У Сьвіслачы працягваюцца суды за ўшанаваньне памяці паўстанцаў

Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году сёлета ў Сьвіслачы

На 20 сьнежня позву ў Сьвіслацкі раённы суд атрымала гарадзенка Ірына Данілоўская.
На яе склалі рапарт, паводле якога яна брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 27 кастрычніка. У гэты дзень актывісты з многіх гарадоў традыцыйна ўшаноўвалі ў Сьвіслачы памяць паўстанцаў Каліноўскага.

Даніловіч сказала Свабодзе, што на традыцыйным ушанаваньні памяці паўстанцаў яна прысутнічала пяты раз, але ніколі ўлады не адважваліся на тое, каб судзіць людзей за ўскладаньне кветак да магілаў продкаў, якія загінулі за нашу волю.

Паводле Данілоўскай, людзі ўсклалі кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведалі радзіму Каліноўскіх — сядзібу Якушоўка. Ніякіх незаконных акцый ніхто не праводзіў.

Аднак у той дзень міліцыянты затрымалі ў Сьвіслачы чатырох маладзёнаў. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. Пазьней усіх асудзілі: Станіславу Гусакову зь Віцебску і Алеся Крата зь Менску, Вітольда Ашурка зь Бярозаўкі да 3 сутак арышту. Гарадзенца Віталя Лопасава аштрафавалі на 3 мільёны рублёў.

Яшчэ амаль празь месяц асудзілі да штрафаў мясцовых актывістаў зь Сьвіслачы Віктара Дзясяціка, Анатоля Валюка і Юр’я Глебіка, а таксама актывіста зь Бярозаўкі Сяргея Трафімчыка. Пратаколы склалі таксама на гарадзенскіх актывістаў Алеся Кіркевіча і Вадзіма Саранчукова.