У Менску ў Чырвоным касьцёле 23 сьнежня адбудзецца малітва, прысьвечаная памяці каталіцкага сьвятара, грамадзкага дзеяча, заснавальніка хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі Вінцэнта Гадлеўскага.
Імша адбудзецца напярэдадні 70-годзьдзя гібелі сьвятара ў лягеры сьмерці ў Трасьцянцы, дзе яго расстралялі 24 сьнежня 1942 году.
Напярэдадні, 22 сьнежня, у сядзібе партыі БНФ навуковую канфэрэнцыю правядуць заснавальнікі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя з нагоды завяршэньня абвешчанага партыяй году памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. Пра гэта Свабодзе паведаміла каардынатарка БХД Валерыя Чарнаморцава:
«Канфэрэнцыя мае назву „Айцец Вінцэнт Гадлеўскі і лідэры Беларускага хрысьціянскага адраджэньня першай паловы XX стагодзьдзя“. Удзел у канфэрэнцыі прымуць многія вядомыя гісторыкі, а таксама краязнаўцы з рэгіёнаў, дзе жыў і працаваў Вінцэнт Гадлеўскі. Канфэрэнцыя перадусім прысьвечаная гадавіне пакутніцкай сьмерці айца Вінцэнта ў Трасьцянцы. Але ідэя таксама ў тым, каб узгадаць ня толькі яго і Адама Станкевіча, але і іншых прадстаўнікоў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, хрысьціянаў, якія ўдзельнічалі ў беларускім Адраджэнні ў першай палове XX стагодзьдзя».