Аляксей Кароль: Па ўсіх стандартах рэжым у Расеі аўтарытарны

Уладзімер Пуцін 20 сьнежня правёў восьмую прэсавую канфэрэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Расеі.

Сярод іншага, ён выступіў з падтрымкай ухваленага ўчора Дзярждумай «анты-магніцкага закону», а таксама выказаў сваю нязгоду з заявамі аб тым, што ён стварыў у Расеі аўтарытарны рэжым.

Прэсавая канфэрэнцыя Уладзімера Пуціна доўжылася 4 з паловай гадзіны. Беларусь за гэты час прэзыдэнт Расеі ўскосна згадаў толькі 1 раз, калі гаварыў пра эфэктыўнасьць працы Мытнага саюзу. Пуцін, у прыватнасьці заявіў, што рост таваразвароту з краінамі Мытнага саюзу склаў 10 працэнтаў, і што тут добрая структура ў гандлі — 20 працэнтаў складаюць машыны і абсталяваньне, а зь іншымі краінамі — толькі каля 2 працэнтаў.

Некалькі разоў цягам канфэрэнцыі журналісты задавалі Пуціну пытаньні пра справу загінулага ў турме расейскага юрыста Магніцкага, амэрыканскі акт ягонага імя, які ўводзіць санкцыі да расейскіх чыноўнікаў, вінаватых у ягонай сьмерці і ў парушэньні правоў чалавека, а таксама пра «антымагніцкі закон», ухвалены ўчора Дзярждумай, які забараняе амэрыканцам ўсынаўляць расейскіх сірот. Пуцін адказаў, што цалкам падтрымаў Дзярждуму:

«Пытаньне зусім не ў Магніцкім, а ў тым, што амэрыканскія заканадаўцы, пазбавіўшыся ад аднаго антырасейскага і антысавецкага акту Джэксана-Вэніка, палічылі неабходным прыняць тут жа другі антырасейскі акт. Мы ўспрынялі гэта так, што амэрыканскі заканадаўца вырашыў нам паказаць, хто тут гаспадар. Не было б Магніцкага, знайшлі б іншую нагоду».

Аляксандар Класкоўскі

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што Пуцін тут дэманструе паказную цьвёрдасьць:

«Гэта пункцік усіх аўтарытарных рэжымаў, што ніхто не зможа нас нахіліць, калі казаць словамі Лукашэнкі. Такі адказ Амэрыцы — гэта, хутчэй, такі рытуальны піяраўскі крок».

Насамрэч, Расея не зацікаўленая ў пагаршэньні адносінаў з ЗША, у яе ёсьць іншыя задачы, мяркуе спадар Класкоўскі. Абвастрэньня адносін з ЗША ў Масквы ня будзе:

«І калі ў Менску спадзяюцца, што пачнецца новая халодная вайна і на гэтым можна будзе пагрэць рукі, то дарэмна».

Аляксей Кароль

Палітоляг Аляксей Кароль назваў прыкрым, што Масква адказвае на закон Магніцкага, спэкулюючы лёсамі дзяцей-сірот. Такі адказ найперш б’е па рэпутацыі Расеі і яе дачыненьнях з ЗША:

«Расейска-амэрыканскія адносіны на гэтым этапе пагоршацца. За гэтым я яшчэ бачу і праяву імпэрскай тэндэнцыі ў Расеі, што яна мусіць адказаць моцна, як вялікая дзяржава».

Уладзімер Пуцін таксама выказаў нязгоду з заявай, што ён стварыў у Расеі аўтарытарны рэжым:

Журналіст: «За 12 гадоў вы пабудавалі даволі жорсткі і дзесьці нават аўтарытарны рэжым асабістай улады. Думаеце гэтая сыстэма жыцяздольная ў новым стагодзьдзі?

Пуцін: «Лічу, што мы забясьпечылі стабільнасьць выключна як абавязковую ўмову для разьвіцьця. Але назваць гэтую сыстэму аўтарытарнай не магу. І самым яркім доказам гэтаму маё рашэньне пайсьці на другія пазыцыі пасьля двух тэрмінаў прэзыдэнцтва».
Па ўсіх стандартах рэжым у Расеі аўтарытарны з імпэрскай падкладкай

Палітоляг Аляксей Кароль у сувязі з гэтым згадвае, што і ў СССР называлі сябе дэмакратычнай дзяржавай:

«На справе ў Пуціна сапраўды ёсьць памкненьне, у многім рэалізаванае, —стварыць аўтарытарны рэжым. Аб гэтым сьведчаць усе апошнія дзеяньні: разгон акцый, арышты і суды за тыя дзеяньні, якія ва ўсім сьвеце дазваляюцца. Па ўсіх стандартах рэжым у Расеі аўтарытарны з імпэрскай падкладкай».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што пуцінскі рэжым праходзіць такую ж эвалюцыю, як і беларускі рэжым:

«Пасьля таго як Пуцін пераабраўся, ён таксама пачаў мэтадычна зачышчаць палітычнае поле: узьнікла справа аб беспарадках, ідзе пэрсанальны ціск на лідараў пратэсту, супраць іх заводзяць крымінальныя справы, ператрусы. Усё гэта вельмі нагадвае беларускія рэаліі».