Ня помню дакладна: недзе пад канец мінулага стагодзьдзя або ўжо ў пачатку гэтага наладзілі аўтаматычную тэлефанічную сувязь сьвету з Крынкамі, у якія ў сярэдзіне 1990-х вярнуўся зь Беластоку ў родны дом Сакрат Яновіч. Тады стала магчыма пазваніць пісьменьніку наўпрост; раней трэба было званіць на крынкаўскую пошту і прасіць, каб вас злучылі зь ім уручную. Калі я першы раз пазваніў Сакрату наўпрост і павіншаваў яго з гэтым поступам цывілізацыі ў ягонай ваколіцы, ён сказаў: «Разумееш, нарэшце і Крынкі ўступілі ў дваццатае стагодзьдзе».
Сакрат Яновіч гаварыў так, як і пісаў свае славутыя мініяцюры-сакрацікі — нешматслоўна, зь любоўю да ўчэпістых дэталяў, з эпіграматычным ухілам. Калі ў 1993 годзе мы зь ім складалі для выданьня ў Беластоку ягоную новую кніжку прозы — «Доўгая сьмерць Крынак» — я запытаў, адкуль у яго такая схільнасьць да сьцісласьці і нешматслоўнасьці ў прозе. У каго ён гэтаму вучыўся — ці не ў Гэмінгуэя, напрыклад? «Гэта ў першую чаргу ад майго заіканьня. Я — заіка ад дзяцінства, і ўсе мае аднагодкі калісьці мяне дражнілі. Я змагаўся з заіканьнем тым, што стараўся гаварыць як мага карацей. Каб выказаць думку яшчэ перад тым, як пачну заікацца і мяне заклінуе», — адказаў мне Сакрат з хітраватай усьмешкай. Гэта была ягоная тыповая рэакцыя на сьвет — іронія і самаіронія. Ён не баяўся пакепліваць зь іншых, але адначасова мог пасьмяяцца і з самога сябе. Ды паколькі ён разумеў, што пра Гэмінгуэя я пытаюся зусім сур’ёзна, ён мне тады яшчэ адказаў, што, маўляў, так, стыль Гэмінгуэя яму падабаецца, але сваімі літаратурнымі настаўнікамі ён лічыць Антона Чэхава і Ісаака Бабеля. З бабелеўскай «Канарміі» ён ведаў на памяць цэлыя старонкі. Мне прыгадваецца адзін вечар у рэдакцыі тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку, калі мы завяршылі працу над складаньнем і рэдагаваньнем «Доўгай сьмерці Крынак», і Сакрат, пасьля келіха віна, бутэльку якога я прыхапіў з сабою дзеля такой нагоды, стаў мне чытаць з памяці доўгія фрагмэнты бабелеўскіх апавяданьняў.
Сакрат Яновіч стаяў ля вытокаў той сягоньня ўжо неверагоднай эпохі ў гісторыі беларусаў Беласточчыны, калі ў 1956 годзе ў Беластоку ўзьнік беларускі тыднёвік «Ніва» і ў больш за сотні нашых вёсак пачалося навучаньне беларускай мовы. Ён прыйшоў працаваць у «Ніву» ў пачатку яе існаваньня, калі насамрэч усе на Беласточчыне яшчэ толькі вучыліся пісаць па-беларуску. У 1958 годзе, як адзін з тых, хто найхутчэй навучыўся граматна і культурна пісаць на беларускай мове, ён стаў заснавальнікам Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа». Працаваў журналістам у «Ніве», дзе пісаў усялякую журналісцкую падзёншчыну, але час ад часу публікаваў і нешта вартае большай увагі, на літстаронцы «Белавежы», якая ў той час зьяўлялася ў беларускім тыднёвіку рэгулярна раз на месяц. У 1969 годзе, калі яму было 33 гады, выйшла ягоная першая кніга — мініяцюры і апавяданьні пад назовам «Загоны». Зь сёньняшняй пэрспэктывы асабліва выразна відаць, што была гэта гістарычная дата, нешта накшталт часавага водападзелу ў беларускай літаратуры ў Польшчы. Да зьяўленьня «Загонаў» у нас на Беласточчыне мы мелі толькі вершы — прытым, зусім неблагія і паводле сёньняшніх мерак, як, прыкладам, зборнік «Жнівень слоў» Алеся Барскага з 1967 году — але Сакрат Яновіч першы паказаў, што ў нас можа быць і першаклясная беларуская проза. Беларуская літаратура ў Польшчы, якая нарадзілася ўсяго дзясятак гадоў перад публікацыяй «Загонаў», з гэтай кніжкай увайшла ў пэрыяд свайго сталеньня.
Потым у жыцьці Сакрата Яновіча сталася нешта не да канца ўсім зразумелае. У пачатку 1970-х яго звольнілі з працы ў «Ніве», выкінулі з партыі як «беларускага нацыяналіста» і пастараліся, каб доўгі час ён ня мог знайсьці ў Беластоку прыстойнай працы. З чалавека, які ў 1960-х належаў да эліты беларускага руху ў Польшчы і быў калі ня ў самым яго цэнтры, дык недзе зусім блізка, Сакрат Яновіч раптоўна стаўся грамадзкім аўтсайдэрам. Ён ня кінуў пісаць, але яго цяпер публікавалі адно ў Варшаве, у польскіх перакладах. Пасьля «Загонаў» з 1969 году наступнай кніжкай па-беларуску, якая выйшла ў Беластоку, была згаданая мною «Доўгая сьмерць Крынак» з 1993 году. Сакрат Яновіч у 1970-х і 1980-х, можна сказаць, быў грамадзкім аўтсайдэрам, але надалей заставаўся ў інтэлектуальнай эліце. Ну бо ж сапраўдная эліта складаецца якраз з сапраўдных грамадзкіх аўтсайдэраў...
