Беларуса Юрыя Чарняўскага абвінавачваюць у продажы зброі Ірану і кантрабандзе наркотыкаў.
Кампанія TM Services
Чарняўскага называюць заснавальнікам TM Services — беларускай кампаніі, якая падпала пад новыя санкцыі ЗША. У пастанове дзярждэпартамэнту яны абвінавачваюцца ў парушэньні амэрыканскага закону аб нераспаўсюджваньні зброі масавага зьнішчэньня ў дачыненьні да Ірану, Паўночнай Карэі і Сырыі.
Паводле інфармацыі рэсурсу Arab Times Online, Юры Чарняўскі можа быць ключавой фігурай у крымінальнай структуры бізнэсоўцаў з былога Савецкага Саюзу. Структура займаецца адмываньнем грошай і наркатрафікам. Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі — элітнае вайсковае фармаваньне Ірану — падтрымлівае яе, каб пераадольваць фінансавыя праблемы, якія ўзьніклі ў выніку міжнародных санкцый.
Паводле гэтага англамоўнага кувэйцкага выданьня, бізнэсмэны зь Беларусі і Ўкраіны маюць кампаніі ў Іране, а таксама ў іншых краінах Пэрсыдзкай затокі. Праз гэтыя фірмы яны наладжваюць кантакты зь іншымі кампаніямі, у тым ліку і ў Эўропе.
24 сьнежня 2009 году Чарняўскі быў затрыманы ў аэрапорце Бахрэйна з 500 грамамі какаіну. Мяркуецца, што ён накіроўваўся з Індыі ў Савудаўскую Арабію. Спачатку Чарняўскі прызнаўся ў кантрабандзе наркотыкаў, але пазьней, як паведамляе выданьне, адмовіўся ад сваіх словаў.
Суд над Чарняўскім меўся адбыцца 12 траўня 2010 году. Ці адбыўся ён, невядома. Аднак журналісты кувэйцкага выданьня сьцьвярджаюць, што Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана рабіў усё магчымае, каб вызваліць Чарняўскага, перш чым той прызнаецца, што шмат гадоў удзельнічаў у адмываньні грошай і кантрабандзе наркотыкаў на карысьць Корпусу.
Чарняўскі быў на волі ў 2011 годзе, што пацьвярджаюць журналісты Reuters. Два гады таму TM Services ізноў трапіла пад пільную ўвагу службаў бясьпекі ААН. Reuters пісала тады, што «Беларусь робіцца ключавым элемэнтам у спробах Ірану разьвіваць уласную сыстэму ракет „зямля-зямля“, ядзерны патэнцыял, асабліва ў галіне прадуктаў навігацыі і кіраваньня, якія характарызуюцца як прадукты падвойнага прызначэньня».
Беларусь робіцца ключавым элемэнтам у спробах Ірану разьвіваць уласную сыстэму ракет „зямля-зямля“, ядзерны патэнцыял
Паводле Reuters, Чарняўскі праз TM Services спрабаваў купіць у расейскай кампаніі «Оптолинк» адпаведныя тэхналёгіі, каб прадаць іх Ірану. У размове з журналістамі Reuters Чарняўскі адмаўляў любыя кантакты з Іранам. А вось дырэктар «Оптолинк» Юры Каркішка ў той жа час паведаміў, што Чарняўскі спрабаваў купіць у іх інэрцыйную вымяральную прыладу, нібыта для патрэбаў БНТУ. Гэта ключавы кампанэнт для кіраваных ракет, а таксама самалётаў, караблёў і касьмічных апаратаў.
TM Services мае англамоўны сайт, на якім сярод іншага прапануе бесьпілётныя лятальныя апараты і сыстэмы кіраваньня імі, сыстэмы навігацыі, спадарожнікавыя сыстэмы, нанаматэрыялы, аптычнае і лазэрнае абсталяваньне.
Паводле сайту, кампанія разьмяшчаецца ў Менску на Першамайскай вуліцы. Аднак калі мы паспрабавалі патэлефанаваць па нумарах, пазначаных у кантактах, нам адказалі, што цяпер там кампанія «Сіт груп». «Мы да санкцыяў ні пры чым, — адказвае на нашае пытаньне мужчынскі голас. — Можа, калісьці тут і быў „Сэрвісіз“, а цяпер тут „Сіт груп“».
