Андросенка: Гэта запалохваньне ЛГБТ-супольнасьці

Сяргей Андросенка

У выходныя ў Менску і Віцебску міліцыя ўчыніла аблавы на клюбы, дзе зьбіраліся прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасьці. Ні міліцыя, ні кіраўніцтва клюбаў ня бачаць у гэтым нічога надзвычайнага.
Кіраўнік праваабарончага праекту «Гей-Беларусь» Cяргей Андросенка апавёў, што 11 студзеня ў клюбе «6А» была звычайная забаўляльная ЛГБТ-вечарынка, прычым не плянавалася праводзіць ніякіх грамадзкіх акцый. Але ў клюб уварваліся міліцыянты і людзі ў цывільным і пачалі ўсіх перапісваць — маўляў, з калёніі ўцёк злачынца, і яго шукаюць. Нават фатаробат паказалі:

«Ім спатрэбілася, каб знайсьці гэтага злачынцу, перапісаць зьвесткі ўсіх наведнікаў вечарыны — а гэта 100 чалавек. Перапісвалі прозьвішча, імя, імя па бацьку, месца працы, прапіску. У мяне пацікавіліся нумарам тэлефона і нават спраўдзілі, ці не схлусіў я. Вядома, усіх гэта вельмі ўразіла. Але ў СМІ мы не зьвярталіся, ці мала што здараецца».

Але на наступны дзень гісторыя паўтарылася ў Віцебску, у клюбе «ХХІ век». Мясцовая філія ЛГБТ-супольнасьці праводзіла «Гішпанскую навагоднюю вечарынку». Міліцыянты хвілін 40 аглядалі ўсіх на ўваходзе, а потым уварваліся ў клюб:

«Выстраілі ўздоўж сьцен — з аднаго боку хлопцаў, з другога — дзяўчат. Да хлопцаў ставіліся больш груба, штурхалі, паводзілі сябе некарэктна. На камэру трэба было казаць месца працы, месца вучобы. У нас заўсёды такая праблема ў рэгіёнах, што людзі хаваюць сваю сэксуальную арыентацыю, ім страшна нават прыйсьці на такія забаўляльныя ЛГБТ-вечары, каб іх раптам ня ўбачылі, не паказвалі ў горадзе пальцам, што ён гей ці лесьбіянка. І гэты эпізод мы разглядаем як акт запалохваньня».
Людзі хаваюць сваю сэксуальную арыентацыю, ім страшна нават прыйсьці на такія забаўляльныя ЛГБТ-вечары, каб іх раптам ня ўбачылі, не паказвалі ў горадзе пальцам, што ён гей ці лесьбіянка

Актывістка Натальля Манькоўская кажа:

«Некалькі чалавек дакладна будуць падаваць скаргі на дзеяньні міліцыянтаў, якія паводзілі сябе дастаткова груба».

І віцебская, і менская міліцыя сьцьвярджаюць, што ў клюбах была звычайная праверка.

Кіраўніцтва абодвух клюбаў распавядае пра тыя падзеі неахвотна. Вось што паведаміў адміністратар сталічнага клюбу «6А»:

«Проста міліцыя часам прыходзіць праверыць, ці ёсьць у клюбах непаўналетнія. Людзей правяралі. Але там жа нікога не забралі. Нікога не знайшлі і сышлі».

Адміністратарка віцебскага клюбу «ХХІ век» кажа:

«Да нас заўсёды ўначы і патрулька, і АМАП заходзяць. Але я не магу сказаць, што быў інцыдэнт. Заходзілі, глядзелі, канфліктаў не было і нічога надзвычайнага не было. І нікога не затрымлівалі».

Сяргея Андросенку рэакцыя кіраўніцтва клюбаў не зьдзівіла:

«Пазыцыя клюбаў у гэтым выпадку зразумелая: клюбы — гэта бізнэс. Супрацоўнікі клюбаў казалі, што, канечне, да іх прыходзяць з праверкамі, правяралі, ці ёсьць непаўналетнія. Але такога, каб здымалі ўсіх на камэру і шыхтавалі да сьценак — такога не было. Канечне, клюбы ня хочуць псаваць адносіны зь мясцовымі ўладамі. Я думаю, калі б гэта ня тычылася грамадзкіх арганізацый, там не было актывістаў так шмат, пра гэта магчыма, і ня стала б вядома».

Сяргеем Андросенкам у панядзелак зацікавіліся праваахоўныя органы:

«Мне зараз распавялі суседзі, што сёньня прыходзіла міліцыянтка, цікавілася, хто жыве ў кватэры, дзе я жыву, хто да мяне прыходзіць».

Сяргей Андросенка распавёў, што два тыдні таму яны ўжо трэці раз падалі дакумэнты на рэгістрацыю Рэспубліканскага моладзевага праваабарончага аб’яднаньня. Рашэньня пакуль няма.