Людміла Мірзаянава. Хвалі салідарнасьці

Людміла Мірзаянава

Першы досьвед супольнага перажываньня падзеяў 19 сьнежня 2010 году я атрымала на Сахаліне. Адразу пасьля падзеяў на Плошчы хваля людзкой салідарнасьці літаральна заліла нашу сям’ю, запусьціўшы мэханізмы пераадольваньня шоку.

У ноч з 19 на 20 сьнежня наша паштовая скрынка была перапоўненая. Першымі на падзеі адгукнуліся сынавы сябры і аднакурсьнікі. Іхнія паведамленьні былі прасякнутыя верай у праўду тых, хто выйшаў на Плошчу, і суперажываньнем. Гэтых юнакоў і дзяўчат я неўзабаве назаву камандай падтрымкі Фёдара, а крыху пазьней — «цімураўцамі». Лютаўскімі вечарамі яны стануць прыходзіць у апусьцелую сынаву кватэру з кветкамі і цукеркамі, а ўвесну і ўлетку — з рэальнай дапамогай: перадачы ў СІЗА, ліставаньне, наведваньне судовых паседжаньняў. Але нішто так не зьяднае мяне са студэнтамі, як супольныя інфармацыйныя перажываньні падзеяў на Плошчы і падчас суду.

На другой хвалі салідарнасьці прыйдзе падтрымка ад выкладчыкаў і студэнтаў Сахалінскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама калегаў мужа па кампаніі «Сахалінэнэрджы». Абураныя самавольствам беларускіх уладаў, мае расейскія калегі па катэдры пэдагогікі і псыхалёгіі падпішуць зварот на імя прэзыдэнта з заклікам вызваліць Фёдара. А калега-расіянка, праводзячы мяне напрыканцы сьнежня 2010 году на вакзале, пракрычыць усьлед цягніку, які адыходзіў у Менск: «Мы ганарымся Фёдарам!» Дзясяткі подпісаў у падтрымку сына зьбяруць выкладчыкі вышэйшых навучальных установаў Масквы, Уфы, Менску, Берасьця, Баранавічаў. Сярод іх — навукоўцы з усясьветнымі імёнамі, кіраўнікі ўстановаў і структурных падразьдзяленьняў ВНУ. Нехта зь іх стане актыўным удзельнікам летніх пікетаў у падтрымку палітзьняволеных, якія праходзілі каля аддзяленьня беларускага пасольства ў Уфе, нехта — калектыўных малітваў пад Чырвоным касьцёлам у Менску.

Пікет у падтрымку Фёдара Мірзаянава ў Уфе, ліпень 2011-га


Трэцяя хваля салідарнасьці прыйдзе ад расейскіх палітыкаў Барыса Нямцова і Гары Каспарава, музыканта Юрыя Шаўчука і мастака-карыкатурыста Андрэя Більжо. Іхнія подпісы пад зваротам да міністра замежных спраў Расеі ў падтрымку сына дапамогуць вырашыць пытаньне аб прысутнасьці на судзе назіральнікаў, якія прадстаўлялі інтарэсы Фёдаравага бацькі. Паштоўкі Андрэя Більжо ў падтрымку беларускіх палітвязьняў, «сумныя ад таго, што людзі ў турме, і сьмешныя ад ідыятызму рэжыму» (так пісаў пра іх малады актывіст Андрэй Кім, арганізатар праекту «Адпраў паштоўку палітвязьню»), стануць «паштовай зброяй» у барацьбе з дыктатурай. На хвалі салідарнасьці будзе створаны сайт UZNIKILUKI — эфэктыўная форма падтрымкі расейцаў, затрыманых за ўдзел у акцыі на Плошчы, а затым і беларускіх палітзьняволеных. Арганізатарам сайту выступіць Аб’яднаны расейскі дэмакратычны рух «Салідарнасьць». Старшыня Моладзевага камітэту маскоўскай «Салідарнасьці» Анастасія Рыбачэнка правядзе некалькі пікетаў у Маскве ў падтрымку беларускіх палітвязьняў, дапаможа арганізаваць і наш першы пікет у Башкартастане ў падтрымку сына. Як выявіцца, гэтая зусім яшчэ юная дзяўчына добра валодае тактыкай барацьбы з аўтарытарным рэжымам.

