Закрыты суд над экс-намесьнікам кіраўніка МУС. Чаму?

Яўген Полудзень

На 14 студзеня 2013 году прызначаны пачатак працэсу над былым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Яўгенам Полуднем. Судзіць былога міліцыянта будзе вайсковая калегіі Вярхоўнага суду, якая вырашыла, што працэс будзе закрытым.
Яўген Полудзень абвінавачваецца паводле двух артыкулаў — злоўжываньне ўладай і перавышэньне ўлады. Два эпізоды аб’яднаны ў адну справу. Сьледзтва мяркуе, што Полудзень сыстэматычна і працяглы час атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасьці і грашовыя сродкі. Максымальнае пакараньне паводле гэтых артыкулаў — да 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Працэс пройдзе ў вайсковым судзе на вуліцы Рагачоўскай, на тэрыторыі вайсковай часткі. Там жа год таму і гэтак сама ў закрытым рэжыме праходзіў працэс над былым камандуючым ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ігарам Азаронкам.

Чаму суд над экс-намесьнікам кіраўніка МУС будзе закрытым?

Алег Воўчак: «Працэс над Полуднем закрылі, каб не паказаць міліцыянтаў, якія зь ім дзяліліся»

Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронцы Алег Воўчак гэтак пракамэнтаваў тое, што працэс над былым намесьнікам міністра ўнутраных спраў Яўгенам Полуднем зрабілі закрытым.

Алег Воўчак

«Ёсьць закон, які вызначае, калі магчыма закрыць працэс. Гэта па справах аб згвалтаваньні, распутных дзеяньньнях ў дачыненьні да непаўнагадовых, дзяржаўных сакрэтах, і калі ёсьць апэратыўныя сакрэты пра тое, як знаходзяць злачынцаў, што таксама нельга агалошваць. Але ў дадзеным выпадку я ня бачу ніводнай законнай паставы, каб рабіць працэс закрытым. Мяркую, тут хаваюць найперш тыя махінацыі, праз якія магло ісьці незаконнае ўзбагачэньне. Бо пэўна ж, калі ён будзе прызнаны вінаватым, ён не адзіны ўдзельнічаў у гэтых схемах атрыманьня грошай. Нехта зь ім дзяліўся, некаму ён аддаваў частку. Хутчэй за ўсё, сьведкамі ў працэсе будуць дзейныя супрацоўнікі міліцыі, якія будуць сьведчыць супроць яго. І гэта трэба схаваць, не паказаць грамадзянам, што ў нас карупцыяй павязаны ня толькі нейкі старшы лейтэнант — сьледчы, які ўзяў хабар за нешта, але дайшло і да ўзроўню намесьніка міністра. Гэта ж моцны ўдар па рэйтынгу міліцыі, па даверу грамадзян да міліцыі. Калі на такім узроўні бяруць хабар, дык як можна давяраць?!.. Згадваю, як у кастрычніку Лукашэнка даручаў новаму міністру ўнутраных спраў праводзіць мадэрнізацыю міліцыі. Вось у межах гэтай працы было б прынцыповым зрабіць такі працэс адкрытым, паказаць, ад чаго будуць пазбаўляцца. А паколькі закрылі працэс, то недавер да праваахоўных органаў будзе яшчэ большым».