На мінулым тыдні ў Бельску на Падляшшы адбылася паніхіда на гарадзкіх вайсковых могілках. Служыў праваслаўны бацюшка, сабралася невялікая група людзей. Паміналі зусім не вайсковых людзей, а 30 мірных жыхароў Падляшша, якія загінулі 67 гадоў таму. Некаторых зь іх застрэлілі. Ім, так сказаць, пашанцавала. Бо большасьць зь іх, як здаецца, забілі абухом сякеры.
Асаблівыя могілкі
Дзіўныя гэтыя вайсковыя могілкі ў Бельску. У камуністычны час там былі толькі сымбалічныя магілы савецкіх салдатаў, якія загінулі ў 1944 годзе, вызваляючы Беласточчыну ад немцаў. Пасьля палітычнага пералому 1989 году на іх зрабілі таксама месца і для змагароў антыкамуністычнага падпольля, то бок тых, хто змагаўся і супраць савецкіх салдатаў, якія вярталіся пасьля здабыцьця Бэрліну дахаты. А ў 2002 годзе там зьявіўся помнік 30 фурманам, праваслаўным беларусам, якіх забілі згаданыя антыкамуністычныя змагары.
То бок на гэтым бельскім могільніку ляжаць парэшткі і забойцаў, і іхніх ахвяраў, як у мэтафарычным, так і літаральным сэнсе. Зразумела, паніхіды там служаць у розныя дні, з розных нагодаў і розныя служкі — то праваслаўныя бацюшкі, то каталіцкія ксяндзы.
Крывавы рэйд
30 падляскіх сялянаў забілі жаўнеры з аддзелу гэтак званага Нацыянальнага вайсковага задзіночаньня (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe), створанага тымі вайскоўцамі Арміі Краёвай, якія не пагадзіліся на яе фармальны роспуск у пачатку 1945 году. Аддзелам кіраваў капітан Рамуальд Райс (псэўданім «Буры»), які ў 1944 годзе перайшоў з АКаўцамі зь Віленшчыны на Беласточчыну. Пасьля роспуску Арміі Краёвай «Буры» ўступіў у камуністычнае Войска Польскае, але неўзабаве дэзэртыраваў зь яго і пайшоў у антыкамуністычнае падпольле. У гісторыі Беласточчыны «Буры» запісаўся перш за ўсё як выканаўца крывавага рэйду пад канец студзеня і на пачатку лютага 1946 году, у выніку якога было спалена пяць вёсак і загінулі 79 чалавек, праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі. Шмат хто зь іх згарэў у падпаленых хатах.
Паводле таго, што здолела выявіць сьледзтва ў справе рэйду (матэрыялы гэтага сьледзтва я гартаў у беластоцкім судзе ў пачатку 1990-х), 28 студзеня 1946 «Буры» са сваім аддзелам (у якім было каля 200 чалавек, як былых АКаўцаў зь Віленшчыны, так і мясцовых палякаў) апынуўся каля вёскі Лозіцы. Там аддзел запыніў абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне на загад улады ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы.
29 студзеня аддзел «Бурага» зрабіў бравурны напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдатаў і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка (якому, паводле матэрыялаў пазьнейшага сьледзтва, удалося ўцячы).
30 студзеня аддзел «Бурага», праяжджаючы празь вёску Краснае Сяло, пастанавіў памяняць некаторых вазакоў і загадаў солтысу ў вёсцы падрыхтаваць новыя падводы. З Краснага Сяла выехалі з аддзелам 12 фурманаў, вярнуліся дадому чацьвёра.
31 студзеня аддзел «Бурага» апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы. Фурманаў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і згаварыць пацер па польску, ён адпусьціў дадому. А іншых — загадаў забіць. Людзі ў Пухалах потым казалі, што ў тую ноч у вёсцы чуваць было крыкі катаваных людзей і толькі нешматлікія стрэлы. Хутчэй за ўсё, фурманаў затаўклі абухамі сякер, а стралялі толькі ў тых, якія спрабавалі ўцякаць. Агулам — 30 чалавек, з 12 вёсак: Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька.
1 лютага «Буры» спаліў вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах «Буры» загадаў сабраць усіх людзей на сход у адной хаце, дзьверы да якой яго жаўнеры потым завязалі і хату падпалілі. Шмат людзей абгарэла, але ніхто не загінуў, бо людзі ўрэшце высадзілі дзьверы і кінуліся ўцякаць. Я быў у Залешанах у 1990 годзе, гаварыў са сьведкамі таго часу. Яны мне казалі, што жаўнеры, якім было загадана вартаваць хату, пакуль яна не згарыць дашчэнту, стралялі па людзях, якія ўцякалі ў поле, але хутчэй паўзьверх іх, каб не пацэліць. Парадаксальна, у вёсцы загінулі людзі, якія на сход не прыйшлі. «Буры» загадаў падпаліць усю вёску, і 15 чалавек, уключна зь дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад пажару. У далучаным відэароліку Пётр Младзяноўскі, жыхар Залешанаў, распавядае пра той крывавы дзень у сваёй вёсцы. Яму тады было шэсьць гадоў, і ён быў у палаючай хаце, зь якой спрабаваў уцячы акном яшчэ перад тым, як ашалелыя ад жаху людзі выламалі дзьверы. Пётр Младзяноўскі гаворыць на падляскай гаворцы сваёй вёскі.
