Дзёньнік пісьменьніка: кантрабандны часопіс

Сяргей Астраўцоў

1.

Самая жаданая «кантрабанда» для рэжыму – «друкаваная прадукцыя». Ня важна, што існуюць інтэрнэт, электронная пошта, ня важна, што ХХІ стагодзьдзе. Халодная вайна па-ранейшаму грэе камусьці душу. Ад слоў «друкаваная прадукцыя» на памежжы ў службоўцаў запальваюцца вочы. То адно забяруць і пратакольчык абавязкова падарожнаму, каб трымцеў, то іншае. На кручок падчапіць – вось што важна! Цэнзарскі сьверб, трэба думаць, пачуцьцё моцнае.

Так калісьці і ў суседняй Польшчы было, у мінулай эпосе. Часопіс «Zeszyty literackie» быў кантрабандай, трапляў у Польшчу нелегальна, але даўно выходзіць у Варшаве. Толькі што адзначаны трыццаць гадоў яго існаваньня: на тэатральнай сцэне адбылася імправізаваная рэдакцыйная лятучка. У залі можна было заўважыць вядомых людзей, такіх, як Анджэй Вайда, прысутнічалі ўрадавыя чыноўнікі. А ўся імпрэза праходзіла пад патранатам прэзыдэнта Браніслава Камароўскага. Зважаючы на Беларусь, папросту гарадзкая пастараль.

Якраз я літаральна напярэдадні трапіў на выставу з нагоды гадавіны гэтага часопісу. У Варшаве на Рынку Старога места зайшоў у музэй літаратуры імя Адама Міцкевіча. У мяне запыталіся: ці хачу паглядзець выставу, прысьвечаную Бруна Шульцу? Я кажу: мяне цікавяць «Zeszyty literackie». Добра, гэта ў суседнім памяшканьні. Мы з супрацоўніцай выйшлі на вуліцу, зайшлі ў іншыя дзьверы, яна адамкнула вялікую крату, якая падзяляла залю, адшмаргнула цяжкую шчытную заслону. Дзіўная карціна: падвешаныя да столі «Zeszyty literackie». Папросту за каршэнь. Ніколі такога ня бачыў. Я пацікавіўся: ці можна зрабіць здымкі? Пані задумалася. Я сказаў, што прыехаў з Горадні. Тады яна спрэзэнтавала мне адзін нумар і дазволіла здымаць.

2.

Першы нумар часопісу выйшаў у сьнежні 1982-га ў Парыжы. Вокладка была чорна-белай. Падпісаў да друку Юзаф Чапскі, эмігрант старой хвалі. Я магу сёньня выпіць піва «Граф Чапскі», зваранага ў Менску, за дзесяць тысяч, вельмі нядрэннае. Але піва-півам, а «Zeszyty literackie» часопіс польскі. Пасьля абвяшчэньня ваеннага становішча ў Польшчы, тыя, хто тады знаходзіўся за мяжою або каму ўдалося нейкім чынам пакінуць ПНР, вырашылі інтэлектуальна падтрымаць тых, хто застаўся за жалезнай заслонай. Падмацаваць шырокі дысыдэнцкі рух. Так паўсталі «Zeszyty literackie». Іх заснавала польскае пакаленьне 1968-га.

Адам Міхнік, цяпер галоўны рэдактар «Gazety Wyborczej», тады сядзеў у турме. Сёньня ён вёў рэй на юбілейнай плянёрцы часопісу, эпатажна дыміў тытунём, седзячы збоку рэдакцыйнай рады на сцэне. Вядома, што «Zeszyty literackie», калі пераехалі з Парыжу ў Варшаву напачатку 1990-х, друк і распаўсюд дапамагло наладзіць прадпрыемства «Agora», створанае пры «Gazecie Wyborczej». Гэта – да слова. Выразна памятаю, як вёрстку «Wyborczej», як гнуткую і сучасную, пераняла тады газэта «Свабода».

Інтэлектуальна сваё апірышча стваральнікі часопісу грунтавалі на ідэі, што Польшча – гэта ня Ўсходняя Эўропа разам з СССР, а – Цэнтральная. Чэслаў Мілаш акрэсьліваў яе, як абшар, дзе было распаўсюджанае барока. Томас Венцлава, які ўдзельнічаў у «рэдакцыйнай плянёрцы»: гэта тэрыторыя ад Вільні да Любляны і Сараева на поўдні. Але быў час, калі ён баяўся, каб Вільня не падзяліла лёс Сараева. Аднак пераважыў «вялікі міт аб Сярэдняй Эўропе», як месцы дыялёгу, кажа Венцлава. Мы таксама трапляем у «паміж Вільняй і Сараевым», але замест дыялёгу пакуль суцэльны лямант з тэлевізара.

