Зьміцер Бартосік навучыць школьнікаў дэклямаваць байкі Крапівы

Вокладка дыску

Выйшаў дыск са «школьнымі» вершамі, запісаны галасамі знаных дзеяўчоў беларускай культуры. Зінаіда Бандарэнка, Зьміцер Барстосік, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш і іншыя прачыталі для вучняў творы, якія ўваходзяць у школьную праграму. Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі зачыталі вершы ўласнага аўтарства. Лявон Вольскі — вершы свайго бацькі Артура Вольскага. У выпуску аўдыё-выданьня таксама бралі ўдзел: Вольга Кашэвіч (фартэп’яна), Валер Бяляеў (гукарэжысэр), Ларыса Арлова (дызайн).

Ідэя прыйшла ў галаву кампазытарцы і выканаўцы Тацьцяне Матафонавай. Ідэя, як яна сама кажа, проста ад жыцьця:

Тацьцяна Матафонава

«Мы з сынам Адасём аднойчы некуды спазьняліся-сьпяшаліся. І раптам ён мне кажа: „Мама, а я вершык не вывучыў, мне на заўтра“. Я хуценька гэты вершык на дыктафон запісала, і мы па дарозе яго слухалі, так і вывучылі. І ў мяне такая ідэя зьявілася — хай бы прафэсіяналы начыталі для ўсіх дзетак».

«Так хочацца, — кажа Тацьцяна, — каб нашыя дзеці атрымлівалі «дзясяткі», асабліва па беларускай літаратуры! Адась пачуе верш, які на дыску запісаны, і кажа: «Ой, а я гэты верш вучыў. А па гэтым вершы я дзясятку атрымліваў!»

Разам на дыску сабраныя каля 80 вершаў. Апроч таго — песьні на вершы беларускіх аўтараў у выкананьні Тацьцяны і Адася Матафонавых і Тацьцяны Беланогай. Паэт Генадзь Бураўкін кажа, што ягоных вершаў у школьнай праграме беларускай літаратуры год ад году не большае, а меншае. Ініцыятыву Тацьцяны Матафонавай ацэньвае выключна пазытыўна, а на пытаньне Радыё Свабода «чаму такога ня робіць Міністэрства адукацыі», адказвае:

Генадзь Бураўкін

«Вось і я такім пытаньнем ужо шмат гадоў задаюся!

На жаль, нашая дзяржава, складаючы праграмы, ня надта турбуецца пра тое, каб пазнаёміць дзяцей зь беларускай літаратурай. А наадварот, калі пачынаецца скарачэньне, то яно пачынаецца з гадзінаў беларускай літаратуры і мовы. Думаю, што гэта нейкім чынам — сьвядома ці несьсвядома — зьвязана зь дзяржаўнай палітыкай, далёкай ад патрэб беларускага грамадзтва. Больш нават замежнай мове ўвагі, чым нашай роднай. Любую справу, якая служыць прапагандзе роднага слова, роднай літаратуры, я гатовы падтрымаць».

Генадзь Бураўкін кажа, што ў школы яго па-ранейшаму запрашаюць: «І настаўніцы, і школьнікі вельмі адгукаюцца. У мяне нават уражаньне, што ім не хапае такога дыска-знаёмства зь беларускай літаратурай, ім не хапае добрага гучаньня беларускага слова. І гэтыя сустрэчы для мяне заўсёды пакідаюць вельмі прыемны сьлед у душы. Бо я пераконваюся, што беларусы ледзь ня хочуць самі адмовіцца ад сваёй мовы, ад свайго скарбу духоўнага. У мяне ўражаньне, што не хапае школьнікам далучэньня да нашай літаратуры.»

Прэзэнтацыя — 19 сьнежня а 19-й гадзіне ў кнігарні «Логвінаў» (Незалежнасці, 37а).