Царкву прыраўнялі да камэрцыйнай структуры

Праваслаўны сьвятар у Гародні просіць прыхаджан дапамагчы аплаціць камунальныя паслугі за храм.
Гарадзенскія ўлады шматкроць павысілі тарыфы на камунальныя паслугі для рэлігійных установаў, якія раней карысталіся ільготамі — у тым ліку на ваду, электрычнасьць, ацяпленьне.

У дзень Раства Хрыстовага настаяцель Сьвята-Пакроўскага катэдральнага сабора ў Горадні протаярэй Аляксандар Наздрын зьвярнуўся да прыхаджанаў па дапамогу, каб сабраць сродкі на аплату камунальных паслугаў.

Паводле айца Аляксандра, камунальныя паслугі падаражэлі ці ня ў 10 разоў, і ў ацяпляльны пэрыяд аплата за месяц складае каля 10 мільёнаў рублёў.

У царкве, паводле айца Аляксандра, ня могуць зразумець, чаму ўлады прыраўнялі царкву да камэрцыйнай структуры. У гарадзенскіх касьцёлах пацьвердзілі, што тарыфы сёлета значна вырасьлі. Праўда, камэнтароў не далі.

У аб’яднанай бухгальтэрыі абласной жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Гарадзенскага аблвыканкаму «Свабодзе» адмовіліся патлумачыць прычыны падвышэньня тарыфаў, спаслаўшыся на тое, што падрабязная інфармацыя была накіраваная ў Аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага аблвыканкаму. У аблвыканкаме гэтую падзею ня сталі камэнтаваць.