Смалянчук: Гігін і кампанія стаяць на пазыцыях «расейскай ускраіны»

Алесь Смалянчук

Афіцыйныя прапагандысты наладзілі канфэрэнцыю «Польскае шляхецкае паўстаньне 1863 году. Погляд на падзеі праз 150 гадоў».
Удзельнікі абмеркаваньня выказалі сваё бачаньне тых падзей. У прыватнасьці, дацэнт Інстытуту тэалёгіі БДУ Аляксандар Бендзін апраўдваў мэтады Віленскага губэрнатара Мураўёва, на распараджэньне якога былі забітыя і сасланыя ў Сыбір сотні ўдзельнікаў паўстаньня.

Дацэнт катэдры паліталёгіі БДУ Усевалад Шымаў удакладніў, што Каліноўскі насамрэч ня дбаў ні пра якое Вялікае Княства Літоўскае, а намагаўся аднавіць выключна Рэч Паспалітую. У такой жа танальнасьці прамаўлялі і іншыя ўдзельнікі.

Адзін з удзельнікаў той канфэрэнцыі, рэдактар дзяржаўнага часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін, у прыватнасьці, заявіў «Свабодзе»:

«Быў вялікі тэрор, пра які мы ня ведаем. Мы гаворым пра 128 павешаных Мураўёвым паўстанцаў, але ня ведаем, што ад іх рук загінулі сотні, калі ня тысячы, ахвяр, якія часам былі бязьвінныя. Прычым гэта былі зусім дзікія тэрарыстычныя расправы».

Прапагандыст Лукашэнкі Гігін заклікае пазбавіцца ад «каліноўшчыны», разьвеяць міт аб Каліноўскім як нацыянальным героі, быццам бы створаны савецкай гістарыяграфіяй, якая бачыла ў лідэру паўстанцаў змагара з царызмам.

Ігар Кузьняцоў

Гісторык Ігар Кузняцоў перакананы, што падобным чынам улады Беларусі ставяцца ня толькі да постаці Кастуся Каліноўскага і паўстаньня 1863 году, але і да гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, тэмы сталінскіх рэпрэсій:

«Усё, што зьвязана зь беларускай гісторыяй, выклікае алергію ў цяперашняй улады, і адносна гэтага ўладай абраны сродак замоўчваньня. Гэтая дата нідзе не адзначаецца, гэтае паўстаньне нідзе не аналізуецца, у падручніках пра яго пішуць як пра стыхійнае і выпадковае паўстаньне».

Сваё стаўленьне да поглядаў сучаснай афіцыйнай гістарыяграфіі выказвае доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, які шмат гадоў вывучае акалічнасьці і абставіны паўстаньня 1863 году:

«Я ацэньваю сучасную афіцыйную беларускую гістарыяграфію як спробу зьвесьці разам пэўныя савецкія ідэалягемы і ідэалягемы заходняга русізму, які ўзьнік у другой палове XIX стагодзьдзя і на Беларусі да гэтага часу яшчэ жывы. Таму выступы Гігіна, Шымава, Бендзіна ды іншых — гэта проста чарговая праява згаданага заходняга русізму ў беларускім грамадзкім жыцьці, у беларускай ідэалёгіі, спроба гэты заходні русізм увесьці яшчэ і ў гістарычную навуку, хоць навукі там, па вялікім рахунку, няшмат.

Іншымі словамі, калі ацэньваць паўстаньне 1863 году як „польскае паўстаньне“, як гэта да гэтага часу робіцца ў Расеі, калі ацэньваць Беларусь як заходні край Расеі, то, канечне ж, Кастусь Каліноўскі выступае як вораг. Гэтыя людзі папросту знаходзяцца не на беларускіх пазыцыях, а на пазыцыях „расейскай ускраіны“ заходняй Русі. І кіруюцца яны ня вынікамі нейкіх уласных навуковых дасьледаваньняў, а выключна ідэалягічнымі пасыламі заходняга русізму».