213800, Бабруйск, вуліца Сікорскага, 1, ПК-2, атрад 14.
Добры дзень, Алесь!
У першы дзень сьнежня ў мяне ўпершыню зацьвіла новая кветка. Яна такая зімовая, мая суседка называе яе «дзекабрыстам», а сябар па Фэйсбуку неяк патлумачыў, што па-беларуску яе правільна называць «каляднікам», бо зацьвітае перад Калядамі.
Я атрымаў гэтую кветку летась, роўна праз год пасьля сьнежаньскіх пратэстаў 2010-га ў Менску, і пасадзіў яе ў гонар нашых «дзекабрыстаў», вязьняў Плошчы. Той маленькі адростак у мяне ўжо ўзьняўся і разгалінаваўся, упершыню расьцьвіў. За гэты час некаторых нашых «дзекабрыстаў» адпусьцілі паводле рашэньня аб памілаваньні, а некаторыя ўсё яшчэ сядзяць, як Мікола Статкевіч. Да «дзекабрыстаў» далучыўся і ты, бо сам ты быў на Плошчы і бараніў вязьняў Плошчы. А цяпер, таксама як і яны, зноў сустракаеш Каляды за кратамі. Мікола Статкевіч ужо трэція запар, ты — другія.
«Ад нас» віншаваньне Міколе ў турму напісала мая жонка, якая зь ім перапісваецца, я ж пішу табе. За гэты год я ўжо прывык даставаць са скрыні твае лісты з бабруйскай «ІК-2», з 14-га атраду. Апошні ліст, які атрымаў — той, у якім ты пішаш, што адчуваеш сябе ўжо не навічком, што склад атраду значна зьмяніўся, некаторыя «зэкі» выйшлі на волю па амністыі, якая не зачапіла палітвязьняў, некаторыя дачакаліся «званка». Як бы хацелася, каб табе не давялося чакаць свайго званка, каб ты хутчэй вярнуўся на волю. Гэта хіба і ёсьць маё першае пажаданьне табе на Каляды!
Ведаю, наколькі сумныя ў цябе былі Каляды летась, калі акурат на сьвята памёр твой бацька, разьвітацца да якога яшчэ да ягонай сьмерці цябе так і не адпусьцілі, і толькі ў дзень пахаваньня на некалькі хвілін далі магчымасьць пабыць ля ягонай труны ў менскім моргу. Сёлетнія Каляды ў цябе таксама сумныя, і таму, што ты далёка ад сям’і, і таму, што спаўняецца гадавіна па бацьку, і ты ня можаш пакласьці кветкі на ягоную магілу, як ня можаш пакласьці кветкі і на магілу твайго «духоўнага настаўніка» Вацлава Гаўла, гадавіну сьмерці якога адзначылі за тыдзень перад Калядамі, 18 сьнежня.
Другое маё пажаданьне — каб ты хутчэй змог гэта зрабіць. Думаю, што ў любым выпадку ў цябе такая магчымасьць будзе. У адрозьненьне ад тых «палітычных», якія выратаваліся ад турмы, папрасіўшы прытулку за мяжою, і калі тут іх бацькі паміралі, не змаглі прыехаць на пахаваньне…
З 1996 года, калі ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, у лідараў апазыцыі зьявіўся такі сумны і несправядлівы выбар — турма на радзіме альбо воля чужыне. Ты меў магчымасьць зьехаць у Вільню ці Варшаву, але мужна абраў турму на радзіме. І я так зразумеў, што і цяпер не шкадуеш з гэтай нагоды. Мяркую з цытаты з твайго ліста, якую апублікавала ў Фэйсбуку Тацяна Равяка:
«У чым я ўпэўнены і чаму я рады, дык гэта таму, што я — удома, а ня дзесьці матаюся. І яшчэ рады, што Саюз разваліўся і зараз няма ні Сібіры, ні Мардовіі, ні Калымы. А тут усё — свойскае: і прырода, і птушкі, і сонца, і лісты ад родных і знаёмых хутка даходзяць. Пару дзён — і я ўжо чытаю».
