьмерць «правадыра ўсіх народаў»? Шок, страх?..

— Скажу так: страху не было, хоць усё звалілася зьнянацку. Усе па-рознаму рэагавалі. Калі раніцай абвясьцілі — памёр Сталін — дзесьці гадзін пад 11 на Цэнтральнай плошчы ля помніка пачаў зьбірацца народ. Відавочна, тысяч 50–60, бо плошча была занятая цалкам. Як паводзілі сябе? Па-рознаму. Былі, вядома, плакальшчыкі, як кажуць, «прафэсійныя». Жанчыны асабліва гучна прычыталі. Размаўлялі між сабой, але радасьці не было ніякай. Хто радаваўся, той, мабыць, на плошчу не прыйшоў. Я стаяў разам з генэралам, намесьнікам камандуючага Беларускай ваеннай акругай Бурдзейным. Баявы камандзір, камандаваў у Сталінградзе танкавым корпусам, потым вызваляў Беларусь. Стаялі мы непасрэдна каля помніка. Нас паступова акружылі, прыціснулі да пастамэнту. Потым маса людзей станавілася ўсё большай, пачалі ўздымацца па скосах, і нас ледзь не прыплюшчылі да самога помніка. Даволі непрыемная была сытуацыя, бо магло скончыцца цісканінай. Урэшце ўсё завяршылася спакойна: паплакалі, пагаравалі ды разышліся. Потым ужо сабе волю давалі хто як. Многія радаваліся, бо шмат было людзей глыбока параненых. Я маю на ўвазе, параненых не на вайне, а параненых у жыцьці. Тым больш я і сам ведаў шмат каго ў горадзе, бо асабіста займаўся гэтымі людзьмі. Гэта тыя, хто вяртаўся з турмаў, зь лягераў. Але былі і тыя, хто шчыра перажываў скон правадыра. Тут адназначнай рэакцыі быць ня можа.

Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы


— У 1954 годзе вы заступілі на пасаду старшыні Менскага гарвыканкаму. Праз два гады ХХ зьезд КПСС разьвянчаў культ асобы, але да пачатку 1960-х Сталін усё яшчэ ўзвышаўся над Менскам. Чаму ад словаў да справы дайшло толькі празь пяцігодку?

— Ну, як увогуле вырашалася? У 1956-м, як кажуць, акрэсьлілі збольшага маральнае стаўленьне да ўсяго, што адбывалася пры Сталіну. А калі ў 1961 годзе прайшоў ХХІІ зьезд будаўнікоў камунізму, выступіў Хрушчоў (я таксама быў на тым зьезьдзе), дэлегаты ўжо прынялі рашэньне вынесьці парэшткі Сталіна з Маўзалею, пахаваць побач са сьцяной на Краснай плошчы. І ў ноч на 1 лістапада зрабілі перазахаваньне. Гэтаксама вырашылі прыбраць помнікі, перайменаваць аб’екты, плошчы, праспэкты і г.д… Прайшло літаральна некалькі дзён, як вярнуліся мы са зьезду, тэлефануе мне першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Кірыл Мазураў: маўляў, заўтра пачнуць разьбіраць помнік Сталіну. Да гэтай працы, кажа, сам ня лезь, усё будуць рабіць ваенныя. Але як усё будзе арганізавана, як усё будзе праходзіць, трэба паназіраць асабіста. І я, уласна кажучы, з пазыцыі назіральніка бачыў, як дэмантавалі помнік, члянілі фігуру на часткі і, як потым аказалася, нават скралі два гузікі з бронзавага шыняля.

— Кажуць, што настолькі моцная была канструкцыя, што ледзьве ня танкамі давялося вырываць зь зямлі…

— Гэта праўда. Фундамэнт быў надзвычай моцны, глыбокі. Магу нават назваць прараба, які будаваў. Быў такі будаўнік Мірончык, ён потым працаваў начальнікам камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму. Гэта ён пабудаваў такі вось маналітна-бэтонны падмурак. Безумоўна, будавалі на вякі — упасі гасподзь, каб заваліўся 10-мэтровы помнік Сталіну. Што да танкаў, то дакладна не магу сказаць. Тэхнікі ўвогуле было шмат, але фундамэнт узрывалі. Танк там нічога ня зробіць. Сам помнік зьнялі асобна, а потым займаліся пастамэнтам. З-за таго, што ў ногі канструкцыі заходзілі рэйкі, трэба было яе неяк разгойдаць. Але там былі танкавыя цягачы, мабыць, яны ўсё і зрабілі. Як канкрэтна зрывалі канструкцыю з пастамэнту, шчыра кажучы, ужо ня памятаю. Але 3 лістапада 1961 году помнік быў зьнішчаны канчаткова. А ўжо 7 лістапада, як быццам нічога і не бывала, тут прайшоў парад у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі.