http://www.youtube.com/embed/mSuNfLqz3Ik
2 лютага аддзел «Бурага» спаліў вёску Зані (забіўшы 24 чалавекі) і Шпакі (загінулі 9 чалавек). Я быў у Занях у 1990 годзе і гаварыў са сьведкамі той трагедыі. Калі хто хоча ведаць, як выглядае падляская вэрсія беларускай Хатыні, можа пачытаць мой артыкул з таго часу, апублікаваны ў «Ніве» ў траўні 1990. Асобам з далікатнымі нэрвамі чытаньне не рэкамэндуецца.
«Бурага» камуністы злавілі ў 1948 годзе, судзілі ў Беластоку і павесілі ў 1950-м. У судзе «Буры» сваёй віны не прызнаў, звальваючы адказнасьць за спаленыя вёскі і забітых беларускіх сялян на свайго намесьніка.
Потым
Мы, пакаленьні падляскіх беларусаў, народжаных пасьля вайны, вырасьлі, так бы мовіць, у зарыве ад гэтых пажараў з студзеня-лютага 1946-га. Мы ня ведалі жахлівых падрабязнасьцяў усіх гэтых 79 забойстваў, але таго, што ведалі, нам хапала, каб разумець, хто паляк, а хто свой. Калі я сёньня думаю, а што насамрэч зьяўляецца той найважнейшай гістарычнай падзеяй, якая застаецца ў сьвядомасьці ўсіх беларусаў Беласточчыны і ў ацэнцы якой яны абсалютна згодныя, дык прыходжу да высновы, што гэта якраз тыя палаючыя вёскі і тая нявінная кроў зь зімы 1946. Усё іншае мела значна меншае значэньне ў параўнаньні з гэтай этнічнай чысткай, праведзенай палякамі над беларусамі.
Цягам усяго камуністычнага пэрыяду ніхто не пісаў праўды пра Зані і Залешаны. Нават камуністы, якія засудзілі «Бурага» на сьмерць, ня ведалі, як да гэтай тэмы падступіцца. Забітыя з Занёў і Залешанаў былі оптам залічаныя ў ахвяры «змаганьня за ўмацаваньне народнай улады», але нават для камуністычных публіцыстаў гэткае акрэсьленьне гучала вельмі фальшывай нотай. Якім чынам змагалася за ўладу чатырохгадовае дзіця з Занёў, якое забілі разам зь яго васьмідзесяцігадовым дзедам? Слова «генацыд» у гэтым кантэксьце было забароненае, а слова «этнічная чыстка» тады ніхто не ўжываў.
У посткамуністычнай Польшчы «Бурага» рэабілітавалі. Суд у Варшаве ў 1995 годзе вырашыў, што палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва, Рамуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Гэта ня жарт, а афіцыйная фармулёўка рашэньня аб рэабілітацыі.
Беларусы спахапіліся запозна, тым ня менш заснавалі Камітэт сем’яў забітых фурманаў, якому пасьля доўгіх гадоў валтузьні з афіцыёзам удалося перапахаваць парэшткі закатаваных фурманаў на вайсковым могільніку ў Бельску і паставіць помнік з высечанымі на ім імёнамі ахвяраў і іх ката.
Сьледзтва ў справе крывавага рэйду «Бурага» доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці — інстытуцыя, якая займаецца «злачынствамі супраць польскай нацыі». Інстытут спыніў гэтае сьледзтва ў 2005 годзе, зрабіўшы выснову, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946-га на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». Але гэтае рашэньне ня мела ніякіх наступстваў, то бок, нікога ў гэтай справе дадаткова не абвінавацілі, не адмянілі рэабілітацыі «Бурага» і ня выплацілі ніякай кампэнсацыі сем’ям закатаваных і спаленых людзей.
Ужо некалькіх гадоў чуваць галасы, што сем’ям забітых фурманаў трэба падаць калектыўны пазоў у суд супраць дзяржавы, якая рэабілітавала злачынцу, адказнага за генацыд, і выплаціла кампэнсацыю яго сям’і, а пры гэтым ніяк ня ўважыла сем’яў ахвяраў. Гаварылі пра гэта і пасьля сёлетняй паніхіды.
«Jakaja ž to pravda na sviêti?» — пытаецца рытарычна ў відэароліку Пётр Младзяноўскі з Залешанаў, згадваючы рэабілітацыю «Бурага».
На рытарычныя пытаньні наогул ня варта адказваць, але я адкажу: jakraz takaja pravda na sviêti.