Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стоп-бэнзін»: «Барацьба за лякальныя мэты — безвыніковая»


З 3 кастрычніка ў Беларусі падаражэла паліва для аўтамабіляў: канцэрн «Белнафтахім» усталяваў кошт бэнзіну «Нармаль-80» у памеры 6750 рублёў, бэнзіну АІ-92 — 6950, АІ-95 — 7500, дызпаліва — у памеры 7650 рублёў за літар.

Летась падвышэньне коштаў паліва суправаджалася акцыямі пратэсту аўтамабілістаў. Акцыі былі арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі і праходзілі ў розных гарадах краіны пад назваю «Стоп-бэнзін».

Шэраг іх удзельнікаў атрымалі адміністрацыйныя пакараньні, а арганізатары зазналі ціск спэцслужбаў. Паступова пратэсты аўтамабілістаў рабіліся ўсё менш актыўнымі і неўзабаве перапыніліся цалкам. Пра тое, чаму гэтак сталася, сваё меркаваньне выказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
«Пратэсты, зьвязаныя з падаражэньнем бэнзіну, абсалютна не былі стыхійнымі, як іх малявала ў тым ліку і незалежная прэса. Яны кардынальным чынам адрозьніваліся ад „маўклівых“ акцыяў пратэсту тым, што загадзя былі падрыхтаваныя, і цягам некалькіх год ініцыятыва аўтамабілістаў аформілася пад кіраўніцтвам спадара Шаркова і працавала ў гэтай сфэры. А ў той момант, калі адначасна супалі і эканамічны крызіс, і рэзкае падаражэньне паліва — адразу на шмат адсоткаў, і наяўнасьць у грамадзтве вялікага кола незадаволеных вынікам прэзыдэнцкіх выбараў — вось гэтае спалучэньне некалькіх фактараў паўплывала на тое, што ў той час, у той момант пратэсты сапраўды былі вялікія і масавыя. Зараз, наколькі мне вядома, тая няўрадавая арганізацыя ня робіць стаўку на вулічныя пратэсты — адпаведна, іх і няма. Да таго ж рэзкага падаражэньня паліва няма, ёсьць падаражэньне паступовае. Таму пратэстныя настроі, яны ўсё ж такі „размазваюцца“ ў часе і прасторы».

Меркаваньне аналітыка Ўладзімера Мацкевіча:

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
«Усе грамадзкія ініцыятывы зводзяцца на нішто, калі яны безвыніковыя, ня маюць посьпехаў і не вядуць да мэтаў. Зразумела, што ў гэтай сытуацыі барацьба за лякальныя невялічкія мэты за што б хто ні змагаўся — за абарону парку, супраць будаўніцтва тэхнапарку, будаўніцтва АЭС ці супраць падаражэньня бэнзіну — яны заўсёды былі безвыніковымі, бо ламаць неабходна ўсю сыстэму. Хоць мы таксама і разумеем, што кошты на бэнзін у Беларусі ніжэйшыя, чым ва ўсіх нашых суседзяў. Гэтыя кошты трымаюцца, бо ў людзей нізкія даходы, а даходы нізкія, бо эканамічная сыстэма дрэнная і заганная. Таму трэба змагацца, каб Беларусь была больш заможная за суседзяў, а не наадварот. І спачатку ўсё трэба вырашаць зьверху, а затым усе астатнія праблемы разумным чынам. Пакуль мы гэта не зразумеем, уся барацьба за нейкія лякальныя мэты будзе безвыніковай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG