Адныя гоняць, другія развозяць, трэція прадаюць, чацьвёртыя ловяць

Самагонны апарат у лесе

Міліцыя ўзмацніла барацьбу з самагоншчыкамі, рэагуючы на сыгналы грамадзянаў пра схаваныя пункты вырабу самаробнага алькаголю. Ці ўдасца перамагчы трывалую тэндэнцыю на павелічэньне вырабу самагонкі, калі цэны на гарэлку растуць?
Мікалай з раённага цэнтру Петрыкаў на Гомельшчыне на просьбу распавесьці пра выраб у раёне самагонкі асьцярожнічае: «Нічога ня ведаю, паслугамі прадаўцоў самагонкі даўно не карыстаўся». Але падчас размовы аказалася, што добра ўяўляе асаблівасьці мясцовага самагонаварэньня, кошты на гатовую прадукцыю, парадкі ў асяродзьдзі самагоншчыкаў і тое, наколькі прынцыпова зь імі змагаюцца мясцовыя міліцыянты.

«На сто адсоткаў магу пацьвердзіць, я ж ведаю мужыкоў: як толькі даражэе гарэлка, адразу даражэе і самагонка. Нядаўна да аднаго мужыка заяжджаем, ён кажа: хлопцы, ужо паднялася, бралі па новых коштах. Людзі ведаюць, хто гоніць і прадае, ды ідуць да яго, калі трэба. Вядома, бывае, што нехта „заклаў“ суседа. Але ўсё роўна, ёсьць жа сталыя кліенты. Памятаю зь дзяцінства, як у лесе скрозь былі схроны, стаялі апараты, і людзі гналі там самагонку. У нас ля Грынавічаў было тры апараты, было тры гаспадары. Першую бутэльку, пяршак — гэта бярэш сабе. А другую бутэльку аддаеш гаспадару за апаратуру. На гэтым мы ўсе вырасьлі. І змагацца з гэтым — усё роўна як змагацца, каб бабы не нараджалі».

Вясковец ладзіць самагонны апарат


Паводле Мікалая, у Петрыкаўскім раёне ў асноўным гоняць для сябе. А кошты самагонкі на продаж такія: бутэлька жытнёвай самагонкі яшчэ нядаўна ішла за 25 тысяч рублёў, але з таго часу падняліся акцызы, таму зараз можа быць і даражэй. У людзей, занятых гэтым бізнэсам, свая спэцыялізацыя: адны гоняць у «гарачых кропках» у лесе, другія развозяць па вядомых ім адрасах прадаўцоў, іншыя гандлююць. Што да міліцыі, то, як і 50 гадоў таму, мясцовыя ўчастковыя з самагоншчыкамі ваююць больш дзеля справаздачы. «Калі прыйшоў сыгнал, то накрыюць і дадуць штраф, але самі ініцыятыву асабліва не выяўляюць», — мяркуе Мікалай.

Ці будзе пачуты людзьмі заклік міліцыі паведамляць пра самагоншчыкаў?

«О! Свалачэй хапае! Стукаць будуць. Брат на брата, кум на свата стукалі і стукаць будуць», — мяркуе Мікалай.
http://infogr.am/---37742875313774/
Паводле кіраўніка прэсавай службы менскай абласной міліцыі Аляксандра Данільчанкі, на тэлефон гарачай лініі 678-56-10 з паведамленьнямі пра самагоншчыкаў звоняць найперш дзеля таго, каб уратаваць сваякоў і знаёмых, якія апынуліся ў палоне алькагольнай залежнасьці. «Нават ананімныя сыгналы наконт схаваных кропак па выбару самагонкі мы ўважліва правяраем, хоць закон і дазваляе з ананімкамі не працаваць. Апошні сыгнал трапіў да нас якраз сёньня», — паведаміў Аляксандар Данільчанка і распавёў пра апошнія тэндэнцыі ў галіне самагонаварэньня:

«Мы якія захады рабілі? Калі знаходзяць „кропку“ ў лесе, то пакараньне нясе і лясьнік, бо чалавек, які абслугоўвае пэўны кавалак лесу, ня можа ня ведаць, што на ягонай тэрыторыі знаходзіцца стацыянарны міні-завод. Гэта прывяло да таго, што большасьць міні-заводаў зь лясоў сышлі. Зараз часьцей за ўсё знаходзяць нейкія закінутыя хутары ці незаселеныя дамы ў вёсках. Спрабуюць гэта ўсё закансьпіраваць. Загадзя завозяць сыравіну, той жа цукар, а потым за ноч выгналі ўсё — і зноў нікога няма».

Колькі можна набыць харчоў на суму максымальнага штрафу за самагонаварэньне (10 млн. рублёў)http://infogr.am/----------10----0/
Раней гучнай славай самагонных рэгіёнаў карысталіся Валожынскі, Старадароскі раёны. Зараз у іх зьявіліся канкурэнты, якія могуць паспаборнічаць ў аб’ёмах вырабу самагонкі. Нядаўна ў Маладэчанскім раёне выкрылі падпольны міні-завод, у якім знайшлі 1500 літраў брагі і больш за 200 літраў гатовай самагонкі. Да вытворчасьці, якая разьмясьцілася ў былым хляве, быў падведзены газ, каб паскорыць працэс, зьнізіць выдаткі і пазьбегнуць дыму ад дроваў — што звычайна выдае такую вытворчасьць на мясцовасьці. Другі вынаходнік, пра якога распавёў Аляксандар Данільчанка, прыстасаваў для вырабу самагонкі былы вайсковы грузавік «КамАЗ». Мабільнасьць гэтага міні-заводу дазваляла яму доўгі час заставацца няўлоўным для міліцыі. Увогуле за мінулы год самагонкі і брагі канфіскавалі 223 тоны, што больш на 12 тон за паказчык 2011 году. Да адміністрацыйнай адказнасьці толькі на Меншчыне было прыцягнута болей за 2,5 тысячы чалавек, паведаміў Аляксандар Данільчанка.
http://infogr.am/-1201293826_1357824440/
Тым, хто вырабляе самагонку, пагражае адміністрацыйнае пакараньне — звычайна штраф да 10 мільёнаў рублёў. Самагоншчыка, які вырабляў зельле ў лесе, магчыма пакараць штрафам і за шкоду навакольлю. Вядома, губляюць самагоншчыкі і сваё абсталяваньне, якое каштуе немалых грошай. Калі ўдаецца правесьці кантрольны закуп самагонкі, то гандляра можна прыцягваць і да крымінальнай адказнасьці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. За гэта можна трапіць за краты і на 7 гадоў.

Міліцыя выявіла месца, дзе гналі самагон, архіўнае фота


Гарэлка ў Беларусі будзе даражэць, запэўніваюць афіцыйныя крыніцы, а значыць, ахвотных набыць таньнейшы алькаголь ня стане меней. Чым міліцыя адкажа на будучыя вынаходкі самагоншчыкаў?
http://infogr.am/------78412875317/
Кіраўнік прэсавай службы менскай абласной міліцыі Аляксандар Данільчанка запэўніў, што барацьба з самагонаварэньнем «ня зьменшыць абароты», але дадаў, што «калі людзі будуць спадзявацца толькі на міліцыю, гэтага будзе недастаткова».