Рост коштаў на бэнзін: пакрысе, але няспынна

16 студзеня ў Беларусі зноў вырасьлі кошты на бэнзін і салярку — у сярэднім на 5%. На працягу апошніх некалькіх гадоў, сутыкнуўшыся з пратэстамі аўтамабілістаў, улады выкарыстоўваюць новую тактыку: кошты на паліва растуць пакрысе, але няспынна.
У канцэрне «Белнафтахім» чарговае падаражэньне паліва традыцыйна тлумачаць «паэтапным збліжэньнем цэнаў у краінах Мытнага зьвязу». З Расеяй, на якую Беларусь традыцыйна арыентуецца, гэтыя паказьнікі практычна выраўняліся, і экспэрты задаюцца пытаньнем: якімі аргумэнтамі будзе кіравацца ўрад, тлумачачы наступныя падаражэньні?

У ліпені 2011-га 30-працэнтнае падвышэньне коштаў паліва вылілася ў масавую акцыю кіроўцаў «Стоп-бэнзін». Тады блізу 2 тысяч аўтамабіляў перакрылі цэнтральныя праспэкты Менску, на некалькі гадзінаў спаралізаваўшы мэгаполіс. Ужо на наступны дзень Аляксандар Лукашэнка загадаў «адкруціць» усё назад, абвінаваціўшы падначаленых у бяздумнай цэнавай палітыцы. І параіў варыянт, пры якім і вытворцы застануцца задаволеныя, і людзі абурацца ня будуць — падвышаць часта, але не нашмат.

Гаворыць аналітык аўтамабільнага рынку Аляксей Бабайцаў:

«Зразумела, што ў нас прынялі варыянт паступовага, паэтапнага, пакрысе падняцьця коштаў. І абсалютна відавочна, дзеля чаго гэта робіцца — перадусім каб пазьбегнуць народнага незадавальненьня. Вядома, дзяржава на гэтым нешта страчвае, як страчваюць і розьнічныя гандляры — тыя, што рэалізуюць бэнзін на аўтазалівачных станцыях. Цалкам натуральна, што ім таксама хацелася б большай маржы. Але гэта такі своеасаблівы кампраміс, за які дзяржава атрымлівае, перш за ўсё, спакой у грамадзтве. Да таго ж усю гэтую сытуацыю можна выруліць на карысьць пэўных перавагаў для ўлады — маўляў, наша палітыка такая, што такім вось чынам мы падтрымліваем ніжэйшыя цэны на сацыяльна значныя тавары. А паліва, зразумела, для ўсіх рэч значная».

Летась кошты паліва падвышаліся чатыры разы, атрымаўшы па выніках году істотны прырост. Так, дызпаліва агулам падаражэла на 21,5%, «Аі-92» — на 22%, «Аі-95» — на 23%, «Нармаль-80» — больш чым на 32%. Якраз тыя лічбы, якія годам раней выклікалі масавае незадавальненьне аўтамабілістаў. Але, расьцягнутыя на 12 месяцаў, падвышэньні прайшлі нібыта незаўважанымі. Яшчэ больш адчувальным было падаражэньне паліва ў крызісны 2011-ты. Тады цэны расьлі 11 разоў, і за год дызпаліва вырасла ў кошце амаль у 2,5 раза, «Аі-92» — удвая, «Аі-95» — у 1,8 раза, «Нармаль-80» — у 2,4 раза.


Цана на дызэльнае паліва ў Беларусі і суседніх краінах, у эўра /Колькі літраў бэнзіну можна набыць на сярэдні заробак



Разьлікі Беларускага транспартна-лягістычнага парталу і расейскагага агенцтва «Рэйтынг»

Пры цяперашніх тэмпах інфляцыі, нягледзячы нават на рэгулярныя падвышэньні коштаў, бэнзін і салярка застаюцца таньнейшыя, чым у бальшыні суседніх краінаў.

У пераліку на даляры ці эўра паліва ў Беларусі каштуе ў 1,5–2 разы меней, чым у Польшчы, Латвіі ці Літве. Такая дыспрапорцыя забясьпечвае працай сотні жыхароў памежных рэгіёнаў, якія ўсялякімі шляхамі вывозяць паліва ў краіны Эўразьвязу.

Цана на паліва ў Беларусі ніжэйшая, чым у суседніх краінах. Таму яго туды вывозяць.

На колькі павінна падаражэць паліва ў Беларусі, каб цэны зраўняліся:

Краіна %
Латвія 92
Літва 95
Польшча 93,6
Расея 15
Украіна 34,7

Як кажа галоўны рэдактар газэты «Автодайджест» Анатоль Шаўчэнка, пры цяперашніх разьбежках у коштах бэнзінавая кантрабанда будзе актуальнай яшчэ доўга:

«Што тычыцца вывазу бэнзіну, то сам бачыў, як у Берасьці людзі чакаюць па 12 гадзін, каб выехаць у Польшчу. А як толькі выходны, дык цэлы натоўп гэтых „бэнзавозаў“, як іх памежнікі называюць, туды ломіцца. Прычым рэгулярна гэтым займаюцца нават не дзясяткі чалавек. Для іх гэта рэальны заробак. Ім лепш два разы крутнуцца, нават не мяняючы машыны, вывезьці бэнзін і пры канцы дня лічыць прыбыткі. Нават таксісты гэтым займаюцца. Але гэта характэрна найперш для памежных раёнаў — зразумела, ніхто зь Менску не паедзе туды гандляваць. Гэта магчымасьць такім чынам зарабляць для тых, хто жыве ў памежжы. Бо ў іншым выпадку ўвесь прыбытак зьядуць транспартныя выдаткі. Чакаць, што нешта зьменіцца, цяжка — пакуль люфт паміж коштамі ў Беларусі і ў той жа Польшчы істотны. Проста ён будзе крыху большы, крыху меншы. За 10%, зразумела, ніхто паліва не павязе, але калі ў 1,5–2 разы ёсьць надбаўка, то, вядома, будуць вывозіць».

Паводле студзеньскай статыстыкі, калі бэнзін самай распаўсюджанай маркі «Аі-95» (92-гі лічыцца тэхнічна састарэлым і ў Заходняй Эўропе ўжо не рэалізуецца) у Беларусі каштуе 0,67 эўрацэнта за літар, то ў Латвіі — 1,35, у Літве — 1,37, ва Ўкраіне — 1,03, у сярэднім па Расеі — 0,77 эўрацэнта. У Эўропе самы дарагі 95-ты бэнзін у Турэччыне і Нарвэгіі — амаль 2 эўра. Самы танны — у Азэрбайджане: 0,58 эўрацэнта за літар. Але істотна адрозьніваюцца і сярэднія заробкі ва ўсіх гэтых краінах. Калі пад канец 2012 году ўлады Беларусі адрапартавалі пра фактычнае дасягненьне па заробку рубяжу ў 500 даляраў, то ў Польшчы сярэдні заробак складае 1150 даляраў, у Латвіі — 900, у Літве — 800, у Расеі гэтая лічба набліжаецца да 1000 даляраў.