Адно праз амаль 40 гадоў мы даведаліся, што Сакрат Яновіч у 1970 годзе выблытаўся з супрацоўніцтва з польскай спэцслужбай, у якую ўблыталі яго, 21-гадовага дзецюка, хітрыя польскія чэкісты, якія гаварылі на беларускай мове і апэлявалі да ягонага беларускага пачуцьця...
1980-тыя з палітычна-інтэлектуальным браджэньнем, выкліканым «Салідарнасьцю», былі вельмі плённым і актыўным пэрыядам для Сакрата Яновіча. Падпольна ён выдаваў «Беларускія дакумэнты», пішучы нязвыклай для беластоцкіх беларусаў лацінкай, а ў польскіх часопісах публікаваў у фрагмэнтах нарыс па гісторыі Беларусі і беларускай ідэі пад назвай «Białoruś, Białoruś». Нарыс выйшаў кніжкай у 1987 годзе ў выдавецтве «Iskry», стаючыся адным з найцікавейшых тагачасных выданьняў у Польшчы. Кніжка стала настольнай для ўсіх польскіх публіцыстаў, якія спрабавалі пасьля Яновіча пісаць пра польска-беларускія дачыненьні і сувязі.
У 1989 годзе, на часткова свабодных парлямэнцкіх выбарах, Сакрат Яновіч пагадзіўся стаць кандыдатам у Сэнат ад Беларускага выбарчага камітэту. А пасьля выбараў, нягледзячы на тое, што ў той час ён пачаў выразна недамагаць ад сур’ёзнага захворваньня на дыябэт, Сакрат Яновіч з душою і галавою кінуўся ў нашу найбольшую авантуру таго пэрыяду — арганізаваньне палітычнай беларускай партыі ў Польшчы (Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня) ды наладжваньне палітычных і гаспадарчых сувязяў Беласточчыны з далукашэнкаўскай Беларусьсю.
У сярэдзіне 1990-х Сакрат пакінуў Беласток і пераехаў у Крынкі, у бацькоўскі дом, які калісьці сам аднавіў і перабудаваў. Пасьля гарадзкой мітусьні яму быў патрэбны спакой, таксама і дзеля здароўя. Але няўрымсьлівы характар не дазволіў яму сядзець са складзенымі рукамі. У Крынках Сакрат, пры дапамозе рэдактара «Часопіса» Юркі Хмялеўскага і мастака Лявона Тарасэвіча, заснаваў фонд «Villa Sokrates» і штогод, цягам першага дзесяцігодзьдзя ў нашым новым стагодзьдзі, арганізаваў у агратурыстычным цэнтры каля Крынак летнія сустрэчы пісьменьнікаў, перакладчыкаў і акадэмічных дасьледчыкаў, якія цікавіліся Беларусьсю і беларускімі пытаньнямі. Сустрэчы называліся «Беларускімі трыялёгамі» — як правіла, на іх зьбіраліся людзі з «трох старон»: Захаду, Польшчы і Рэспублікі Беларусь, — і ім кожны год спадарожнічала выданьне зборніка літаратурных і дасьледніцкіх матэрыялаў пад назовам «Annus Albaruthenicus».
Сакрат Яновіч быў і застаўся да канца беларускім асьветнікам-традыцыяналістам: у кантактах з удзельнікамі сваіх трыялёгаў ён карыстаўся звычайным ліставаньнем па пошце і тэлефонам. Кампутара ня меў і ніякай электроннай пошты ня ведаў. То бок, калі мне трэба было апублікаваць нешта ў ягоным зборніку «Annus Albaruthenicus», я раздрукоўваў свой тэкст на паперы і пасылаў яго Сакрату ў Крынкі ў звычайным канвэрце. А электронны файл я пасылаў Юрку Хмялеўскаму, які займаўся тэхнічным бокам выдавецкай справы фонду «Villa Sokrates».
Сёньня, калі ў Фэйсбуку я ўбачыў паведамленьні аб сьмерці Сакрата Яновіча і «лайкі» пад некаторымі з гэтых паведамленьняў, мая першая думка была прыблізна такая: вось памёр адзін з апошніх прадстаўнікоў нашай клясычнай нацыятворнай эпохі, якая сваімі каранямі сягае нашаніўскай пары ці нават яшчэ ранейшага часу, беларускага асьветніцтва ХІХ стагодзьдзя пасьля студзеньскага паўстаньня... Гэты чалавек ніяк ужо не пасуе да калясальнага постмадэрністычнага сьметніку, якім сталася сучасная культура ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. Ён увесь застаўся ў кніжках, у слове, друкаваным на паперы. Вось у такім, напрыклад:
«Не зразумець мне, дзеля чаго жывуць у Крынках людзі. Даўным-даўно павінна іх ня быць: урослыя ў зямлю будынкі й размытыя вуліцы тут будуць укрытыя сьвяжуткімі бярэзьнічкамі, грыбнымі пералескамі. Пушча атуліць непатрэбную ў капіталізм ваколіцу. (...) Позьніцца прыход сюды новай цывілізацыі гораду й лесу. Вінаватыя ў гэтым, вядома, палякі, перабіраючыся ў пакінутае беларусамі фэадальнае староньне. Бессэнсоўна яны мяркуюць, што хоць у Крынках, гэтым пасьляхалопскім цені гораду, можна выжыць... А ў іх жа магчыма толькі ціха памерці».
Зямля табе пухам, Сакраце.