Чаму Лукашэнка ня хоча прыватызацыі

Ужо два разы пасьля вяртаньня з Сочы Лукашэнка скрытыкаваў урад, чыноўнікаў за празьмерную схільнасьць да прыватызацыі. У мінулую пятніцу ён завіў журналістам: «Пакуль ніякага продажу і абмену ўласнасьці ня будзе. Гэта пустыя разважаньні ці асобных, магчыма, чыноўнікаў, ці тых, хто хоча прамацаць, што скажа Лукашэнка наконт прыватызацыі гэтых прадпрыемстваў. Не дачакаецеся!. Я ніколі на гэта не пайду... Мабыць, пакуль я тыдзень адсутнічаў, вы ўжо нахамуталі тут. Не, супакойцеся, я ўжо прыехаў у краіну, прадаваць нічога ня будзем».

У аўторак, выступаючы на нарадзе пра дзейнасьць Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва, ён зноў ушчуваў чыноўнікаў: «Хопіць балбатаць аб прыватызацыі. Гэта становіцца для нас шкодным. І мяне ўжо пачынае насьцярожваць. Як быццам Мінэканомікі ва ўрадзе няма пра што гаварыць, як толькі аб прыватызацыі».

Лукашэнка проста паўтарыў усе свае ранейшыя перасьцярогі наконт прыватызацыі. Яго турбуюць настроі ва ўрадзе, які ліхаманкава шукае валюту, каб заткнуць фінансавыя дзіркі. Але нават ва ўмовах валютнага дэфіцыту кіраўнік дзяржавы ўсяляк тармозіць працэс продажу дзяржаўных актываў. Чаму? На тое ёсьць некалькі прычын.

Па-першае, Лукашэнка ўпэўнены, што ўласнасьць — гэта ўлада, дзяржаўная ўласнасьць — галоўны грунт аўтарытарнага кіраваньня. Хоць у сьвеце шмат краін з дыктатарскімі рэжымамі, у якіх дамінуе прыватная ўласнасьць, гэта не пераконвае беларускага лідэра. Досьвед жыцьця ў СССР для яго — больш важны аргумэнт.

Па-другое, у ягоным уяўленьні ўлада — гэта кантроль над усімі сфэрамі грамадзкага жыцьця. Калі нейкі сэгмэнт соцыюму не пад кантролем, то ён уяўляе сабою патэнцыйную пагрозу. А як можна ажыцьцявіць усёабдымны кантроль, калі ў краіне дамінуе не дзяржаўны, а прыватны сэктар?

Па-трэцяе, аснова беларускай сацыяльнай мадэлі — патэрналісцкая дзяржава. То бок улада спачатку ва ўсіх забірае рэсурсы, а потым раздае. Хто дзеліць баланду — той і начальнік, у таго і ўлада. Можа даць большую пайку, а можа — меншую. І кожны падданы павінен ведаць, ад каго ён атрымлівае міласьць, і ўсяляк дзякаваць. І калі большасьць насельніцтва будзе атрымліваць заробкі ў недзяржаўным сэктары, то яны такім парадкам зробяцца незалежнымі ад дзяржавы і праз пэўны час пачнуць задаваць непрыемныя пытаньні. Кшталту таго — а навошта нам такі вялізны дзяржаўны апарат, вэртыкаль? І прэзыдэнт тады робіцца проста дзяржаўным службоўцам, а ня «бацькам нацыі», і яму ўжо ня трэба дзякаваць за шчасьлівае жыцьцё.

Па-чацьвёртае, у Беларусі працоўныя калектывы — ня толькі суб’екты гаспадараньня, але і інструмэнт кантролю за палітычнай добранадзейнасьцю працоўных. У кожным зь іх ёсьць пасада намесьніка дырэктара па ідэалёгіі. Паводле вытворчага прынцыпу створаныя арганізацыі «Белая Русь», БРСМ. За ўдзел у апазыцыі звальняюць з працы. Праз працоўныя калектывы ствараюць выбарчыя камісіі, вылучаюць кандыдатаў у дэпутаты, арганізуюць датэрміновае галасаваньне. Калі ж у эканоміцы запануе прыватнік, то ўся гэта сыстэма падвісьне.

Па-пятае, з досьведу рынкавых рэформаў у Расеі і Ўкраіне Лукашэнка зрабіў важную выснову: прыватызацыя стварае алігархаў, якія на нейкім этапе пачынаюць моцна ўплываць на ўладу. Нашто ж ён столькі гадоў вытоптваў палітычнае поле, ператвараў яго ў пустэчу, каб потым сваімі рукамі ствараць сабе канкурэнтаў? Беларускі лідэр упэўнены, што алігарх у краіне павінен быць адзін.

Па-шостае, галоўную небясьпеку, якую Лукашэнка бачыць у моцным прыватным сэктары, ён сфармуляваў на нарадзе аб дзейнасьці Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў якасьці першага і галоўнага тэзісу: «Калі хтосьці зь бізнэсоўцаў будзе фінансаваць „пятую калёну“ ці нейкім іншым чынам аказваць нэгатыўны ўплыў на грамадзтва, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, барацьбу супраць дзяржавы. А там свае законы, няхай потым ня крыўдзяцца падобныя бізнэсмэны». Вось што яго турбуе найперш, а не разьвіцьцё прадпрымальніцтва. Можа, для агучваньня гэтай заявы ён і сабраў тую раду, бо ніякіх іншых сутнасных вынікаў паседжаньня мы ня маем. Уважліва слухайце Лукашэнку, ён заўсёды прагаворвае ўслых усе свае страхі.

Па-сёмае, прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў замежным капіталам стварае пагрозу вонкавага ўплыву на беларускую эканоміку, грамадзтва, уладу. Узгадайце, як пасьля продажу «Белтрансгазу» Расеі Пуцін, прымаючы кіраўніка «Газпрому» Мілера, загадаў павысіць заробкі работнікам «Белтрансгазу» ўдвая. У выніку Мілер перавыканаў плян і абвясьціў, што заробкі бедным беларусам пасьля прыватызацыі павялічыліся ўтрая. Гэта быў ня толькі пернік беларускім грамадзянам, але і адкрытая зьнявага Лукашэнкі. А калі пад кантроль Расеі пяройдуць НПЗ, Беларуськалій, МАЗ і іншыя ключавыя прадпрыемствы... Лукашэнка разумее гэтую небясьпеку беларускай незалежнасьці, а значыць — і ягонай уладзе, таму ўсяляк працівіцца расейскаму ціску.

Такім чынам, прыватызацыя разбурае беларускую сацыяльную мадэль, на якой грунтуецца рэжым Лукашэнкі. Таму ён будзе супраціўляцца ёй да апошняга. І ўсе размовы пра набліжэньне намэнклятурнай прыватызацыі — пустыя.