— Увогуле кожны ахвотны мог бачыць зьвяржэньне бронзавага Сталіна?

— Не, народ на плошчу не пусьцілі. Ну, як? Масавасьць тут ніякая і не была патрэбная. Пачалі руйнаваць увечары 2 лістапада. Першым чынам члянілі фігуру, ногі вырывалі — дакладней, боты адрывалі ад пастамэнту. А ўсё астатняе, самае складанае, ужо рабілася ўначы — гэта, як я казаў, быў падмурак. Зь ім намучыліся. Раніцай народ пайшоў на працу, многія хацелі паглядзець, але за агароджу нікога не пусьцілі. Была выстаўленая ахова, ачапілі ня толькі плошчу, але і бліжэйшыя вуліцы. Хтосьці здалёк, магчыма, нешта і ўбачыў. Мяркую, са сквэрыку ад Дому афіцэраў, адтуль агляд быў добры.

— Якім чынам транспартавалі помнік і дзе ён быў схаваны ад народа?

— Увогуле сам помнік вывозілі парэзаны, то бок па частках. Фрагмэнты расклалі па скрынях, запакавалі і падпісалі — што дзе канкрэтна, якія дэталі. Была ў нас такая гаспадарка — трэст добраўпарадкаваньня, у раёне цяперашняй вуліцы Караля, на тагачаснай Абутковай, дзе былі старыя габрэйскія могілкі. Там месьціліся ангары для аўтатранспарту па ачыстцы і прыборцы вуліц. Я выклікаў упраўляючага трэстам Нісенбаўма, сказаў, каб ён прыняў па вопісе на склад і выставіў ахову — каб ніхто не пасягаў. Вось і ўся размова. Гэта была, па сутнасьці, такая адрына з дахам, зачыненая на замкі. Там усе сталінскія кавалкі і ляжалі. Лічыце, чатыры скрыні — галава, тулава, ногі з ботамі… Пры канцы 1960-х, калі я ўжо сыходзіў з гораду, наведаў тую адрыну ў апошні раз. Куды помнік падзеўся потым? Хто яго ведае. Можа, урэшце на пераплаўку пайшоў. Што яго трымаць? Тым больш разрэзаны…

— Помнік, з вашага гледзішча, меў мастацкую вартасьць?

Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы

— Павінен сказаць, што магутная фігура была. І выкананая была ў мастацкім стылі, гэта бясспрэчна. Гэты помнік застаўся ў друку, думаю, што многія захавалі гэтыя выявы дагэтуль. Таму што як скульптура — я не кажу ў дадзеным выпадку пра саму асобу Сталіна — канструкцыя вельмі ўражальная. Дый якія людзі руку прыклалі — Азгур, Бембель, Глебаў, іншыя.

— Помнік Сталіну прыбралі, але яшчэ заставаўся праспэкт яго імя…

— Праспэкт перайменавалі неўзабаве. Доўга не гадалі, назвалі Ленінскім. Хрушчоў як стаў першым сакратаром, то мэханізм закруціўся напоўніцу. У 1961-м у Маскву паклікалі сакратароў ЦК рэспублік і проста загадалі вынішчыць усякую памяць пра Сталіна. І ўжо на распараджэньне Мазурава былі зьнесеныя ня толькі помнікі, а вычысьцілі ўсюды, дзе былі бюсты, карціны, іншыя мастацкія творы. Паступова, паціху ўсё прыбралі. Хрушчоў пасьля пленуму разгледзеў пытаньне на Палітбюро, і нават зьявілася пастанова: дэсталінізацыю — пад асабістую адказнасьць сакратароў ЦК рэспублік. І Мазураў узяўся вельмі адказна. Прыкладам, была збудаваная калянада перад уваходам у Батанічны сад, упрыгожаная барэльефамі партыйных дзеячаў, дык Сталіна адтуль прыбралі. На вуліцы Сьвярдлова таксама барэльеф прыбралі. Шмат у якіх месцах. То бок ужо пасьля ХХІІ зьезду ЦК рэспублікі прымаў рашэньне, дзе і што прыбіраць, зьвязанае зь імем Сталіна.

