Ці мяняюцца адносіны ўлады і царквы?

Your browser doesn’t support HTML5

У сьвяткаваньні Раства Хрыстовага ў Беларусі звычайна прымаюць удзел вышэйшыя дзяржаўныя асобы. Як ацаніць стаўленьне ўлады да царквы? Чым адрозьніваюцца адносіны дзяржавы і царквы ў Беларусі і ў Расеі? Якая роля царквы і касьцёла ў дзяржаўнай палітыцы?
Удзельнікі: вядомы грамадзкі дзеяч Анатоль Сідарэвіч і каардынатар грамадзкай ініцыятывы «Хрысьціянскі рух» Аляксей Шэін.

Cтаўленьне ўлады да царквы


Валер Карбалевіч: «Звычайна Лукашэнка прыходзіць у царкву два разы на год: на Каляды і на Вялікдзень. Іншым разам ён прыходзіць і ў касьцёл, аднак на гэтае Раство Хрыстова яго там не было. Як ацаніць стаўленьне ўлады да рэлігійных канфэсіяў?»

Анатоль Сідарэвіч: «Да розных канфэсіяў улада ставіцца па-рознаму. У прэамбуле закону аб веравызнаньні ўсе цэрквы пералічаны па ранжыру. Праваслаўная царква мае прэфэрэнцыі. Бо гэта царква большасьці насельніцтва. Хоць каталікі і пратэстанты больш рэлігійныя, часьцей ходзяць у царкву».

Аляксей Шэін: «У беларускай дзяржавы няма рэлігійнай палітыкі. Цяперашні падыход улады да царквы — гэта даніна традыцыі расейскай, савецкай. Ён падобны да ідэалёгіі расейскай імпэрыі, уведзенай царом Мікалаем Першым: самаўладзьдзе, праваслаўе, народнасьць.

Беларускія ўлады разглядаюць праваслаўную царкву як сваё апірышча. Клясыкі паліталёгіі (Гантынгтан) разглядалі хрысьціянскую царкву як складнік грамадзянскай супольнасьці. Але гэтая структура не ініцыяваная дзяржавай і не кантралюецца поўнасьцю дзяржавай».

Сідарэвіч: «Апошнім часам адбылося пацяпленьне адносін паміж беларускімі ўладамі і каталіцкім касьцёлам. Лукашэнка нават заявіў, што Ватыкан павінен выступіць пасярэднікам паміж афіцыйным Менскам і ЭЗ.

Зь іншага боку, касьцёл зрабіў такія крокі, якія не рабіліся ў пэрыяд, калі кіраўніком рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі быў кардынал Казімір Сьвёнтак. Цяперашні кіраўнік беларускага касьцёлу Кандрусевіч зьявіўся на так званым Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе. Ён сядзеў зьлева ад Лукашэнкі. Справа сядзеў мітрапаліт Філарэт. Вось такая сымфонія атрымалася».


Чым адрозьніваюцца адносіны дзяржавы і царквы ў Беларусі і ў Расеі?


Карбалевіч: «Калі параўнаць стаўленьне расейскай дзяржавы да царквы і аналягічнае стаўленьне беларускай дзяржавы — што агульнага, што адрозьніваецца?»

Шэін: «У Расеі праваслаўная царква была ўбудаваная ў дзяржаву яшчэ Пятром Першым. І гэткая сытуацыя застаецца да гэтага часу. І Пуцін карыстаецца тым, што было напрацавана да яго. У Беларусі ж такой традыцыі няма. І на тэрыторыі Беларусі дзейнічае Расейская праваслаўная царква, няхай нават і ў выглядзе Беларускага экзархату. Яна не падпарадкаваная Лукашэнку непасрэдна.