Твае лісты з турмы сапраўды нейкія аптымістычныя, часам мне падаецца, што мы тут на волі столькі аптымізму ня маем. У гэтым твая пазыцыя і твой характар. Наступнае маё пажаданьне — каб там, пад бабруйскім небам, у няволі, табе не забракавала гэтага. І каб не забракавала здароўя. Бо калі прыйдзеш на волю — тут табе будзе шмат працы, па якой ты засумаваў.
Ведаеш, ніколі табе не пісаў, але цяпер хачу прызнацца, што часам вельмі цяжка пісаць табе лісты ў турму. Бо пішаш, як праз прызму: па-першае, ведаеш, што гэта будзе чытаць цэнзар, а па-другое, разумееш, што многія нашы клопаты тут, на волі, бачацца зусім іначай з турмы, выглядаюць не такімі ўжо і важнымі, а ўсе спрэчкі — марнымі.
Ня ведаю, ці атрымаў мой падарунак — сыгнальны экзэмпляр маёй кнігі «Справа Бяляцкага», якая хутка выйдзе ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», які я паслаў табе па пошце, і спадзяюся, што турэмная адміністрацыя дасьць табе яе хоць бы патрымаць у руках, а лепей прачытаць, бо твая «рэцэнзія» мне будзе самай важнай.
Не выключаю, што ты там можаш знайсьці памылкі, таму загадзя прашу за іх выбачэньня. На жаль, ты ня змог прачытаць рукапіс перад друкам. Яшчэ адчуваю няёмкасьць перад табою за тое, што так шчыльна «ўлазіў» у тваё жыцьцё, даведваўся часам і нейкія твае прыватныя рэчы, цягам году рыхтуючы гэтую кнігу. Але рабіў гэта я ня з кепскімі намерамі. Увогуле ў нас рэдка пішуць кнігі пра жывых герояў, хіба што пра Лукашэнку напісалі колькі кніг, і вось — пра цябе.
За час працы над кнігай я пасябраваў з тваімі роднымі і тваімі сябрамі ды калегамі-вясноўцамі, а таксама былымі дэпутатамі Менскага гарсавету, якія шмат апавядалі мне, якое цікавае і актыўнае ў цябе было жыцьцё на волі, як шмат ты зрабіў, і калі быў дырэктарам музэю Багдановіча, ствараў музэйныя экспазыцыі, і калі быў дэпутатам гарсавету, дзе выступаў з рознымі ініцыятывамі, у тым ліку ўносіў у залю гарсавету наш нацыянальны сьцяг, ініцыяваў разам зь іншымі перайменаваньне ў Менску вуліц, і як ты езьдзіў са складанымі праваабарончымі місіямі на Кубу і Казахстан ад імя Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека… Шчыра кажучы, хоць я і так шмат пра цябе ведаў як актыўны журналіст, але ўсё ж знайшоў шмат новага, чым і падзяліўся з чытачамі.
Магчыма, некаторыя рэчы апісаў ня так, як гэта бачыў ты, як гэта было аб’ектыўна, аднаўляючы нейкія моманты, і сьвежыя, і даўнія па часе, сутыкнуўся з тым, што розныя людзі па-рознаму запомнілі гэтыя падзеі, глядзелі на іх з розных ракурсаў. Так што мне прыйшлося праходзіць цэлую навуку рэстаўрацыі падзей, і ня думаю, што заўсёды гэта атрымлівалася бездакорна.
Агулам жа, пішучы «Справу Бяляцкага», я ставіў перад сабою задачу адлюстраваць тры рэчы: несправядлівы характар твайго крымінальнага перасьледу, ролю праваабаронцаў у нашых умовах і час, у які мы з табою жывем. Хацеў бы пачуць ад цябе ацэнку, наколькі мне ўдалося выканаць гэтыя задачы. Ведаю, што некаторыя разьдзелы кнігі ты змог пачытаць у «Народнай волі», якая іх друкавала, але хочацца, каб ты пачытаў кнігу цалкам.
І зрабіў гэта на волі! Гэта галоўнае маё пажаданьне табе на Каляды і Новы год, як і ўсім палітвязьням,— сустрэць сьвята на волі і ў вольнай Беларусі!
Да сустрэчы!
Валер

У чым я ўпэўнены і чаму я рады, дык гэта таму, што я — удома, а ня дзесьці матаюся