Сябрам рэдакцыйнай рады «Zeszytow literackich» быў Іосіф Бродзкі, яго не аднойчы ўзгадвалі ў гэты вечар. У «Zeszytach» ёсьць цікавыя ўспаміны аб ім паэтэсы Юліі Хартвіг. Бродзкі адчуваў сябе разьняволена, паводзіўся лагодна, калі быў запрошаны Польскім Пэн-клюбам. Першы ўспамін быў іншым. Літаратурная сустрэча ў ЗША, дзе жыла Юлія Хартвіг. Бродзкі яшчэ ня Нобэлеўскі ляўрэат. Яму задаюць пытаньне па-расейску, і ён раптоўна раздражняецца! У Штатах Бродзкі публічна стараўся не выкарыстоўваць расейскую мову і не любіў, каб да яго зьвярталіся па-расейску. Ён вельмі цаніў сваё амэрыканскае грамадзянства і ўрэшце пачаў пісаць па-ангельску, зазначае Юлія Хартвіг.

Галоўны рэдактар Барбара Таруньчык сёньня кажа: «Zeszyty literackie» рабілі тыя, хто тварыў свабодную польскую культуру, у Парыжы ці ў іншых месцах. Яна лічыла часопіс «каўчэгам свабоды» для аўтараў. Свабода творчасьці для аўтараў была тады вялікай каштоўнасьцю, нагадала яна. Дарэчы, «Zeszyty literackie» – гэта квартальнік, наклад – пяць тысяч.

3.

Накласьці польскія падзеі і рэаліі на беларускія бадай немагчыма, як і наадварот. Я маю на ўвазе перш найноўшую гісторыю. У нас не было «літаратурных сшыткаў» з Парыжу, як, зрэшты, не было й ваеннага становішча, не было «Салідарнасьці». У нас была толькі «Майстроўня» і ня меншая патрэба ў свабодным творчым слове. У інтэлектуальнай падтрымцы таксама. Напэўна ж, асноўнай крыніцай для нас была «Свабода», ніколі не забуду «радыёподпіс» пад матэрыяламі: «гаварыў Язэп Барэйка». Не ўспамінаю пра заакіянскія «Запісы», яшчэ ранейшыя, напрыклад, «Конадні», нумар якіх у мяне ў шуфлядзе. Яны не маглі трапляць нелегальна ў краіну, як траплялі «Zeszyty» – даволі масава. Пазьней нам дапамагалі нашы польскія беларусы, штось трапляла цераз мяжу. Гэта было слова з прысмакам свабоды.

Бадай у нас замест польскага 1981-га быў 1996-ы, зьяўленьне «жалезнай рукі». Яна сьціснула краіну за горла вельмі адчувальна яшчэ раз – два гады таму. Тыя, хто змагаўся, хто трапіў у яжовыя рукавіцы тады – гэта нашае пакаленьне, аналягічнае польскаму 1968 году. У нас са спазьненьнем падзеі адбываюцца.

Што маем мы сёньня? Антыінтэлектуальную ўладу і інтэлектуальны часопіс «Arche», друкаваныя запасы якога арыштаваныя. Які сам апынуўся пад пагрозай. Пад ціскам жорсткіх абставін адбылася замена галоўнага рэдактара. Стваральнік выданьня мусіў пакінуць краіну. Словам, калі глядзець на нашу суседку Польшчу, у нас адбываецца адваротнае, у нас крокі назад. У нас часопіс інтэлектуальны сапраўды за каршэнь падвешаны, зусім не ў пераносным сэнсе. Але я веру: будзе ў Менску ў музэі літаратуры некалі выстава, прысьвечаная «Arche», але за каршэнь павесяць, бадай, папкі зь «дзяламі» спэцслужбаў, якім даюць зоркі на пагонах за змаганьне на інтэлектуальным фронце.

Яжовым рукавіцам не патрэбна інтэлектуальная глыбіня: чым менш інтэлекту ў рэжыма, тым ён трывалейшы, як прусакі, на якіх больш ня дзейнічае ўсякі «дуст». Надзея на тое, што свабодная беларуская культура ствараецца сёньня і пашыраецца ў розных месцах (як у часы польскай «Салідарнасьці»), ачагоў усё больш. Яна засьведчыла сваю жывучасьць. Яжовыя рукавіцы строчаць справаздачы, але спыніць яе ня могуць. Аднак свабода бяз церняў не бывае.

На здымках: музэй літаратуры імя А.Міцкевіча ў Варшаве, выстава з нагоды 30-годзьдзя часопісу «Zeszyty literackie».