Маці чакае Васіля Парфянкова дамоў 9 лютага

Васіль Парфянкоў

9 лютага мусіць выйсьці на волю і вярнуцца дахаты палітвязень Васіль Парфянкоў, зьняволены на 6 месяцаў у арыштным доме ў Баранавічах.
Валянціна Парфянкова: «Напісаў, што ліставаўся зь сябрамі, абяцалі прывезьці на аўтамабілі, але , відаць, не атрымліваецца. Ніхто яго на аўтамабілі не сустрэне, і ён прыедзе сам, сваім ходам. Вось і чакаю яго ў будучую суботу, але калі — у абед ці ўвечары — як атрымаецца».

Паводле Валянціны Парфянковай, яе сын пачуваецца добра. Асабліва маці рада таму, што сын падчас адседкі кінуў паліць і пакуль трымаецца: «Ці ўтрымаецца, як выйдзе на волю? Гэта галоўнае».

Васіля Парфянкова пакаралі арыштам на 6 месяцаў за парушэньні правілаў адбыцьця прафіляктычнага нагляду, які актывіст атрымаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі ўжо пасьля таго, як быў памілаваны і выйшаў з калёніі ў Воршы. Там Васіль Парфянкоў адбыў больш за паўгода з 4 гадоў зьняволеньня, якімі суд пакараў яго за ўдзел ў мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня выбараў 19 сьнежня 2010 году.