«Оптолинк», хоць і значыцца ў партнэрах TM Services на іхным сайце, цяперашняе партнэрства адмаўляе. Кажуць, было калісьці даўно, цяпер не супрацоўнічаюць. Гэтаксама не згадалі супрацоўніцтва з TM Services на ўкраінскім прадпрыемстве «Арсэнал», якое спэцыялізуецца на вытворчасьці навігацыйных сыстэмаў, сыстэмаў арыентаваньня і нацэльваньня ракетна-касьмічнай тэхнікі, інфрачырвоных галовак саманавядзеньня для ракет клясаў «зямля-паветра», «паветра-паветра».
Кампанія КБ «Радар»
«Мы нічога ня будзем камэнтаваць наконт гэтага», — сказалі ў прыёмнай прадпрыемства.
Паводле пастановы дзярждэпартамэнту ЗША, пад санкцыі падпадаюць і даччыныя кампаніі «Радара», а гэта ТАА «Алевкурп» і ТАА «Волатаўто».
«Пару гадоў таму ў „Радара“ была нібыта спроба заключыць кантракт з Іранам на пастаўку радыёлякацыйных станцыяў агляду паветранай прасторы, — апавядае Аляксандар Фірсакоў, вядучы навуковы супрацоўнік ТАА „Алевкурп“. — Максымум год таму. Але тады ім сказалі, што Іран пад санкцыямі ААН, таму кантакты зь ім „адставіць“. „Радар“ добрасумленна сказаў „ёсьць“ — і ўсё».
Ёсьць у Фірсакова свае меркаваньні, чаму «Радар» мог трапіць пад санкцыі: «Была інфармацыя, што кіраваньне бесьпілётнікам, які іранцы прызямлілі, парушылі праз радыёэлектроннае падаўленьне навігацыйных спадарожнікавых сыстэмаў, — разважае ён. — А „Радар“ якраз піша на сайце, што яны сыстэмы па падаўленьні gps робяць».
Іран паведаміў пра захоп амэрыканскага бесьпілётніка 4 сьнежня 2012 году. ЗША спачатку адмаўлялі гэты факт, але пазьней Іран прадэманстраваў свой трафэй.
Фірсакоў сьцьвярджае, што іхнае «прадпрыемства ня мела і ня мае кантактаў з Іранам». «Мы робім асобныя фрагмэнты для зэнітна-ракетнай зброі. Але чыста абарончага значэньня, — кажа ён. — Але гэта не завершаныя ўзоры».
Мы робім асобныя фрагмэнты для зэнітна-ракетнай зброі. Але чыста абарончага значэньня
«Рашэньне Дзярждэпартамэнту выклікае неўразуменьне, — кажа Фірсакоў. — „Радар“ нас не ствараў, мы толькі ўвайшлі ў холдынг. І ракетамі нашае прадпрыемства не займаецца. Забаўна, што і „Радар“ не займаецца ані зброяй масавага зьнішчэньня, ані крылатымі балістычнымі ракетамі».
Паводле старшага навуковага супрацоўніка «Алевкурпа», «ніякіх замоваў ад ураду ЗША мы ня маем і нічога там не купляем. Партнэры нашыя ўсе ў Расеі».
«Я ня думаю, што Расея будзе нейкім чынам выконваць рашэньні Дзярждэпу ЗША. Яны ведаюць, што мы „не кантачым“ з Іранам. І нашыя распрацоўкі ня тычацца зброі масавага зьнішчэньня», — падсумоўвае Фірсакоў.
Як пішуць на сайце кампаніі, «Радар» быў створаны ў 1974 годзе для «вырашэньня задач радыёлякацыйнага распазнаваньня».
У 2011 годзе быў створаны холдынг «ТАА КБ Радар», ягонымі ўдзельнікамі сталі ТАА «Алевкурп» і ТАА «Волатаўто», якія таксама падпалі пад санкцыі.
МЗС РБ назваў санкцыі ЗША «аднабаковымі»: «Гэта звычайная практыка Злучаных Штатаў Амэрыкі, і ў гэтым для нас няма нічога новага. Таму, мы проста прынялі гэтае рашэньне да ведама», — паведамляе МЗС РБ.