І беларускі касьцёл таксама мае кіроўны цэнтар у Ватыкане. Што тычыцца адносін беларускай дзяржавы і каталіцкай царквы, то я хачу ўдакладніць. Тое пацяпленьне ў адносінах, пра якое кажа сп. Сідарэвіч, было ў 2008–2010 гадах, калі адбывалася размарожваньне адносін паміж афіцыйным Менскам і ЭЗ. У 2009 годзе адбылася важная сустрэча Лукашэнкі зь мітрапалітам Кандрусевічам, было заяўлена пра падпісаньне канкардату. Лукашэнка зьезьдзіў у Ватыкан, сустрэўся з рымскім папам. Цяпер пахаладзелі адносіны паміж Беларусьсю і ЭЗ, і адразу пахаладзелі адносіны паміж беларускімі ўладамі і касьцёлам. Ужо няма гаворкі пра магчымы візыт у Беларусь папы рымскага.

Сідарэвіч: «Калі гаворка ідзе пра стаўленьне ўладаў да іншых праваслаўных аб’яднаньняў, не падпарадкаваных Маскоўскаму патрыярхату, то і ў Расеі, і ў Беларусі адбываецца аднолькавы іх перасьлед.
У стаўленьні да неправаслаўных канфэсіяў палітыка Расеі больш лібэральная, чым Беларусі

Аднак у стаўленьні да неправаслаўных канфэсіяў палітыка Расеі больш лібэральная, чым Беларусі. Вось у Сыбіры ўкраінскія грэка-католікі пабудавалі некалькі храмаў. У Беларусі такое немагчыма. Бо ў Расеі 20% насельніцтва — гэта мусульмане, ёсьць будысты, у некаторых народаў Паволжа захоўваюцца паганскія культы. Гэта вымушае расейскія ўлады ставіцца да іншых канфэсіяў больш талерантна».

Шэін: «Лукашэнка разглядае царкву як адзін з рэсурсаў, інструмэнтаў кантролю над грамадзтвам, захаваньня ўлады. Яму нецікава, як царква выконвае сваю місію служэньня людзям».


Інструмэнтальны падыход


Сідарэвіч: «Я б сказаў, што ў Лукашэнкі інструмэнтальна-сытуацыйны падыход да царквы. Калі б Лукашэнка думаў пра пэрспэктыву, пра кансалідацыю беларускага народа як нацыі, то ён мусіў бы заняць пазыцыю пасярэдніка паміж праваслаўнымі і католікамі. Бо, у адрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны, дзе ўсе цэрквы носяць назву „цэрквы“, у Беларусі рымска-каталіцкая царква носіць польскую назву „касьцёл“. У нас няма агульнай тэрміналёгіі. У адной канфэсіі кажуць „Ісус“, у другой — „Езус“. Ва Ўкраіне гэтага няма».

Карбалевіч: «Але ж Лукашэнка выступаў з прапановай арганізаваць на тэрыторыі Беларусі гістарычную сустрэчу папы рымскага і патрыярха маскоўскага, каб дасягнуць гістарычнага прымірэньня між праваслаўнымі і католікамі».

Сідарэвіч: «Спачатку трэба правесьці прымірэньне паміж праваслаўнымі і католікамі Беларусі, спрыяць таму, каб абедзьве царквы сталі канчаткова беларускімі.

Што тычыцца сустрэчы папы і патрыярха, то гэта няпэўная пэрспэктыва. Кожны раз Масква знаходзіць зачэпку, каб гэтую сустрэчу адкласьці. Зь іншага боку, хоць Расея — самая вялікая праваслаўная краіна, але калі браць вернікаў, якія рэгулярна ходзяць у царкву, то самая вялікая праваслаўная царква — у Румыніі.

Але Ватыкан глядзіць на Расею таксама інструмэнтальна, як на поле для місіі. З гэтага гледзішча Беларусь разглядаецца ім як аванпост. І місіянэрскую функцыю касьцёлу ў Расеі пачынаюць выконваць беларускія ксяндзы, біскуп Клімовіч і інш».