Жонка Данькова: Мужаў бізнэс хочуць захапіць

Юры Данькоў

Сьледчыя ў справе Юрыя Данькова просяць у кіраўніцтва яшчэ 3 месяцы на расьсьледаваньне справы вядомага бізнэсоўцы. Тым часам жонка Юрыя Данькова кажа, што бізнэс мужа хочуць адабраць, таму і пачалі крымінальны перасьлед.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў гэтак патлумачыў карэспандэнту Свабоды, чаму сьледчым у справе Юрыя Данькова спатрэбілася яшчэ 3 месяцы, каб завяршыць справу, якая расьсьледуецца зь верасьня мінулага году:

«Магчыма, зьявіліся новыя дадатковыя абставіны і сьледчы палічыў, што трэба яшчэ час. Сьледчы заручыўся падтрымкай кіраўніцтва і быў накіраваны запыт у вышэйстаячую інстанцыю. Але адказу пакуль няма».

Супрацоўнік СК па Менску адмовіўся паведаміць, ці прызнае сябе вінаватым Юрый Данькоў паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў.

Уладальніка «Данькоў-клюба» абвінавачваюць паводле 2 часткі 171 актыкула Крымінальнага кодэксу — гэта «выкарыстаньне занятку прастытуцыяй ці стварэньне ўмоў для занятку прастытуцыяй, учыненыя службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў».

«Данькоў-клюб»


Паводле сайту арганізацыі «Плятформа», якая абараняе правы беларускіх вязьняў, Юрый Данькоў сябе вінаватым не прызнае. Праваабаронцы адзначаюць дзіўныя паводзіны сьведак абвінавачаньня і не выключаюць, што гэтыя жанчыны выконвалі пэўныя ролі ў адмысловай правакацыі супраць Юрыя Данькова.

Жонка Юрыя Данькова Натальля паведаміла сайту «Плятформы» пра пагрозы на свой адрас, а таксама пра пэўныя захады, накіраваныя на перашкоду бізнэсу. На думку Натальлі Даньковай сапраўднай мэтай арышту яе мужа ёсьць незаконны захоп ягонага бізнэсу.