Кампанія «Гавары праўду»: наш паход у прэзыдэнцкі год

Your browser doesn’t support HTML5

Кампанія «Гавары праўду» абвясьціла стратэгію на 2013–2015 гады пад назвай «Грамадзянская дамова аб пераменах». Лёзунг стратэгіі: «Галоўнае — ня хто замест Лукашэнкі, а што замест Лукашэнкі».
Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў:

«Будаваць мы яе будзем інакш, чым яе мы будавалі да гэтага. У асноўным мы абапіраліся на нэгатыў. Дарэчы, і прэзыдэнцкую кампанію ўсе правялі як: „Вось Лукашэнка такі-сякі, трэба ад яго пазбавіцца, і ўсё будзе добра“. А людзі пытаюцца не пра тое, які Лукашэнка, яны і самі ўсё ведаюць. Яны пытаюцца, як яны будуць жыць, што мы ім прапануем замест. Таму мы сёньня і кажам: „Ня хто замест Лукашэнкі, а што замест Лукашэнкі“.

„Гавары праўду!“ актыўна працавала падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі, зьбіральнікі подпісаў абышлі каля 100 тысяч кватэр. І зрабілі высновы: народ хвалююць дзьве асноўныя праблемы. Першая — эканамічныя перамены дзеля бясьпекі сям’і, другая — аднаўленьне справядлівасьці паміж дзяржавай і грамадзянамі».

Уладзімер Някляеў


Актывіст кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«Мы сёньня прадстаўляем стратэгію, якая адказвае на галоўнае пытаньне: як нам ісьці ў прэзыдэнцкі год, каб мы не апынуліся зноў „ля разьбітага карыта“. Мы распрацавалі стратэгію „Грамадзянская дамова аб пераменах“. Гэта нацыянальны парадак дня. Мы лічым, што зараз трэба вызначаць ня тое, хто замест Лукашэнкі. Мы лічым, што новую большасьць можа аб’яднаць толькі парадак дня пераменаў».

Таму кампанія прапануе распрацаваць нацыянальны парадак дня пераменаў, які павінен складацца з 6–7 асноўных, зразумелых людзям пунктаў. 2013 год павінен стаць годам рэгіянальнага лідэрства. Задача на бліжэйшы час — удзел у мясцовых выбарах, а мэта — увайсьці ў мясцовыя саветы, працягвае Андрэй Дзьмітрыеў:

«Нам патрэбныя рэгіянальныя лідэры: ня два, ня тры, ня дзесяць. Іх павінны быць сотні і тысячы. Мы паставілі амбітную задачу: мець тысячу кандыдатаў на мясцовыя выбары. Нашу задачу мы назвалі «Захапі гарсавет».

Андрэй Дзьмітрыеў


Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, Уладзімер Някляеў выказаў такое меркаваньне:

«Тут трэба будзе яшчэ моцна падумаць, „перці“ на іх ці ня браць ніякага ўдзелу. Як у вайне з узброеным войскам. І зусім рэальны варыянт — байкот на прэзыдэнцкіх выбарах. Але каб прыняць стратэгічнае рашэньне па 2015 годзе, нам трэба зноў зьбірацца ў гурт і абмяркоўваць, што ж мы будзем рабіць».

Але што да сёньняшніх спрэчак пра адзінага кандыдата, кампанія «Гавары праўду!» вырашыла бліжэйшым часам выйсьці з усіх дыскусіяў, — агучыў пазыцыю кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

«Яны разбураюць дэмакратычныя сілы, адзінства, якое павінна быць. Больш за тое, яны дэманструюць людзям, простым беларусам, што мы няздольныя дамаўляцца. Мы не гатовыя сёньня дыскутаваць пра тое, што нас сёньня робіць слабымі і разьядноўвае».
Павінен быць адзіны лідэр у апазыцыі. Усе размовы, што яго не павінна быць, — зноў правакацыя

Але гэта не азначае, што пытаньне з вылучэньнем адзінага кандыдата наагул здымаецца. Яно будзе ставіцца бліжэй да 2015 году, тлумачыць Уладзімер Някляеў:

«Мы бачым нашу задачу не ў разьяднаньні. Не зьбіраюцца Ўладзімер Някляеў і „Гавары праўду!“ захопліваць камандныя вяршыні. Што захопліваць? Кім камандаваць, калі мы вось так расхрыстаныя? Спачатку трэба аб’яднацца, і потым ужо выбраць таго, да каго будзе найбольшы давер і хто стане на гэтую самую вяршыню. Павінен быць адзіны лідэр у апазыцыі. Усе размовы, што яго не павінна быць, — зноў правакацыя».

Уладзімер Някляеў і Андрэй Дзьмітрыеў


Што да Нацыянальнага парадку дня перамен , «Гавары праўду» дамовілася пра супрацоўніцтва з рухам «За свабоду» і партыяй БНФ. Таксама вядуцца перамовы зь іншымі партыямі, рухамі. У «Гавары праўду» хацелі б мець хаўрусьнікамі ўсе арганізацыі грамадзянскай супольнасьці.