Рудкоўскі: 7 гадоў пантыфікату даліся Бэнэдыкту XVI нялёгка

Камэнтуючы заяву папы рымскага аб намеры пакінуць пасаду, манах, каталіцкі публіцыст Пётра Рудкоўскі, прыгадвае скандалы, якія апошнім часам давялося вырашаць Ватыкану.

Рудкоўскі: Папа Бэнэдыкт XVI — Ёзаф Рацынгер — гэта перадусім інтэлектуал, багаслоў. І быць лідэрам больш чым мільярднай супольнасьці каталікоў, кіраўніком дзяржавы было складана для яго. 7 гадоў ягонага пантыфікату даліся яму нялёгка. Апрача гэтага, быў шэраг напружаньняў: гэта і працяг педафільскіх скандалаў, і фінансавыя недарэчнасьці ў ватыканскім банку — гэта было вялікае псыхалягічнае выпрабаваньне для Ёзафа Рацынгера.

Дракахруст: Крок цяперашняга папы — амаль беспрэцэдэнтны. Ці ня зробіць адстаўка цяперашняга папы шкоду царкве і веры?

Рудкоўскі: Не, зусім не. Тут справа ў тым, што гэта проста рэдка здараецца. Але ў гэтым няма нічога дзіўнага. Любы біскуп мае права пайсьці ў адстаўку. Біскупам у касьцёле рэкамэндавана, каб у 75 гадоў яны прасілі Сьвяты пасад аб дазволе пайсьці. Папа рымскі біскуп Рыму таксама мае такое права. Гэта проста рэдка здаралася. Няма падставаў быць тут нечым абураным ці шакаваным.