— Магчыма, вы ведаеце, што недалёка ад Менску ў музэйна-забаўляльны комплекс ператвораная так званая «Лінія Сталіна». Сярод іншага, там ёсьць і помнік Сталіну…

— Ну і няхай сабе стаіць. Я лічу, што і гэты помнік з Цэнтральнай плошчы трэба было б там паставіць. Каб знайшлі, вядома. Як узор твору мастацтва той эпохі. Калісьці, яшчэ пры жыцьці самога Сталіна, у Ленінградзе быў пакінуты помнік камусьці з расейскіх цароў, ня памятаю, якому менавіта. Па-мойму, ён і цяпер там стаіць. Пры Сталіну гэта падавалася як «пудзіла самадзяржаўя». Так і ягонае «пудзіла» цалкам дзесьці магло б быць сёньня. Хай сабе і на «Лініі Сталіна».

— Многія лічаць, што за тэрор, за зьнішчэньне мільёнаў людзей, за стратэгічныя памылкі падчас вайны ня варта пакідаць нават «пудзіла»…
Хрушчоў тры разы адмыслова прыяжджаў з камандай у Кіеў, каб пакапацца ў архівах і, выглядае, выцягнуць са спраў нейкія дакумэнты па расстраляных ці рэпрэсаваных

— Гэта розныя рэчы. Безумоўна, са Сталіна пёры трэба было павышчыпваць, трэба было зьняць зь яго пазалоту. Але я вам іншае скажу. У 1953 годзе я паехаў у Сочы. У наш санаторый пуцёўкі не было, мне далі пуцёўку ў санаторый украінскі. Побач у пакоі жыў памочнік старшыні Савету міністраў Украіны. Мужык нармальны, мы шмат зь ім гаварылі. Дык вось ён расказаў: у траўні 1953-га, праз 2 месяцы пасьля сьмерці Сталіна, Хрушчоў тры разы адмыслова прыяжджаў з камандай у Кіеў, каб пакапацца ў архівах і, выглядае, выцягнуць са спраў нейкія дакумэнты па расстраляных ці рэпрэсаваных. Бо пры яго кіраўніцтве ЦК кампартыі Ўкраіны расстрэлаў там было больш, чым дзе, ня лічачы Расеі. Так што і сам Хрушчоў — жук яшчэ той, неадназначнае ў мяне да яго стаўленьне. Можна ж было не даводзіць рэпрэсіі да такіх маштабаў. Але ўсе прызвычаіліся: Палітбюро прыняло рашэньне — і ўсё, закон. Памры, але зрабі. Прывычка, якую ня ставілі пад сумнеў.

— Палітычная сыстэма, «удасканаленая» Сталіным, сама па сабе страшная?

— Так, вельмі страшная. Нельга так жыць. І дараваць такія злачынствы нельга — прычым нельга нікому. Таму разьвянчаньне культу Сталіна было аб’ектыўнай і суровай неабходнасьцю, і я да гэтага паставіўся спакойна. Безумоўна, шкада было ўласных гадоў: я ж таксама ваяваў «За Радзіму, за Сталіна!», з гранатай у руцэ ішоў наперад, супраць ворага. А вось яно як усё абярнулася…

Васіль Шарапаў, фота зь сямейнага архіву


Васіль Шарапаў нарадзіўся 25 жніўня 1916 году ў Крупскім раёне на Меншчыне. У 1934-м скончыў аршанскую чыгуначную вучэльню, праз тры гады прызваны ў войска — на Далёкі Ўсход. Але замест дэмабілізацыі ў 1939 годзе быў перакінуты ў Манголію, на Халхін-Гол. У 1941-м, з пачаткам актыўных ваенных дзеяньняў у Эўропе, адпраўлены навучацца на камандзіра бронецягніка. Пасьля першага раненьня ў выніку крушэньня саставу пераводзіцца ў атрад рэактыўных мінамётных сыстэмаў «Кацюша». Атрымлівае другое раненьне. Удзельнічае ў апэрацыі «Баграціён» па вызваленьні Беларусі. У 1944 годзе цяжка паранены пад Воршай, ампутавалі нагу. Праз год дэмабілізаваны ў рангу капітана. Ад 1945-га працуе ў гаркаме Сталінскага раёну Менску, потым пераведзены на пасаду ІІ сакратара менскага гаркаму. Цягам 1954–1969 гадоў узначальваў Менгарвыканкам. Наступныя тры гады — І сакратар гаркаму партыі. Ад 1972 да 1989 гадоў — міністар будаўніцтва і эксплюатацыі аўтамабільных дарог Беларусі.