Чацьвёртая хваля салідарнасьці набудзе міжнародны характар. Яе праявы —прыняцьце санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, стварэньне магчымасьцяў для беларускай моладзі, якая пацярпела ад рэпрэсіяў, атрымліваць вышэйшую адукацыю ў эўрапейскіх унівэрсытэтах, акцыі падтрымкі. Яны пройдуць па ўсім сьвеце: пікеты, канцэрты, выставы, прэзэнтацыі кніг, прэм’еры фільмаў і спэктакляў. Унікальнай формай змаганьня з самавольствам беларускіх уладаў стане Беларускі свабодны тэатар пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна, які пакінуў краіну пасьля падзеяў 19 сьнежня і атайбаваўся за мяжой. У міжнароднай салідарнасьці будзе чалавечы твар: швэдзкі пасол Стэфан Эрыксан са сьлязьмі на вачах пасьля прысудаў за Плошчу. Безуважнасьць прадстаўніка расейскага пасольства, які дэманстратыўна затыкае вушы, абы ня чуць людзей, якія скандуюць «Свабоду! Свабоду!», мяне проста ўразіць.

Фёдар Мірзаянаў у судзе, травень 2011-га

Хваля беларускай салідарнасьці расшырыць кола маіх кантактаў. У яго ўвойдуць палітыкі і журналісты, адвакаты і праваабаронцы, беларускія пісьменьнікі і паэты, маладыя актывісты, блізкія і сваякі палітвязьняў. З гэтымі людзьмі я перажыву цяжкія выпрабаваньні. Яны стануць мне надзвычай блізкімі. Як трапна заўважыў Бэрнард Вэрбэр, такія людзі робяцца нават бліжэйшымі, чым тыя, хто падзяліў з табой толькі хвіліны шчасьця. Азіраючыся назад, я бачу, што людзей, якія салідарызаваліся з маёй сям’ёй, было вельмі шмат. Так шмат, што ўсіх не пералічыць. Сярод іх палітыкі Анатоль Лябедзька і Ўладзімір Някляеў, праваабаронцы Алег Воўчак і Раіса Міхайлоўская, пісьменьнік Уладзімір Арлоў і паэт Сяргей Законьнікаў, журналісты Сьвятлана Калінкіна і Алесь Тамковіч, Ірына Коктыш і Тацяна Шапуцька, кіраўнікі апазыцыйных сайтаў Павал Шарамет, Натальля Радзіна і Аляксандар Старыкевіч, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, журналісты Радыё Свабода Валер Каліноўскі, Алег Грузьдзіловіч і Алена Струвэ, журналісты БелСату, рэжысэры Юры Хашчавацкі і Вольга Мікалайчык, Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла, лідэр групы «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок, мастак Алесь Пушкін і многія, многія іншыя…

Рэальнай сілай, якая згуртуе людзей у змаганьні з рэжымам, выступіць Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць». Сябры Камітэту арганізуюць сустрэчы сваякоў палітзьняволеных, зьместам якіх стануць мэдычныя і юрыдычныя кансультацыі, публічныя рэфлексіі бацькоў былых палітвязьняў. У ходзе гутаркі досьвед дзьвюх жанчын імгненна рабіўся досьведам дзесяцёх. Пашыраліся кантакты людзей. Дзякуючы такім незабыўным сустрэчам гуртавалася кола мацярок палітвязьняў: Марыны Лобавай і Алены Ліхавід, Алы Ўладзіміраўны Саньнікавай і Галіны Васільеўны Сіўчык, Клаўдзіі Буланавай і Валянціны Аліневіч, Тацяны Кім і Тацяны Севярынец. Я перажыву найвялікшую асалоду ад сустрэч зь людзьмі высокай культуры: бацькамі Ірыны Халіп, Аляксандра Атрошчанкава, жонкамі экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Марынай Адамовіч, Міланай Міхалевіч і Вольгай Някляевай.

Маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава разам зь яго аднакурсьнікамі ў залі суду, травень 2011-га


Месцам чыннай падтрымкі сем’ям палітвязьняў стане офіс праваабарончага цэнтру «Вясна». У ім заўжды будзе шматлюдна. Людзі будуць зьвяртацца сюды па адвакацкую падтрымку, матэрыяльную дапамогу, па кансультацыі, як паводзіць сябе ў сытуацыях арышту, затрыманьня, суду. Тут народзяцца творчыя праекты: кнігі і альбомы пра палітвязьняў і праваабаронцаў. Самаадданасьць і высокі прафэсіяналізм людзей, якія працуюць у цэнтры, будзе проста ўражваць. Пройдзе час, на фасадзе будынка ў знак вялікай ролі «Вясны» ў змаганьні за правы беларусаў усталююць памятную таблічку, а памяць пра кіраўніка цэнтру Алеся Бяляцкага ўвекавечаць у назьве вуліцы.

Менавіта ў нетрах «Салідарнасьці» і «Вясны» змацуецца жаночая салідарнасьць — аб’яднаньне мацярок і дачок палітвязьняў як «стоп» спакою ўлады. Наша салідарнасьць будзе выбудаваная на простых рэчах: палітыка, размовы пра СІЗА і ПК, спатканьні і перадачы, ліставаньне і суды, штодзённыя калектыўныя малітвы, удзел у мерапрыемствах у падтрымку палітвязьняў. У жаночай салідарнасьці будзе і сіла, і псыхатэрапэўтычны эфэкт. У гэтым я змагу пераканацца, калі атрымаю неспадзяваную падтрымку ад Ірыны Красоўскай, жонкі грамадзкага дзеяча і актыўнага апанэнта рэжыму Лукашэнкі Анатоля Красоўскага, выкрадзенага невядомымі ў 1999 годзе. Ліставаньне з гэтай жанчынай стане для мяне магутным каталізатарам унутраных зьменаў. Яе ўстаноўкі «ганарыцца сынам», «быць рэалісткай», «толькі цярплівасьць і воля», «супрацоўніцтва зь «Вясной», «сувязь з камітэтам «Вызваленьне», «сувязь з журналістамі» раптоўна мадыфікуюць маю асабовасьць. На наступны дзень пасьля атрыманьня ліста я стану ўдзельніцай акцыі пратэсту ў падтрымку палітвязьняў: з запаленай лямпадкай у бел-чырвона-белым шаліку я прайду ад Нямігі да Чырвонага касьцёла разам зь іншымі маці палітвязьняў. А ўвечары сяду пісаць свой першы артыкул пра сына.

На хвалі салідарнасьці я ўвайду ў апазыцыйнае асяродзьдзе. Уключуся ў дзейнасьць камітэту «Вызваленьне», які аб’яднае мацярок і жонак палітвязьняў (кіраўніца — Вольга Бандарэнка), аб’яднаньня «За волю» (кіраўніца — Ганна Шапуцька), а ўлетку 2012 году ўступлю ў шэрагі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра якой — і мой сын Фёдар. Гэта будзе сустрэча зь іншымі і з сабой — іншай.

У аб’яднаньні супраць дыктатуры мне бачыцца вялізарны сэнс. Толькі аб’яднаўшыся, можна выстаяць, падтрымаць сваіх блізкіх, якія апынуліся за кратамі, дамагчыся іх вызваленьня і працягнуць барацьбу за дэмакратычную Беларусь.

Людміла Мірзаянава — маці вязьня Плошчы студэнта БДЭУ Фёдара Мірзаянава, кандыдат псыхалягічных навук, дацэнт філіялу Далёкаўсходняга Фэдэральнага ўнівэрсытэту ў г. Паўднёва-Сахалінску.

Фёдар Мірзаянаў быў асуджаны за ўдзел у Плошчы на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму і адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 у Івацэвіцкім раёне. 14 верасьня 2011 году Фёдар Мірзаянаў быў адпушчаны на волю паводле ўказу Лукашэнкі. Цяпер ён вучыцца ў Польшчы па праграме Каліноўскага.