Сямашка і Кірыенка разьбілі пляшку аб экскаватар

Гендырэктар дзяржкарпарацыі «Росатом» Сяргей Кірыенка не выключае магчымасьці збудаваньня яшчэ двух блёкаў на Беларускай АЭС у Астравецкім раёне.


Пра гэта ён заявіў 1 лютага падчас урачыстай цырымоніі пачатку працаў на катлаване пад другі энэргаблёк Беларускай атамнай станцыі, паведамляе БелаПАН.

«Калі заказчык акрэсьліць неабходнасьць, могуць быць пабудаваныя трэці і чацьвёрты блёкі», — сказаў Кірыенка.

Кіраўнік «Росатома» падкрэсьліў, што гэта будзе ўзорна-паказальная будоўля, якую можна дэманстраваць замежным заказчыкам.

«Мы цяпер разглядаем магчымасьць запрасіць сюды нашых партнэраў з Бангладэш і Віетнаму, якія толькі зьбіраюцца будаваць свае першыя атамныя станцыі», — сказаў Кірыенка.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка і Сяргей Кірыенка разьбілі пляшку шампанскага аб экскаватар, які выняў коўш зямлі з новага катлавану. Папярэдне месца катлавану асьвяцілі каталіцкія і праваслаўныя сьвятары.

Мяркуецца, што ўвечары ў Менску прадстаўнікі беларускага і расейскага ўрадаў падпішуць пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры ядзернай бясьпекі.

У дзень прыезду гендырэктара «Росатома» экспэрты, навукоўцы, прадстаўнікі грамадзкасьці Беларусі распаўсюдзілі адкрыты зварот, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку, прэм’ер-міністрам Беларусі і Расеі Міхаілу Мясьніковічу і Дзьмітрыю Мядзьведзеву, міністру энэргетыкі Беларусі Аляксандру Азярцу, а таксама гендырэктару «Росатома» Сяргею Кірыенку. Яны патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС, якое ажыцьцяўляецца без архітэктурнага праекту, з парушэньнем заканадаўства і тэхнічных нормаў.